ВіКТОРЫі МАРШАЛА САКАЛОўСКАГА
У невялікім скверы на адзінай у Гродне пешаходнай вуліцы Савецкай устаноўлены сціплы помнік Герою Савецкага Саюза маршалу Васілю Данілавічу Сакалоўскаму. Нягледзячы на яго размяшчэнне ў гістарычнай частцы горада, дысанансу з тамтэйшай старадаўняй забудовай не ўзнікае. У савецкі час звычайна такія някідкія, адлітыя ў метале, бюсты знакамітых людзей устанаўлівалі на іх малой радзіме. Але ж дакладна вядома, што нарадзіўся В. Сакалоўскі зусім не ў горадзе на Нёмане і нават не на тэрыторыі Гродзенскай вобласці…
Гэтая незадача і падахвоціла нас узяцца за высвятленне ісціны. і ў пошуках яе мы накіраваліся ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Але яго супрацоўнікі адразу нас расчаравалі прастатой свайго адказу на пастаўленае пытанне: помнік маршалу В. Сакалоўскаму з’явіўся ў Гродне ў 1973 годзе, і ўстанавілі яго тут толькі таму, што горад на Нёмане аказаўся на той час бліжэйшым да родных мясцін палкаводца буйным савецкім населеным пунктам. Нарадзіўся ж будучы маршал у вёсцы Козлікі былой Заблудаўскай воласці Беластоцкага павета Гродзенскай губерні – у жніўні 1945 года яна разам са значнай часткай тэрыторыі скасаванай тады Беластоцкай вобласці была перададзена са складу Беларускай ССР Польшчы. Думаецца, што рашэнне аб «прапісцы» помніка В. Сакалоўскаму ў Гродне было цалкам апраўданым. Бо ўжо і ў пачатку 1970-х палякі неадназначна ставіліся да падзей Другой сусветнай вайны, звязаных з удзелам Чырвонай арміі ў вызваленні іх краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. А цяпер і наогул усё часцей гучыць інфармацыя аб зносе помнікаў, устаноўленых у гонар савецкіх войск. Таму можна толькі здагадвацца, наколькі памятаюць імя беларуса, Маршала Савецкага Саюза, на яго малой радзіме ў Польшчы, на Беласточчыне.
Аднак здагадак строіць не будзем. Куды больш прагматычнымі нам уяўляюцца прысвечаныя В. Сакалоўскаму матэрыялы экспазіцыі згаданай гродзенскай музейнай установы. Яны не проста даюць магчымасць зрабіць цікавы экскурс па багатым на падзеі жыццяпісе вядомага палкаводца, але і сапраўды захопліваюць.
Малады настаўнік-семінарыст
Нарадзіўся Васіль Данілавіч 21 ліпеня 1897 года ў сям’і селяніна-беларуса. Жылі Сакалоўскія, як і большасць іх аднавяскоўцаў, небагата. Асноўны фінансавы здабытак ім прыносіла праца на зямлі. Тым не менш на адукацыю сына бацькі грошай не шкадавалі, і дапытлівы хлапчук змог скончыць спачатку мясцовую царкоўнапрыходскую школу, а затым у недалёкім Заблудаве і двухкласную настаўніцкую. Пасля гэтага ён ужо ў якасці настаўніка вярнуўся ў родныя Козлікі і стаў навучаць пачатковай грамаце вясковую дзятву.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я Сакалоўскіх, ратуючыся ад наступаючых немцаў, падалася ў бежанства. Праўда, далёка ўглыб Расійскай імперыі яны не паехалі, спыніліся ў Пскоўскай губерні. На новым месцы жылося нясоладка, і бацькі вырашылі ўладкаваць сына ў якую-небудзь педагагічную ўстанову, дзе б навучэнцы знаходзіліся на поўным ці частковым дзяржаўным забеспячэнні. Васіль супраць гэтага нічога не меў, бо вучыцца ён любіў і хацеў. Выбар выпаў на размешчаную ў недалёкім горадзе Невель тагачаснай Віцебскай губерні настаўніцкую семінарыю, куды юнак і