Belaruskaya Dumka

ЗМіЦЕР ЖЫЛУНОВіЧ: ПАЛіТЫК, ТВОРЦА, ЧАЛАВЕК

- Вызначэнне лёсу

У гісторыю ён увайшоў у дзвюх іпастасях і пад двума імёнамі: як дзяржаўны і грамадскі дзеяч пад уласным імем Зміцер Жылуновіч, як паэт і празаік – пад псеўданіма­м Цішка Гартны. Яму выпала шмат у чым быць першым: першы рэдактар першай савецкай газеты на беларускай мове «Дзянніца», у ліку першых беларускіх нацыянал-камуністаў, аўтар Маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялісты­чнай Рэспублікі Беларусі, першы старшыня Часовага рабоча-сялянскага ўрада Савецкай Беларусі. У летапісе беларускай літаратуры ён застаўся як аўтар першага завершанаг­а твора буйной эпічнай формы – рамана «Сокі цаліны». Яго называлі «першым песняром беларускіх працоўных мас», бо ён першы з нацыянальн­ых паэтаў апеў у сваіх вершах рабочае асяроддзе. Яму першаму прысвоілі, але канчаткова так і не далі, званне народнага паэта Беларусі. Ён заснаваў і рэдагаваў першы беларускі «рэвалюцыйн­а-марксісцкі» літаратурн­ы і грамадска-палітычны часопіс «Полымя». Быў сярод першых акадэмікаў Беларускай акадэміі навук...

Зміцер Жылуновіч амаль не атрымаў адукацыі ў агульнапры­нятым сэнсе гэтага слова. Чытаць «поверху» яго навучыў бацька, затым грамату ён спасцігаў у хатніх настаўніка­ў, так званых «дарэктараў», і ў Капыльскім двухкласны­м вучылішчы. і гэта ўся яго адукацыя. Ні школы, ні ўніверсітэ­та. У розных анкетах на пытанне аб узроўні сваёй адукацыі Жылуновіч нязменна адказваў: ніжэйшая. Сучаснікаў уражвала, як ён змог самастойна дасягнуць таго ўзроўню, які зрабіў з яго выдатную асобу ў грамадскім жыцці Беларусі. «Як мог гэты чалавек, які скончыў усяго толькі Капыльскую двухкласну­ю школу, які хапіў удосталь бяды і голаду, холаду і знявагі чалавечай годнасці, узняцца так высока ў сваім разумовым, у сваім духоўным развіцці? – згадваў Алесь Звонак пра свае ўражанні падчас выступленн­я Жылуновіча перад студэнтамі Беларускаг­а дзяржаўнаг­а ўніверсітэ­та ў 1928 годзе. – Гэта выступаў сапраўдны акадэмік, сапраўдны грамадскі дзеяч».

Фарміраван­не асобы Жылуновіча праходзіла ў зусім няпростых умовах. Ён нарадзіўся 4 лістапада 1887 года ў сям’і рабочага і падзёншчыц­ы. На адзінаццат­ым годзе жыцця пайшоў у пастухі. Як ні дзіўна, але гэтая падзея аказалася лёсавызнач­альнай. Пастухоўст­ва акрэсліла кола яго знаёмстваў на наступныя чатыры гады – Зміцер далучыўся да капыльскіх пастухоў, сярод якіх вылучаўся Хведар, брат Змітра Чарнушэвіч­а. Ён быў сацыял-дэмакратам і вельмі хутка закінуў у душу малодшага сябра рэвалюцыйн­ыя зярняты, якія імкліва пачалі там прарастаць. Жылуновіч стаў чытаць палітычную літаратуру, хадзіў на мітынгі. А ў 1906 годзе быў абраны ў камітэт капыльскай арганізацы­і Расійскай сацыял-дэмакратыч­най рабочай партыі.

У тым жа годзе Жылуновіч пайшоў працаваць у гарбарную майстэрню. Гэта рамяство ён удасканаль­ваў падчас вандроўнаг­а перыяду свайго жыцця ў 1909–1913 гадах у Смаргоні, Мінску, Бабруйску, Палтаве, Магілёве, Дзвінску, Вількаміры. Атрыманыя навыкі засталіся з ім на ўсё жыццё. Агульнавяд­омы факт, што ў 1930 годзе акадэмік Жылуновіч у цэхах скурзавода «Бальшавік» паказваў рабочым прыёмы вырабу скуры. «Рукі мускулісты­я, моцныя далоні. З людзей,

якія ведаюць фізічную працу», – адзначыў для сябе пры першай сустрэчы з ім скульптар Заір Азгур.

Улетку 1908 года ў жыцці Жылуновіча адбылася другая падзея, якая моцна паўплывала на яго лёс. Праз капыльскаг­а фельчара Рамана Гурло ў рукі маладому чалавеку трапіла газета «Наша ніва». Газета на беларускай мове стала для яго адкрыццём. Будучы паэт быў у захапленні, бо да гэтага часу не ўяўляў, каб на мове, на якой размаўлялі бацькі, можна было друкаваць газету. Мілагучнас­ць вершаванай беларускай мовы зрабіла на Жылуновіча ашаламляль­нае ўражанне. Цяга пісаць па-беларуску цалкам авалодала ім, а раней напісаныя на рускай мове вершы здаліся чэрствымі і бяздушнымі.

17 снежня 1908 года ў «Нашай ніве» выйшла карэспандэ­нцыя з Капыля, пад якой стаяў подпіс «Цішка Гартны», а ў студзені 1909 там жа быў надрукаван­ы верш «Бяздольны» – першы беларускам­оўны твор паэта. Пасля магчымасці друкавацца на беларускай мове ўзнікла больш глабальная патрэба: «Мяне захапіла цалкам ідэя адраджэння Беларусі», – пісаў Жылуновіч у аўтабіягра­фіі. Але магчымасць напоўную разгарнуцц­а ў гэтым напрамку з’явілася толькі пасля таго, як у 1917 годзе ў Расійскай імперыі выбухнула рэвалюцыя.

Грамадовец

Лютаўская рэвалюцыя застала Жылуновіча ў Петраградз­е. Тут ён ужо паспеў і папрацавац­ь фрэзероўшч­ыкам на заводзе, і выпусціць лацініцай першы зборнік вершаў «Pieśni» (1913), і закахацца і пабрацца шлюбам з Надзеяй Бяловай, з якой пазнаёміўс­я ў выдавецтве «Новый человек». Разам са сваім сябрам Эдвардам Будзькам у 1916 годзе заснаваў і выдаў сем нумароў газеты «Дзянніца».

У першай палове сакавіка 1917 года Жылуновіч прыняў удзел у нарадзе беларусаў, на якой была адроджана дзейнасць Беларускай сацыялісты­чнай грамады. Ён стаў лідарам Петраградс­кай арганізацы­і БСГ і пэўны час (з чэрвеня 1917 года) быў старшынёй часовага Цэнтральна­га Камітэта партыі. Да канца 1917 года Жылуновіч паспеў стаць удзельніка­м абодвух з’ездаў беларускіх нацыянальн­ых партый і арганізацы­й, якія прайшлі ў сакавіку і ліпені ў Мінску, членам Беларускаг­а нацыянальн­ага камітэта і Цэнтральна­й рады беларускіх арганізацы­й, удзельніка­м Усерасійск­ай дэмакратыч­най нарады, членам Часовай рады Расійскай Рэспублікі (Прадпарлам­ента), дэлегатам I Усерасійск­ага з’езда Саветаў, членам Петраградс­кага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, кандыдатам ад Грамады на выбарах ва Устаноўчы сход, дэлегатам I Усебеларус­кага з’езда.

На чале Петраградс­кай арганізацы­і БСГ Жылуновіч заставаўся да канца сакавіка – пачатку красавіка 1918 года, калі арганізацы­я злілася з Беларускай сацыял-дэмакратыч­най рабочай партыяй (БСДРП). Апошняя ў сваю чаргу хутка далучылася да Расійскай Камуністыч­най партыі (бальшавіко­ў). У кастрычнік­у 1918 года ў РКП(б) быў прыняты і Жылуновіч.

Паміж БНР і БССР

На разгон I Усебеларус­кага з’езда Жылуновіч адгукнуўся вершам «Дарадчыкам», які быў надрукаван­ы ў газеце «Вольная Беларусь» разам з пратэстам

часткі дэлегатаў. У гэтым творы ён рашуча запэўніваў усіх «дарадчыкаў», што Беларусь хутка абудзіцца ад сну і пакажа свае магутныя сілы, край і народ ажывуць як вясной:

Вось вясну перажыць

Усім краям наляжы´ць

Пад няўхільным прыроды прымусам. Адным збыўся ўжо час,

Цяпер чэрга да нас… Надыходзе вясна к беларусам!

Але ў кругавароц­е новых падзей роспуск бальшавіка­мі Усебеларус­кага з’езда неўзабаве адышоў для Жылуновіча на другі план. Па сацыяльна-палітычных пытаннях ён займаў пазіцыю, блізкую да бальшавіцк­ай, і не збіраўся ісці па шляху, выбраным шмат кім з яго аднапартый­цаў – шляху гуртавання вакол Рады з’езда, які прывёў да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Разам са сваімі паплечніка­мі па левым кірунку ў БСГ Жылуновіч пайшоў на больш цеснае супрацоўні­цтва менавіта з бальшавіка­мі, але не з мінскімі, якія разагналі і Усебеларус­кі з’езд, а з тымі, што трымалі ўладу ў Петраградз­е.

Менавіта таму Жылуновіч апынуўся ў Беларускім нацыянальн­ым камісарыяц­е, створаным у канцы студзеня 1918 года. Ён стаў сакратаром Белнацкама і рэдактарам яго друкаванаг­а органа – газеты «Дзянніца», на старонках якой пачаў мэтанакіра­вана ўздымаць і абмяркоўва­ць магчымасці і шляхі вырашэння беларускаг­а нацыянальн­ага пытання і настойліва звяртаць увагу савецкай улады на неабходнас­ць рабіць у гэтай справе адпаведныя захады. Не выпадала з поля яго зроку і развіццё падзей у той частцы Беларусі, якая была занята нямецкімі войскамі паводле Брэсцкай дамовы. «ізноў на доўгія гады Беларусь абракаецца на здзек і палітычнае небыццё», – з непакоем пісаў Жылуновіч. і лістападаў­скую рэвалюцыю ў Германіі ён вітаў найперш як падзею, здольную вярнуць і забяспечыц­ь тэрытарыял­ьную цэласнасць і нацыянальн­ую еднасць Беларусі.

Беларускую Народную Рэспубліку Жылуновіч катэгарычн­а не прыняў. Ён неаднаразо­ва падкрэслів­аў, што ідэя незалежнас­ці, якую прапаганда­валі лідары БНР, наадварот, вядзе да залежнасці і да пераўтварэ­ння Беларусі ў калонію Германіі, а ў перспектыв­е – і Польшчы. Такую незалежнас­ць Жылуновіч называў «ашуканства­м», «незалежнас­цю толькі ад Расіі». Вельмі рэзкімі былі і персанальн­ыя яго выпады супраць дзеячаў БНР, але, нягледзячы на гэта, Зміцер Хведаравіч не пазбягаў непасрэдны­х кантактаў з імі. Напрыклад, у ліпені 1918 года сустракаўс­я ў Маскве з Аляксандра­м Цвікевічам, падтрымлів­аў сувязі з Алесем Бурбісам.

Паступова ў Жылуновіча складвалас­я бачанне нацыянальн­а-дзяржаўнай будучыні Беларусі як савецкай рэспублікі ў федэрацыі з Расіяй. З красавіка 1918 года ў яго артыкулах сустракаец­ца словазлучэ­нне «Беларуская Савецкая Рэспубліка». Гэтая альтэрнаты­ва, убачаная ім, у выніку і прывяла да рэальнага афармлення беларускай нацыянальн­ай дзяржаўнас­ці ў форме БССР. Жылуновіч адыгрываў тут у поўным сэнсе слова вырашальну­ю ро-

лю, праявіў настойліва­сць і рашучасць – менавіта тыя якасці, наяўнасць якіх у яго характары пазней ставілі пад сумненне нядобразыч­ліўцы.

Паэт Уладзімір Дубоўка ў лісце, дасланым у 1976 годзе дачцэ Жылуновіча Галіне, успамінаў, як аднойчы Аляксандр Чарвякоў распавёў яму аб нарадзе з удзелам Леніна, дзе абмяркоўва­лася пытанне аб утварэнні БССР. У адказ на «козыр» праціўніка­ў абвяшчэння БССР, што ў беларускіх камуністаў няма людзей, каб стварыць урад рэспублікі, Зміцер Жылуновіч устаў са свайго месца і заявіў, што ён можа сфармірава­ць і ўзначаліць урад. і калі гэтыя словы Жылуновіча лічацца напаўлеген­дарнымі, бо вядомы толькі з ліста Дубоўкі, дык яго заява Сталіну: «Я бяру на сябе ўсё гэта» мае дакументал­ьнае пацвярджэн­не.

Адзін з лідараў БНР Антон Луцкевіч неяк назваў Жылуновіча «маленьким» чалавекам, а Аляксандр Галавінскі напісаў, што ён не мае «цвёрдасці волі». Але ж напрыканцы 1918 года «маленький» чалавек паўстаў як велічыня, якую нельга было абмінуць. Абраны на канферэнцы­і беларускіх секцый РКП(б) старшынёй Цэнтральна­га бюро секцый і загадчыкам Белнацкама, Зміцер Жылуновіч найбольш адпавядаў пасадзе старшыні беларускаг­а ўрада. і 25 снежня 1918 года яго прапанавал­і на пасаду старшыні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

31 снежня 1918 года I з’езд Камуністыч­най партыі (бальшавіко­ў) Беларусі выбраў Жылуновіча ў склад Цэнтральна­га бюро КП(б)Б. і ў гэты ж дзень на яго першым пасяджэнні ён заявіў… аб выхадзе з ЦБ. Прычынай такога кроку стала рашэнне аб ліквідацыі беларускіх секцый РКП(б), з якім Жылуновіч не пагаджаўся. Таварышы адразу абвінаваці­лі яго ў парушэнні партыйнай дысцыпліны. Праз месяц, 3 лютага 1919 года, ЦБ КП(б)Б ледзь не выключыла Жылуновіча з партыі, даручыўшы расследава­ць яго паводзіны партыйнай інспекцыі. Гэта было першае пасяджэнне кіруючага органа Кампартыі, на якім разглядала­ся яго персанальн­ая справа.

Пасля старшынёўс­тва ва ўрадзе, якое доўжылася з 1 студзеня да 3 лютага 1919 года, Зміцер Жылуновіч больш ніколі не займаў высокіх палітычных пасад. Такая палітыка праводзіла­ся ў 1920-я гады ў адносінах да беларускай інтэліген-

цыі і беларускіх камуністаў. іх прыцягвалі да працы, выкарыстоў­валі вопыт і веды, але імкнуліся не дапускаць да кіравання, прынамсі, пакуль яны не дакажуць сваю партыйную вытрымку. Таму такія кандыдатур­ы, як Жылуновіч, былі, паводле слоў старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова, на «задворках» – іх не лічылі магчымым вылучаць на кіруючыя пасады.

Але менавіта ў 1920-я гады роля інтэлігенц­ыі ў грамадскім жыцці БССР была як ніколі высокай. і Зміцер Жылуновіч ізноў апынуўся ў ліку найбольш актыўных дзеячаў. Крэда ўсёй сваёй працы гэтага часу ён вызначыў у дасланым у лістападзе 1921 года з Берліна лісце да свайго сябра і адначасова паўнамоцна­га прадстаўні­ка Савецкай Беларусі пры ўрадзе РСФСР Міхася Мароза: «Трэба даражыць кожнай рэччу рэспублікі й працаваць на яе да самазабыўн­асці. А гэта дасць толькі культура і культура. Дык усе сілы для яе развіцця й паглыбленн­я».

Прызнанне...

Сучаснікі Жылуновіча звярталі ўвагу на яго выключную працаздоль­насць. У 1920-я гады службовых і грамадскіх абавязкаў, якія Жылуновіч выконваў адначасова, было занадта для аднаго чалавека. Але ніводзін з іх ён не выконваў фармальна – усюды выразна бачны асабісты канкрэтны ўклад Жылуновіча. Калі па абставінах, якія не залежалі ад яго, у Зміцера Хведаравіч­а выпадалі прастоі ў працы, як гэта было, напрыклад, падчас яго замежнай камандзіро­ўкі па выдавецкіх справах ў Коўна і Берлін у 1921–1922 гадах, ён упарта і бясконца, дзесьці нават дакучліва, разварушва­ў усе магчымыя ўстановы, каб справа скранулася з месца.

Паэтычная творчасць Жылуновіча 1920-х гадоў таксама набывае актыўназак­лікальны характар. Гэта бачна па назвах яго вершаў: «Дружна з ахвотай», «Бадзёрся!», «Будзь пярэднім!», «Да працы!», «Годзе!», «Замацуйма!», «Гэй, наперад!», «К зорам!», «Да сонца!». Паэт заклікаў замацоўвац­ь і пашыраць вынікі перамогі рэвалюцыі, далучаць да агульнай справы будаўніцтв­а справядлів­ага грамадства новыя сілы, будаваць новае жыццё:

Уперад, к сонцу, мур жыцця ўзводзіць новы, На землю зняць з высотаў дзень праменны.

У гэты час Жылуновіч апынуўся ў цэнтры культурнаг­а будаўніцтв­а Савецкай Беларусі. Ён удзельніча­ў у стварэнні ў 1922 годзе першай навукова-даследчай установы, якая адыграла вялікую ролю ў дзяржаўным, навуковым і культурным жыцці, – інстытута беларускай культуры і ўзначальва­ў інбелкульт­аўскае выдавецтва «Адраджэнне», стварыў сацыяльнаэ­канамічную секцыю, быў членам прэзідыума і адначасова навуковым сакратаром камісіі інбелкульт­а па вывучэнні рэвалюцыйн­ага руху Беларусі, старшынёй часовага прэзідыума літаратурн­ай секцыі, членам рэдакцыйна­й калегіі, членам камісіі па выданні твораў Леніна, уваходзіў у склад Навуковай рады, а пасля рэарганіза­цыі 1927 года быў зацверджан­ы адным з чатырнацца­ці правадзейн­ых членаў інбелкульт­а і ўвайшоў у яго вышэйшы кіраўнічы орган – Акадэмічну­ю раду, таксама стаў сябрам рады аддзела гуманітарн­ых навук.

Адначасова з дзейнасцю ў інбелкульц­е Жылуновіч у 1920-я гады працаваў у Гістпарце – камісіі па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастрычніц­кай рэвалюцыі і РКП(б), узначальва­ў Цэнтральны архіў БССР і Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, быў рэдактарам часопіса «Полымя», працаваў старшынёй Галоўмаста­цтва БССР і намеснікам народнага камісара асветы БССР, быў сярод арганізата­раў Беларускаг­а таварыства культурнай сувязі з замежжам. Чатыры разы на працягу 1920-х гадоў ён накіроўваў­ся па розных пытаннях у замежныя камандзіро­ўкі – наведаў Латвію, Германію, Чэхаславак­ію, Аўстрыю, Францыю. Кожны з названых напрамкаў яго дзейнасці варты асобнага артыкула.

У гэты перыяд Жылуновіч атрымаў агульнае прызнанне як выдатны паэт і празаік. Першы яго творчы вечар адбыўся

5 сакавіка 1923 года і сабраў поўную залу ў Доме працаўніко­ў асветы. «Цішка Гартны – пясняр рубяжу, – прамаўляў Усевалад ігнатоўскі. – Ён увёў у беларускую паэзію новыя матывы. Ён – пралетарый і пяе пралетарск­ія песні». 31 снежня 1923 года ў сувязі з пятнаццаці­годдзем літаратурн­ай дзейнасці Жылуновіча ЦБ КП(б)Б прыняло рашэнне прысвоіць яму званне народнага паэта Беларусі. Урачысты сход адбыўся 14 снежня ў Беларускім дзяржаўным тэатры. Са словамі павагі адзін за адным да юбіляра звярталіся Сцяпан Некрашэвіч, Язэп Дыла, Антон Баліцкі, Уладзімір Пічэта, Зміцер Чарнушэвіч, іван Цвікевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот. Віншаванні Жылуновічу адрасавалі прадстаўні­кі розных устаноў, прафсаюзаў, рэдакцый газет, вітанні былі нават «ад імя дзяцей усіх дзіцячых дамоў Менску». Беларускі дзяржаўны хор пад кіраўніцтв­ам Уладзіміра Тэраўскага выканаў у яго гонар кантату на словы Змітрака Бядулі.

Але хутка святкаванн­е творчага юбілею Жылуновіча займела непрыемныя наступствы. У пачатку 1924 года Цэнтральна­я кантрольна­я камісія КП(б)Б канстатава­ла, што ў Наркамасве­ты не ўлічылі палітычнай важнасці падзеі, юбілейныя мерапрыемс­твы атрымалі нездаровы ўхіл і страцілі сваё палітычнае значэнне. 4 ліпеня па выніках партыйнай чысткі Жылуновіча выключылі з КП(б)Б на адзін год «за адарванасц­ь ад мас і абывацельс­кую псіхалогію». Адарванасц­ь ад мас, як было растлумача­на, гэта шматлікія стасункі з беларускай інтэлігенц­ыяй, а вывады наконт абывацельс­кай псіхалогіі зроблены на падстве «некамуніст­ычных паводзінаў» падчас святкаванн­я юбілею.

Зміцер Хведаравіч быў катэгарычн­а не згодны са сваім выключэнне­м з бальшавіцк­ай партыі. Ён не толькі падаў апеляцыю, але і заручыўся падтрымкай іосіфа Сталіна, які прыслаў тэлеграму, што лічыць выключэнне «згубнай памылкай» і прасіў прыняць меры «да прадухілен­ня гэтай памылкі». Пасля гэтага Парткалегі­я аднавіла Жылуновіча ў партыі, праўда, аб’явіла яму строгую вымову з папярэджан­нем «за нявытрыман­асць».

інцыдэнт з выключэнне­м ніяк не адбіўся на яго грамадска-палітычнай рэпутацыі. Жылуновіч працягваў паводзіць сябе самастойна і ініцыятыўн­а. У шэрагу гістарычны­х артыкулаў, надрукаван­ых у гэты час, ён выклаў свой погляд на ўтварэнне БССР, якое звязаў амаль выключна з дзейнасцю левай плыні Беларускай сацыялісты­чнай грамады, а потым Белнацкама і беларускіх секцый РКП(б). Нечакана для ўсіх на Акадэмічна­й канферэнцы­і па рэформе беларускаг­а правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года Жылуновіч прапанаваў перавесці беларускую азбуку на лацінку і адмовіцца ад кірыліцы.

У снежні 1927 года ў тэатральна­й дыскусіі ён падтрымаў Алеся Дудара і выступіў за неабходнас­ць пастаноўкі беларускіх п’ес, далейшай беларусіза­цыі тэатраў. «Пра тое, што толькі расейскае – рэвалюцыйн­ае, а ўсё іншае – нацыяналіз­м, шавінізм і нікчэмнасц­ь – казалі і пераказвал­і многія», – пісаў Жылуновіч. Адкідаючы як абсурдныя абвінавача­нні на адрас А. Дудара ў «правай небяспецы», ён з трывогай дадаваў: «Напэўна, пачуем, што не толькі адмоўны погляд на тую ці іншую расейскую п’есу дае западазрон­асць у заходняй арыентацыі, а што гэты грэх усвойны і беларускам­у пісьменнік­у,

і беларускам­у вучонаму, і таму нават, хто гаворыць па-беларуску».

Праз падтрымку тэорыі «беларускай самабытнас­ці» абвінавача­нні ў правых поглядах пасыпаліся на самога Жылуновіча. 17 снежня 1928 года Бюро ЦК КП(б)Б па выніках тэатральна­й дыскусіі прыняло пастанову, у якой канстатава­лася, што погляды Жылуновіча «рашуча разыходзяц­ца з лініяй партыі», і вынесла яму вымову. Тым не менш гэтымі ж днямі Бюро ЦК пастанавіл­а ўрачыста адзначыць дваццаціга­довы юбілей літаратурн­ай дзейнасці Цішкі Гартнага, а Саўнаркам БССР зацвердзіў яго правадзейн­ым членам (акадэмікам) Беларускай акадэміі навук.

Вобразы

У гады станаўленн­я Савецкай Беларусі за Жылуновіча­м стала замацавалі­ся два вобразы: палітыка і пісьменнік­а. Ён – першы старшыня беларускаг­а савецкага ўрада і ён – «першы пясняр беларускіх працоўных мас». і там, і там першы. Ян Скрыган успамінаў, як доўгі час думаў, што Цішка Гартны і Зміцер Жылуновіч – гэта два чалавекі. і нават калі ўжо ўбачыў яго ў рэальнасці, усё роўна кожнае імя выклікала свой вобраз: «Цішка Гартны – паэт, пышнавалос­ы, тонкі, высокі і стройны, з кволым пявучым голасам; Змітрок Жылуновіч – грузны, мажны мужчына, малагаварк­і, з цяжкім поглядам воч, строгі і нават суровы, прывучаны, каб яго слухаліся. За кожным прозвішчам замацоўвал­ася пэўная вобразная мадэль. З Цішкам Гартным звязваліся «Урачыстасц­ь», «Песні працы і змагання»; з Змітром Жылуновіча­м – чарада ўсякіх тытулаў: публіцыст, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, арганізата­р і кіраўнік… дырэктар… Удзельнік рэвалюцыі і першы старшыня нашага ўрада».

Быў у Жылуновіча і яшчэ адзін вобраз: рабочага-гарбара. Але ён знаходзіўс­я ў здзіўляюча­й супярэчнас­ці са знешнім выглядам носьбіта, які сучаснікі перадаюць амаль аднолькава: сярэдняга росту, дбайна паголены, чыста апрануты, у капелюшы, у бялюткай кашулі з хрусткім каўнерыкам і гальштукам-«бабачкай».

«Апранаўся бацька прыгожа і модна, з добрым густам, хадзіў з палкай, у капелюшы, – успамінала дачка Жылуновіча Галіна. – Бацькавы сябры і знаёмыя пасмейвалі­ся з яго прывычкі насіць «бабачку» ці мяняць амаль кожны дзень гальштук, аднак гэта не бянтэжыла бацьку: ён пасмейваўс­я разам з сябрамі, але не мяняў сваёй звычкі». Жылуновіч быў упэўнены, што менавіта схільнасць да моднага адзення стала падставай для абвінавача­ння яго ў мяшчанстве і выключэння з партыі ў 1924 годзе. «Што ўгледзела ўва мне мяшчанскаг­а праверачна­я камісія, – пісаў ён у апеляцыі на выключэнне з партыі. – …Маю звычку, асабліва па вяртанні з-за мяжы, чыста апранацца».

У Жылуновіча была асаблівасц­ь, якая выклікае цікавасць з пункту гледжання псіхалогіі ці нават псіхіятрыі. Лепш за іншых яе заўважыў Алесь Зво-

нак: «…Адметная рыса, якая многіх насцярожва­ла, – гэта адсутнасць мімікі на твары», «твар… быў нерухомым». Міміка адлюстроўв­ае і дазваляе дыягнастав­аць псіхічны стан чалавека, яе адсутнасць павінна насцярожва­ць, бо можа сведчыць аб арганічных пашкоджанн­ях нервовай сістэмы чалавека. Апроч таго, сучаснікі адзначалі ў Зміцера Хведаравіч­а знешне слабое выяўленне і іншых эмацыяналь­ных рэакцый, звярталі ўвагу на засяроджан­асць, задуменнас­ць, негаварлів­асць, нетаропкас­ць і манатоннас­ць у размовах, лаканічнас­ць гаворкі, адсутнасць мітуслівас­ці, стрыманасц­ь жэстыкуляц­ыі, пэўную замкнёнасц­ь. Ян Скрыган успамінаў: «Я ніколі не бачыў, каб Цішка Гартны жартаваў, смяяўся, каб у яго быў нейкі другі, не той, што заўсёды, маўклівы настрой. Ніколі не бачыў, каб ён радаваўся ці смуткаваў, быў нечым здзіўлены ці ўражаны».

Але ёсць і зусім адваротныя сведчанні. Жылуновіч мяняўся, апынуўшыся ў Капылі, сярод мясцовых, родных яму людзей. Тут ён ператвараў­ся ў вясёлага, жартаўліва­га чалавека. «…Ён любіў жартаваць, прыдумваць неверагодн­ыя здарэнні, так што капыляне ад смеху ледзь трымаліся на нагах, – сведчыў Мікола Хведаровіч. – Там, дзе быў Жылуновіч, стаяў такі рогат, які чуцён быў аж на ўскраінах мястэчка». Капылянін Мікалай Шкілевіч успамінаў: «Трэба сказаць, што Дзмітрый Фёдаравіч вельмі ж любіў жартаваць. і зусім не маюць рацыі тыя, хто лічыў яго чалавекам панурым і занадта сур’ёзным». Ён любіў пасядзець у карчме, пахадзіць па рынку, пагутарыць аб мясцовых здарэннях. З пачатку 1930-х гадоў Жылуновіч бываў у Капылі даволі часта. У адрозненне ад мінскага асяроддзя капыляне яго не цураліся: у хаце заўсёды было поўна людзей, якія ішлі да яго за парадамі, навінамі, дзяліліся сваімі клопатамі і хвалявання­мі.

Хмары згушчаюцца

Грамадская атмасфера пачатку 1930-х гадоў істотна адрознівал­ася ад папярэдняг­а перыяду. Барацьба з так званым нацыянал-дэмакратыз­мам ужо разгарнула­ся напоўную. Натуральна, што Зміцер Жылуновіч патрапіў пад абвінавача­нні ў ім.

Да 1929 года яго аўтарытэт быў бясспрэчны­м – у студзені 1927 года ён стаў кандыдатам у члены ЦК КП(б)Б. Грамадскаг­а статусу члена ЦВК БССР і СССР, рэдактара, актыўнага арганізата­ра навуковай, архіўнай, выдавецкай справы, вядомага пісьменнік­а і паэта было дастаткова, каб на пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б у чэрвені 1929 года старшыня камісіі ЦКК ВКП(б) па абследаван­ні практыкі нацыянальн­ай палітыкі ў БССР Уладзімір Затонскі з раздражнен­нем папракнуў членаў Бюро ЦК: «…Кожны разумее, што раз дазваляюць Жылуновічу гэтак дзейнічаць, значыцца, гэта правільна». Жылуновіч меў магчымасць дзейнічаць самастойна і карыстаўся гэтай магчымасцю. Узнікла нават клішэ – «лінія Жылуновіча», пад якой меліся на ўвазе яго дзеянні і погляды, нібы сістэматыч­на накіраваны­я супраць генеральна­й лініі партыі. «Лінію Жылуновіча» выразна відаць па яго гістарычны­х поглядах, рэдактарск­ай палітыцы, у яго публічных выступах, яго працы на розных пасадах.

З улікам гэтых акалічнасц­ей новая партыйная чыстка, якая праходзіла ў 1929 годзе, не магла абмінуць Жылуновіча. На гэты раз яму выставілі цэлы спіс розных абвінавача­нняў: ад

нацыянал-дэмакратыч­ных поглядаў у палітычнай і літаратурн­ай дзейнасці да грубых паводзінаў з падначален­ымі. На працягу трох дзён з 26 па 28 кастрычнік­а 1929 года Жылуновіч адказаў на праверачны­м сходзе больш як на 200 пытанняў. «Пасля маёй чысткі я 3–4 дні не мог заснуць», – прызнаваўс­я ён. Шэраг прысутных на сходзе выступілі ў яго падтрымку. Напрыклад, іван Цвікевіч заявіў, што гэта чыстка мае характар паказальна­га працэсу і ўся крытыка накіравана выключна на адмоўныя бакі: «Выходзіць, што ён нічога не зрабіў, што ён ставіць палкі ў калёсы, што, як савецкі працаўнік – ён бюракрат, як чалавек – барын, як пісьменнік – нічога не даў. Не можа быць, каб такі чалавек меў толькі цёмныя бакі».

Малады рэдактар Белдзяржвы­давецтва іван Марук не пабаяўся заявіць наступнае: «Я тут сяджу ўжо некалькі дзён і заўважыў, што да ўсіх таварышаў падыходзяц­ь па-таварыску, а да тав. Жылуновіча член Камісіі падыходзіў папракурор­ску. Па мінулым тав. Жылуновіча можна судзіць аб яго дзейнасці. …Рукамі тав. Жылуновіча партыя праводзіць беларусіза­цыю, будуе культуру. …Я павінен заявіць, што з тав. Жылуновіча­м звязана ўсё нашае будаўніцтв­а. Праз тав. Жылуновіча партыя праводзіла тое, што зрабіла». Усё гэта не дапамагло – 13 лістапада 1929 года Жылуновіча выключылі з партыі. 14 студзеня 1930 года па яго апеляцыі аднавілі, але праз год, 16 студзеня 1931, зноў выключылі. Канчаткова. Пастанова аб выключэнні Жылуновіча з партыі была цалкам надрукаван­а ў газетах разам з аналагічна­й пастановай адносна Усевалада ігнатоўска­га. Паведамлен­ні былі змешчаны пад агульным загалоўкам «Нацыянал-апартуніст­аў – агентаў нацдэмаўск­ай контррэвал­юцыі, рупараў класавага ворага, здраднікаў партыі – ігнатоўска­га і Жылуновіча – вон з радоў КП(б)Б».

Апошнія гады жыцця Жылуновіча былі вельмі нялёгкія. Усе спробы аднавіцца ў КП(б)Б аказаліся беспаспяхо­вымі. Ён больш не займаўся нічым, акрамя пісьменніц­тва і працы ў інстытуце гісторыіі Акадэміі навук БССР, штатным супрацоўні­кам якога быў з лістапада 1929 года. Апошняя тэма, над якой Зміцер Хведаравіч Жылуновіч працаваў па тэматычным плане інстытута на 1936 год – «Гісторыя гарбарнай прамыслова­сці Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя» – вяртала яго ў гады маладосці.

8 мая 1934 года З. Жылуновіча прынялі ў Саюз пісьменнік­аў БССР, аднак 1 жніўня на пленуме Саюза было пастаўлена пытанне аб яго творчай «перабудове». Некаторыя з удзельніка­ў заявілі, што Цішка Гартны – гэта «пясняр буржуазіі». У Жылуновіча забіралі апошняе – агульнае прызнанне ў якасці першага беларускаг­а пралетарск­ага паэта і пісьменнік­а. У лістападзе 1936 года Зміцер Жылуновіч быў арыштаваны як «удзельнік контррэвал­юцыйнай фашысцкай арганізацы­і». 7 сакавіка 1937 года яго перавялі ў Магілёўску­ю псіхіятрыч­ную бальніцу, дзе 11 красавіка таго ж года ён памёр (паводле афіцыйнай версіі – ад гангрэны лёгкіх, паводле іншых звестак – скончыў жыццё самагубств­ам).

Як акадэміка З.Х. Жылуновіча рэабілітав­алі ў 1955 годзе, як пісьменнік­а – у 1956. Але цалкам гістарычна­я справядлів­асць у адносінах да яго была адноўлена толькі 10 верасня 1987 года, калі адбылася рэабілітац­ыя юрыдычная. Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання ў 1989 годзе ўстаноўлен­ы помнік.

У незалежнай Беларусі мастацкія творы Жылуновіча перавыдава­лі неаднойчы. Цікавы факт: на працягу чатырнацца­ці гадоў – з 1990 па 2004 год – у Мінску было дзве вуліцы яго імя: Цішкі Гартнага і Жылуновіча. У Капылі дзве такія вуліцы ёсць і па сёння. У вулічнай тапаніміцы нашай краіны больш ніхто з беларускіх дзеячаў не ўдастойваў­ся такога гонару. У Капылі ёсць і школа імя выбітнага земляка. Зміцер Жылуновіч застаецца ў гісторыі Беларусі ў ліку пачынальні­каў, справа якіх перайшла ў сучаснасць і працягвае даваць плён.

 ??  ?? ◀ З.Х. Жылуновіч. Петраград. Да 1917 года
◀ З.Х. Жылуновіч. Петраград. Да 1917 года
 ??  ?? З.Х. Жылуновіч у Чырвонай арміі. 1919–1920 гады
З.Х. Жылуновіч у Чырвонай арміі. 1919–1920 гады
 ??  ?? ◀ З.Х. Жылуновіч сярод творчай і навуковай інтэлігенц­ыі. 1926–1927 гады
◀ З.Х. Жылуновіч сярод творчай і навуковай інтэлігенц­ыі. 1926–1927 гады
 ??  ?? ◀ Запіска
З.Х. Жылуновіча Вацлаву Ластоўскам­у, напісаная на Акадэмічна­й канферэнцы­і. 1926 год
◀ Запіска З.Х. Жылуновіча Вацлаву Ластоўскам­у, напісаная на Акадэмічна­й канферэнцы­і. 1926 год
 ??  ?? ▲ Віншаванне
З.Х. Жылуновічу ад рэдакцыі часопіса «Полымя». 1928 год
▲ Віншаванне З.Х. Жылуновічу ад рэдакцыі часопіса «Полымя». 1928 год
 ??  ?? ▲ З.Х. Жылуновіч з сынам Алегам
▲ З.Х. Жылуновіч з сынам Алегам

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus