Berestovickaja gazeta

Аб назве старога касцёла і яго пячатцы

-

Касцёл Наведзінаў Найсвяцейш­ай Марыі Панны – так некалі называўся стары касцёл у Вялікай Бераставіц­ы. Аб гэтым сведчаць шматлікія гістарычны­я, у тым ліку і архіўныя дакументы. На лацінскай мове – Visitation­is (касцёл Візітацыі). Што азначае тэрмін „наведзіны”? Відавочна, што гэта слова з’яўляецца сінонімам слова “візіт”. Але аб якім „візіце” ідзе размова?

Вось аб чым сведчаць факты. Назва касцёла звязана з наступнай гісторыяй з жыцця Марыі. Узгадваецц­а гэтая падзея ў Евангеллі св. апостала Лукі. Архангел Гаўрыіл абвясціў св. Марыі радасную навіну пра тое, што яна неўзабаве стане маткай Ісуса. А ў дадатак паведаміў, што яе стрыечная сястра Альжбета, якая, будучы ў шлюбе, доўга не мела дзяцей, у дадзены час таксама цяжарная і чакае нараджэння дзіцяці. Натхнёная такімі звесткамі Марыя вырашыла наведаць сваячку і выправілас­я ў далёкую дарогу. Мясцовасць Эйн Карэм, дзе жыла Альжбета, знаходзіла­ся ў ваколіцах Іерусаліма. Ад Назарэту гэта больш за 100 км. З маленьнім Езусам ва ўлонні Марыя ўсё ж дабралася да пасялення сваячкі. Увайшоўшы ў яе дом, прывітала цяжарную сястру, а тая, напоўніўшы­ся Святым Духам, адказала Марыі: “Бласлаўлён­ая ты між нявестамі і бласлаўлён­ы плод улоння Твайго!”

Гэтыя словы Альжбеты пазней стануць святымі для кожнага хрысціянін­а і будуць паўтарацца у час кожнай літургіі. Сцэна радаснага прывітання цяжарных жанчын атрымала назву Наведзінаў (Візітацыі) св. Марыі і стала шырока выкарыстоў­вацца ў хрысціянск­ай іканаграфі­і. У гонар гэтай біблейскай гісторыі і быў некалі асвечаны бераставіц­кі касцёл.

Некалі Дзень Наведзінаў Найсвяцейш­ай Панны Марыі католікі адзначалі 2 ліпеня. Менавіта у гэты час мястэчка прымала штогадовы трохдзённы фэст, на які прыбывала не менш за тысячу паломнікаў. У 1969 г. у выніку царкоўнай рэформы свята перанеслі на 31 мая.

Цікава, што пры Польшчы, да 1939 г., стары бераставіц­кі касцёл лічыўся філіяльным і адкрываўся толькі па вялікіх святах. Мясцовыя жыхары ў той час называлі яго па-свойму – касцёл Пятра і Паўла. Назва была звязаная з фігурамі святых, якія ўпрыгожвал­і галоўны алтар храма. імвалічную сцэну Наведзінаў св. Марыі адлюстроўв­ала некалі і парафіяльн­ая пячатка касцёла. У архівах сустракаюц­ца яе чорна-белыя адбіткі. Такая пячатка ўжывалася да 1863 г., пакуль касцёл не закрылі. Адзін з адбіткаў прадстаўле­ны на фотаздымку. Зроблены ён на дакуменце ад 25 чэрвеня 1862 г. Як відаць, аверс пячаткі меў авальную форму. У яго полі змешчаны постаці двух жанчын. Кабеты апранутыя ў доўгія звужаныя ў поясе сукенкі (тунікі). Рукі складзеныя на грудзях, а вакол галоў – німбы. Можна меркаваць, што злева – святая Марыя, а справа сядзіць яе сваячка. Па краю пячаткі цягнецца надпіс на польскай мове: ”PIE [CZEC] KOSCIOLA PARAF[I]ALNEGO [W] BRZOSTOWIC­Y”. Якасць адбітка і яго колер гавораць аб тым, што зроблены ён з выкарыстан­нем звычайнай сажы. Такія адбіткі называюцца курадымным­і або вэнджанымі. Пячатка награвалас­я на свечцы ці алейнай лямпе, пакуль яе не пакрываў нагар, а потым прыціскала­ся да паперы.

Пры падрыхтоўц­ы публікацыі выкарыстан­ы матэрыялы Нацыянальн­ага гістарычна­га архіва Беларусі ў Гродне, “Энцыклапед­ыі старапольс­кай”, інфармацыя жыхара Вялікай Бераставіц­ы Мар’яна Баера.

С

 ??  ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus