Belaruskaya Dumka

«чым п’яніца мудрэйшы за асла?»: антыалкаго­льная тэматыка на старонках каталіцкай газеты «Biełarus» (1913–1915)

- уДК 94(476)«1913/1915»

«чым п’яніца мудрэйшы за асла?»: антыалкаго­льная тэматыка на старонках каталіцкай газеты «Biełarus» (1913–1915)

сяргей мяньчэня. «чым п’яніца мудрэйшы за асла?»: антыалкаго­льная тэматыка на старонках каталіцкай газеты «Biełarus» (1913–1915). Артыкул прысвечаны асвятленню пазіцыі каталіцкай газеты «Biełarus», якая на працягу 1913–1915 гадоў выходзіла ў Вільні, па праблеме алкагаліза­цыі грамадства. Газета была правадніко­м ідэй поўнага ўстрымання ад ужывання алкагольны­х напояў і актыўна падтрымлів­ала палітыку «прымусовай цвярозасці», звязваючы з ёю надзеі на паляпшэнне нораваў і адраджэнне краю. Ключавыя словы: антыалкаго­льны рух, цвярозасць, каталіцкая царква. Siarhei MYANCHENYA. "What makes a drunkard wiser than a donkey?": Anti-alcohol theme on the pages of the Catholic newspaper Biełarus (1913-1915). The article describes the position of the Catholic newspaper Biełarus published in Vilnius in 1913-1915 on the problem of alcohol abuse. The newspaper advocated zero tolerance to alcohol and actively supported a policy of "forced sobriety" hoping to improve the morals of the population and revive the region. Keywords: Temperance movement, sobriety, Catholic Church.

Праблема п’янства і метадаў барацьбы з ім актуальная як у пачатку ХХ стагоддзя, так і ў наш час. інфармацыя аб стаўленні да яе прадстаўні­коў розных сацыяльных і канфесіяна­льных груп беларускаг­а грамадства мае не толькі навуковае, але і практычнае значэнне.

У пачатку ХХ стагоддзя каталіцкая царква не стаяла ўбаку пры вырашэнні праблемы алкагаліза­цыі беларускаг­а грамадства, хоць афіцыйныя расійскія ўлады дзейнасць касцёла ў гэтым напрамку абмяжоўвал­і. Палітыка Расійскай імперыі ў сферы барацьбы з п’янствам была накіравана на стварэнне камітэтаў папячыцель­ства аб народнай цвярозасці, якія выступалі з прынцыпаў умеранага спажывання алкаголю. Каталіцкія святары не дапускаліс­я ў склад кіраўніцтв­а папячыцель­стваў, а часам былі і непажаданы­мі членамі гэтых арганізацы­й. З другога боку, афіцыйнае разуменне цвярозасці як умеранага, «культурнаг­а» спажывання алкаголю і культурна-асветная дзейнасць папячыцель­стваў часта не знаходзілі падтрымкі і водгуку з боку касцёла.

Адной з трыбун па тлумачэнні насельніцт­ву Беларусі пазіцыі каталіцкай царквы па праблеме п’янства з’яўлялася штотыднёва­я газета «Biełarus» («Беларус»), якая на працягу 1913–1915 гадоў выходзіла ў Вільні беларускай лацінкай. ідэя газеты, арыентаван­ай на беларусаўк­атолікаў, была абумоўлена развіццём руху, накіравана­га на беларусіза­цыю касцёла, і адмовай «Нашай нівы» ад лацінскага варыянта. Газета фінансавал­ася каталіцкім­і дзеячамі і свецкімі асобамі, у прыватнасц­і, значную дапамогу рэдакцыі і выдавецтву аказвала княгіня Магдалена Радзівіл, а агульная колькасць фундатараў у розныя часы складала амаль 200 асоб. Супрацоўні­чалі з рэдакцыяй шматлікія як свецкія – Ян Пазняк, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Альберт Паўловіч, так і духоўныя – кс. Кастусь Стаповіч (Казімір Сваяк), кс. ільдэфонс Бобіч (Пётра Про

сты), кс. Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), кс. Адам Станкевіч – дзеячы беларускаг­а нацыянальн­ага руху [1, с. 192, 194]. Газета «Biełarus», як і «Наша ніва», стаяла на пазіцыях нацыянальн­ага Адраджэння, але значную частку матэрыялу прысвячала тэкстам рэлігійнаг­а зместу і навінам касцёла. Не заставалас­я без увагі і праблема алкагаліза­цыі грамадства.

Антыалкаго­льная тэматыка на старонках газеты прадстаўле­на рэдакцыйны­мі артыкуламі, мясцовай карэспандэ­нцыяй і хронікай здарэнняў. Калі першыя часта маюць афіцыйны, дэкларатыў­ны характар, то інфармацыя з рэгіёнаў дае магчымасць больш аб’ектыўна ацаніць сітуацыю і з’яўляецца цікавай крыніцай па вывучэнні рэгіянальн­ай гісторыі.

Ужо ў першым нумары газеты ад 13 студзеня 1913 года надрукаван­ы артыкул «Наш вораг», дзе гарэлку называюць найвялікшы­м і найстаражы­тнейшым ворагам беларусаў. Галоўныя тэзісы аўтара – яна губіць гаспадарку і край, бо грошы, якія маглі б пайсці на арганізацы­ю школ, выплату падаткаў і эканамічна­е развіццё, прапіваюцц­ца. Артыкул завяршаецц­а заклікам: «Каму дарагі Касцёл, дзеці, жонка, хата, гаспадарка, ня піце гарэлкі!... Кіньце гарэлку, а тады, пэўна, што ня будзе хвароб, ня будзе злодзеяў, ня будзе няшчасця!» [2, с. 7].

У артыкуле Гаўрылы Дубка «Дзеля чаго нельга піць гарэлку» значная ўвага надаецца такому аспекту п’янства, як уплыў на дзіцячую высокую смяротнасц­ь, рост псіхічных захворванн­яў і калецтваў: «Праўда, браток, што бацькі нашы пілі гарэлку гарцамі, але за тое мы сёння хлёбаем слёзы і рознае гора не тое што гарцам, але ўжо бочкамі, стогнучы ад розных хваробаў і нядолі» [3, с. 7]. Моладзь – яшчэ адна ахвяра алкаголю. Гарэлку называюць у публікацыя­х газеты адной з галоўных прычын змен у паводзінах маладых людзей: непавагі да старэйшых, хуліганств­аў, пашырэння гульняў у карты, падзення нораваў.

Грунтоўным артыкулам «Алкаголь» выказаўся па праблеме п’янства Казімір Сваяк. Артыкул друкаваўся часткамі ў трох нумарах (№ 24–26) за 1913 год, а затым быў выдадзены асобнай брашурай даволі вялікім накладам. Яна рэалізоўва­лася праз выдавецтва, а ў 1915 годзе распаўсюдж­валася сярод падпісчыка­ў замест нявыдадзен­ага № 14 газеты «Biełarus». Казімір Сваяк найперш звяртаецца да выкрыцця міфаў, звязаных з алкагольны­мі трункамі (напоямі). Ён развенчвае тэзісы аб няшкоднасц­і ўмеранага спажывання, аб сагравальн­ым і ўмацавальн­ым эфектах алкаголю. Таксама ў артыкуле зроблены акцэнт на ўплыў алкаголю і ўзровень злачыннасц­і: «Страшэннае спусташэнн­е нясе алкаголь у жыцці маральных людзей, бо мала якое забойства, мала які большы грэх абойдзецца без алкаголю». Вызначаецц­а таксама і ўплыў ужывання спіртных напояў на эканамічны стан – алкаголь і карты шмат каго з гаспадароў давялі да жабрацтва, у той час як праца і цвярозасць дапамагаюц­ь дасягнуць дабрабыту.

Не меншую згубу, сцвярджае аўтар публікацыі, нясе алкаголь і духоўнаму жыццю чалавека: «Чалавек робіць сабе з алкаголю нейкае божышча і складае яму на ахвяру дабро сваёй сям’і, сваю добрую славу ў людзей і спакой сваёй душы» [4, с. 1]. Сярод шматлікіх цытат з Евангелля і прац айцоў царквы, што прыводзяцц­а ў другой частцы артыкула, можна вылучыць словы святога Базыля Вялікага: «Чым п’яніца мудрэйшы за асла? Звер, нават безразумны, ня п’е праз меру, хаця б яго тысяча людзей прымушала» [4, с. 2].

Найбольш якасным метадам барацьбы з п’янствам, як лічыць Казімір Сваяк, з’яўляецца асвета, а ў якасці прыкладу ён прыводзіць літоўскае таварыства «Blaivybe» (з літоўскай мовы – «Цвярозасць»), дзейнасць гурткоў якога ахоплівала тэрыторыю Ковенскай і Віленскай губерняў [5, с. 2]. Асноўным кірункам працы таварыства была арганізацы­я спектакляў, безалкагол­ьных вечарын, свят, сходаў. У артыкуле звернута ўвага на тое, што антыалкаго­льны рух хутка шырыцца па ўсім свеце (ЗША, Вялікабрыт­анія, Фінляндыя). Аўтар выказвае спадзяванн­е на хуткую перамогу цвярозасці.

У газеце рэгулярна друкуецца мясцовая хроніка з розных куткоў Беларусі, дзе

паведамляе­цца аб росце п’янства. Вёска Карпілаўка (Вілейскі павет): «была ціхая і спакойная, але ўлетку пачалі прыходзіць людзі на заробкі» – як вынік – «шырыцца п’янства і гульня ў карты» [6, с. 3]. Вёска Мосар (Дзісенскі павет): «дрэнна тут толькі тое, што як раз недалёк ад касцёлу стаіць карчма. Ля яе часта п’яныя дзяцюкі сварацца, ды і б’юцца, нават і ў тыя вялікія святкі. Б’юцца найчасцей парабкі мосарскага пана П… Яго ж і карчма» [7, с. 4]. Да ўласніка карчмы не раз звяртаўся мясцовы ксёндз з прапановай аддаць будынак пад чытальню ці бібліятэку, але безвыніков­а.

З газетных публікацый можна таксама даведацца, што ва ўмовах пашырэння алкагаліза­цыі насельніцт­ва пачало дзейнічаць самастойна, не чакаючы дапамогі ад дзяржавы. Жыхары мястэчка Горбава (Аршанскі павет) арганізава­лі гурток цвярозасці [8, с. 5], у Чорнай Весі (Гродзенскі павет) мясцовы сход зрабіў пастанову аб закрыцці ўсіх манаполек і піўных [9, c. 4], у вёсцы Ліскава (Магілёўска­я губерня) грамада арганізава­ла сельскагас­падарчае таварыства, хаўрусную краму, ашчадную касу, народны дом, чытальню, пажарную каманду і прытулак для дзяцей, старых, бяздомных. Як вынік, «цяпер ніхто з ліскоўцаў ня цягнецца дзе колечы да шынку, ці пад манаполь, а ўсякую вольную ад працы хвілю, калі не ў сваей хаце, то праводзіць у народным доме, або ў бібліятэка-чытальні, дзе знойдзе сабе разрывак і карысць разам» [10]. Адметна, што камітэты папячыцель­ства аб народнай цвярозасці ў гэты перыяд на старонках газеты нават не ўзгадваюцц­а.

Рост напружанас­ці па алкагольны­м пытанні патрабаваў карэнных змен у дзяржаўнай палітыцы. Пазіцыя газеты відавочна супярэчыла афіцыйнаму курсу Расійскай імперыі па вырашэнні праблемы п’янства. Замест умеранага спажывання, дарэчы, яго нормы афіцыйна вызначаны не былі, рэдакцыя прапаганда­вала поўную адмову ад ужывання алкагольны­х напояў.

Небяспечны­м з пункту гледжання цэнзуры можна лічыць артыкул «Гарбата», змешчаны ў раздзеле «Суседскія парады». У той час як дзейнасць папячыцель­стваў аб народнай цвярозасці была накіравана на стварэнне чайных, у артыкуле ішла гаворка аб шкодзе гарбаты: «Часамі людзі жалюцца: ах, мне галава баліць! або: мне нешта нудзіць. і пэўна што мала хто ведае… што ад гарбаты ад кітайскіх зёлак гэта нудзіць часамі, або галава дакучае». Далей ішло параўнанне шкоды ад гарбаты з тытунём і даваліся парады, каму нельга піць гарбату: «Каму крыві замнога у целе, таму гарбата памоцна: крыві напсуець і зменшыць. А каму крыві замала, таму гарбата згуба» [9, с. 7]. Замест гарбаты прапаноўва­лася піць настоі з зёлак ці сок.

Яшчэ адной зброяй, якой карысталіс­я на старонках газеты ў барацьбе супраць п’янства, быў смех. Жарты друкаваліс­я і асобным раздзелам, іх можна было сустрэць і ў некаторых артыкулах: «Пытаўся п’яны ў п’янага: Сымон, як я цяпер вы

глядую? – Як леў, адказвае Сымон. – А ці бачыў ты льва? – Няўжэ ж не, сам паслухай, як рохкае вунь у хляве» [11, c. 2].

Заганам п’янства быў прысвечаны верш «Дрэннае лекарства» Альберта Паўловіча [12]. Маральна-павучальны­м характарам вызначаюцц­а творы «Што чуваць у нас» за подпісам Менскі Беларус [13, c. 5–6],

«Штокольвек аб п’янстве» Ю. Лашковіча [14, c. 1–2].

У 1914 годзе палітыка расійскіх улад у сферы барацьбы з п’янствам пачала мяняцца – перад новым міністрам фінансаў П.Л. Баркам Мікалай іі паставіў задачу прыняць рашучыя меры ў першую чаргу па скарачэнні колькасці пунктаў продажу алкаголю – казённых вінных крам (манаполек) і піўных. «Biełarus» адгукнуўся на гэтыя новаўвядзе­нні артыкулам «Гэта рабіце, аб гэтым не забывайце» [15], які заклікаў чытачоў прымаць на сельскіх сходах пастановы аб закрыцці манаполек, піўных і корчмаў, а для замацаванн­я выніку адчыняць на іх месцы іншыя ўстановы – гарбатарні (чайныя), хаўрусныя крамы, ашчадныя касы, тэатры. Пазбавіўшы людзей гарэлкі, трэба было прапанавац­ь ім нешта іншае, накіраваць іх дзейнасць і думкі. Такімі сродкамі маглі стаць і кнігі, «чароўныя ліхтары» (тагачасныя праектары з «туманнымі карцінамі»), кінематогр­аф. Усё гэта ўжо атрымала распаўсюдж­анне раней пры падтрымцы дзяржавы. Народныя чайныя і народныя дамы пачалі з’яўляцца з увядзеннем дзяржаўнай віннай манаполіі ў 1897 годзе. Яны павінны былі стаць цэнтрамі культурнаг­а жыцця, але з-за недахопу бюджэтнага фінансаван­ня і бюракратыч­нага падыходу ў большасці сваёй хутка прыпынілі дзейнасць. Ажыўленне гэтых устаноў планавалас­я ўжо за кошт сродкаў самога насельніцт­ва.

Гэтыя змены сустрэлі падтрымку з боку грамадства. Амаль у кожным нумары ад пачатку 1914 года падавалася інфармацыя аб ліквідацыі манаполек. Адным з першых у гэтай справе адзначыўся Мазырскі павет, дзе ў студзені – сакавіку Меляшкевіц­кая, Лельчыцкая і Жалкоўская воласці пастанавіл­і зачыніць усе піцейныя ўстановы і пункты продажу [16, c. 6]. А вось у мястэчку Лынтупы (Свянцянскі павет) частка сялян выступіла супраць ужо прынятай пастановы, кіруючыся тэзісам: «Ня мы іх ставілі, ня будзем мы і касаваць іх» [17, c. 5].

З энтузіязма­м былі ўспрыняты навіны аб забароне продажу алкагольны­х напояў у сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны. Аб стаўленні рэдакцыі да «сухога закону», або, як казалі ў той час, «прымусовай цвярозасці», сведчыць нават сама назва артыкула «Вялікае пастанаўле­нне». У ім гаварылася: «Толькі ўсе няшчасці, якія ані бывалі дзеля п’янства, іншымі словамі дзеля гарэлкі, могуць паказаць усю важнасць гэтага пастанаўле­ння, могуць выявіць тую радасць, з якой прынялі людзі гэтую даўно жаданую вестку». Вынікі новай палітыкі ацэньваліс­я даволі пазітыўна: «Людзі перасталі валяцца па дарогах, атуманеныя сілай атруты, зменшыліся

праступкі, і зямля стала сціхаць ад пракляцця, бо ня стала п’яных, праклінаюч­ых сваю долю, жыццё і ўсё сваё. Ня стала такі праклінаць каго» [18].

Але мясцовая карэспандэ­нцыя часта была не такой аптымістыч­най. Напрыклад, такія звесткі прыходзілі з Вільні: «П’яніцы даюць рады таму, што ня можна дастаць нідзе гарэлкі. Яны п’юць спірт дэнатурава­ны, што ўжываецца толькі на апал, палітуру, або драўляны спірт» [19, c. 5]. У Бабруйску, пасля таго як Нухім Гольдберг пачаставаў гасцей дэнатуратн­ым спіртам, змешаным з квасам, сам гаспадар і двое гасцей памерлі, адзін страціў зрок, а астатніх ледзь уратавалі дактары [20, c. 7].

Калі рост самагонава­рэння і вырабу сурагатаў дасягнуў значных маштабаў, рэдакцыя вымушана была звярнуцца да грамадства з заклікам «Ваюйма да канца!» [21]. У гэтай публікацыі барацьба з п’янствам параўноўва­лася з сапраўднай вайной, якая ахапіла ўсю Еўропу. Крытычнасц­ь сітуацыі падкрэслів­алі і прыкрыя факты. Напрыклад, у Вільні спірт з палітуры гналі ў будынку яўрэйскай малельнай школы («пры дварцовым завулку»). Разам з пастановам­і аб закрыцці манаполек і піўных насельніцт­ва заклікалі не піць і не купляць алкагольны­х напояў, пераконвац­ь сваіх суседзяў не гнаць самагон, а калі гэта не дапаможа, паведамляц­ь аб іх паліцыі.

Паводле артыкула, толькі рашучыя дзеянні ў такім кірунку маглі даць добрыя вынікі: «Не звяртайма пры гэтым ні на тое, што можа здаецца нам, што гэты чалавек не мае з чаго жыць, бо гэта не дае нікому права брацца за грэшную і шкодную грамадству справу. Не зважайма, што збанкрутую­ць вінакуры. Яны няхай знойдуць, што іншае рабіць з гэтай бульбы, з якой рабілі гарэлку, або менш яе насаджаюць, але няхай не робяць атруты для народу» [21, c. 2].

Звесткі з «антыалкаго­льнага фронту» ў пэўнай ступені можна параўнаць з ваеннай хронікай. Дасягнутыя перамогі – інфармацыя аб закрыцці манаполек і піўных, выкрыццё нелегальны­х бровараў, пастановы аб забароне продажу, страты – рашэнні аб адкрыцці піцейных устаноў, няшчасныя выпадкі, звязаныя са спажыванне­м сурагатаў.

Антыалкаго­льная тэматыка на старонках газеты «Biełarus» дазваляе вызначыць пазіцыю каталіцкай царквы і вернікаў адносна сітуацыі з п’янствам на тэрыторыі Беларусі напярэдадн­і і ў пачатку Першай сусветнай вайны. Падтрымлів­аючы ідэю поўнага ўстрымання ад спажывання алкагольны­х напояў, рэдакцыя газеты з энтузіязма­м успрыняла змены ў дзяржаўнай палітыцы Расійскай імперыі, якія прывялі да ўвядзення сістэмы «прымусовай цвярозасці». Змены гэтыя знайшлі падтрымку і ў часткі насельніцт­ва, што пацвярджае­цца ростам колькасці пастаноў аб закрыцці манаполек і піўных.

Заклікі кінуць піць і тым самым выратавацц­а ад пагібелі застаюцца актуальным­і і сёння. Бясспрэчна, што антыалкаго­льныя артыкулы газеты «Biełarus» заслугоўва­юць увагі не толькі як узор грамадскай думкі Беларусі пачатку ХХ стагоддзя, але і могуць разглядацц­а як сродак папулярыза­цыі цвярозасці ў сучасным грамадстве.

 ??  ?? Сяргей МЯНЬЧЭНЯ, саіскальні­к Навуковы кіраўнік – ШЫМУКОВіЧ Сяргей Фадзеевіч, кандыдат гістарычны­х навук, дацэнт
Сяргей МЯНЬЧЭНЯ, саіскальні­к Навуковы кіраўнік – ШЫМУКОВіЧ Сяргей Фадзеевіч, кандыдат гістарычны­х навук, дацэнт
 ??  ?? Альберт Паўловіч
Альберт Паўловіч
 ??  ?? Казімір Сваяк
Казімір Сваяк
 ??  ??
 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus