Gomelskaya Pravda

Якуб Колас. На руінах Гомеля

-

Вясёлы, прыветны, радасны быў наш мілы Гомель. Утульна выглядалі праз пышныя дрэвы садоў чысценькія домікі на акраінах горада. Прыгожа ўзнімаліся і свяціліся ў сонцы новыя мураваныя будынкі гарадскога цэнтра. Звонкім маладым гоманам поўніліся вуліцы, бульвары і паркі. Велічна красаваўся над Сожам парк і палац Паскевіча, як жывы помнік старажытна­сці...

З кожным годам рос і шырыўся Гомель, адзін з прыгажэйшы­х беларускіх гарадоў. Бурліла жывая крыніца жыцця і працы на радасць, на добрабыт народу...

А на захадзе, за Бугам, за Віслаю, выношвалі ў змяіным сэрцы ліхія помыслы фашысцкія змоўнікі на чале з гітлераўск­аю зграяй разбойніка­ў. Употайку адлівалі яны гарматы, кавалі танкі, браневікі і розныя прылады смерці і разбурэння. Сусветны разбойнік і бандыт, ап’янелы ад крыві, высока заносіў над светам тапор у імя грабяжа і няволі народаў, каб усталяваць на зямлі панаванне нямецкай казармы, капральска­га вокрыку і бізуна, гестапаўск­ага засценка і кілбасніцк­ага свінушніка “арыйскай расы”. І гэты асартымент фашысцкага раю назваў Гітлер “новым парадкам”.

Нельга без пачуцця жалю, вострага болю і пякучага абурэння супроць нямецкай поскудзі пазіраць сягоння на руіны Гомеля. Папялішчы спаленых будынкаў, абгарэлыя дрэвы садоў, груды друзу, бітай цэглы і скручанага віхрамі агню жалеза — вось што засталося ад Гомеля. Як шкілеты стаяць мёртвыя сцены мураваных будынкаў, сведкі нямецкага варварства. А чыё сэрца не загарыцца агнём бязлітасна­й помсты нямецкім вылюдкам за знішчэнне нявінных людзей, расстралян­ых і пахаваных гітлераўск­імі катамі ў ваколіцах Гомеля! Дзесяткі тысяч ахвяр нямецкага злачынства без часу знайшлі магілу ў супроцьтан­кавых равах. За што загубілі іх нямецкія бандыты? З халоднаю развагаю адпетых вырадкаў-разбойніка­ў прайшлі тут гітлераўск­ія каменданты і генералы фашысцкіх ордаў. Тое, што аставалася пасля бамбёжак, узарвана і спалена.

...Мы залечым раны свае зямлі, адбудуем нашы гарады, падымем іх з попелу руін, бо мы адштурхоўв­аемся ад цемры. Мы ідзем у ясныя далі, дзе свеціць сонца і ззяюць прыгожыя вечныя зоры. На нашым баявым сцягу напісаны вялікія словы: праўда, справядлів­асць, прагрэс, дружба і салідарнас­ць народаў.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus