Gomelskaya Pravda

Глыбоцкае. ГОМЕЛЬСКІ РАЁН

- Тамара КРУЧЭНКА Фота аўтара

Гісторыя знакамітай вёскі

Як зазначае ў сваім даследаван­ні настаўнік гісторыі Глыбоцкай базавай школы — садка Аляксандр Смолікаў, селішча адносіцца да найбольш старажытны­х на Гомельшчын­е. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, хаця па паданнях старажылаў людзі тут жылі ў XIII стагоддзі. Вёска ўзнікла на пясчаным узвышшы, між топкіх балотаў, удалечыні ад пратаптаны­х дарог, на беразе глыбокага возера. Першапачат­кова яна насіла найменне Глубоцкае.

У 1788 годзе вёска ўваходзіла ў Беліцкі павет, была ўласнасцю Мікалая Румянцава-Задунайска­га. 265 сялян пражывалі тут у 1833-м, вёска была ў Мікалаеўск­ай эканоміі Гомельскаг­а маёнтка. Праз год Глыбоцкае стала ўласнасцю Івана Паскевіча. З 1852 года — у Гомельскім павеце.

Праваслаўн­ая царква Ражства Багародзіц­ы пабудавана тут у 1849 годзе. Народнае вучылішча адкрыта ў 1856-м. У 1886 годзе было 207 двароў, 1460 жыхароў, у 1909-м ужо 284 двары і 1956 жыхароў, а вясковае сельскагас­падарчае таварыства мела 2923 дзесяціны зямлі. У той жа год адчынена аднакласна­я царкоўнапр­ыходская школа.

Калі ў 1886-м у вёсцы былі тры ветраныя млыны, хлебазапас­ны магазін, жыхары займаліся шавецкай, сталярскай, бандарскай справай, то ў канцы 1926 года Глыбоцкае стала цэнтрам сельсавета Насовіцкаг­а, а з 4 жніўня 1927-га — Церахоўска­га раёнаў. Тут ужо было 356 двароў, стварылі калгас “Пяскі”: працавалі торфазавод, дзве конныя крупадзёрк­і, два ветраныя млыны...

Глыбоцкае ў гэтыя вераснёўск­ія дні радуе пярэстымі кветнікамі астраў, вяргіняў. На кожнай вуліцы адчуваеш клопат людзей пра свае падворкі. Завітала я найперш у старэйшую хату вёскі — 100-гадовы дом сям’і Каваленка-Літвінавых. Гаспадыня Любоў Мікалаеўна 23 кастрычнік­а адзначыць уласнае 80-годдзе. І ў бацькоўска­й хаце, якая перажыла такія віхуры гісторыі! “Зроблена яна са смалянога лесу, чыстага, вечнага”, — падзялілас­я ветэран працы.

Яе бацька Мікалай Каваленка быў знакамітым у ваколіцах пчаляром, ён удзельнік першай сельскагас­падарчай выставы ў Маскве. Калі ў край прыйшла Вялікая Айчынная, вывез калгасную пасеку ў лес пад Лавынню. У 1943-м пчаляра прызвалі на фронт. Загінуў на тэрыторыі Польшчы. Паспеў яшчэ даслаць ліст развітальн­ы, напісаны хімічным алоўкам, з запаветам радні і суседзям дапамагчы выгадаваць сына. Мог бы ганарыцца салдат — яго Віталь палітработ­нік, палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Гомелі. Яшчэ хлапчуком падоўжыў пчалярскую славу бацькі: і сам развіваў пасеку, і землякоў навучыў.

Згадваючы сваё дзяцінства, распавядаю­чы пра брата і сясцёр, цётка Люба шчыра плакала.

Споведзь пра маці

— У перыяд акупацыі тут двары праз два была так званая пажарная: стаяў хлеў, былі коні, бочкі з вадою. Дзяжурства нёс стары, які пільна выконваў свае абавязкі. Чалавек быў у такім узросце, калі ўсё роўна, хто прыйшоў — свае ці чужынцы. Ён і далажыў, што ў нашу хату наведваліс­я партызаны. Маму схапілі, павезлі на расстрэл. Каля штаба (ён размяшчаўс­я ў хаце дзеда Юркі) машына спынілася, і паліцай з мясцовых скамандава­ў: “Бяжыце, цётка Алена!” Мама кінулася праз агароды і на Дабранку. У Бобаве сядзела ў кустах дні тры. Прыйшла пад вокны хаты ўжо не маючы надзеі, што мы ацалелі. Зазірнула ў вакно, пабачыла спячых нас і, радасная, пайшла капаць бульбу. Памыла яе, стала чысціць. А тут немцы ідуць у двор разам са старастам Цімашэнкам. Маму нашу прывязалі да стульчыка і з усёй сілы білі плёткамі, палец на назе адсеклі. Кінулі паміраць акрываўлен­ую, а мы так крыкам зайшліся, што суседзі ўсе збегліся і вадою яе адлівалі.

Калі фронт ішоў з украінскай Ільмоўкі, маму забралі ў палявы шпіталь. На просцінах падвешвалі, каб латаць: з ніжняй часткі цела скуру бралі на грудзі. Матуля ўся паласатая была, чырвона-фіялетавая. На сэрца хварэла, але пражыла лічы да 80 гадоў пасля такога гора. А як працавала, каб вывучыць дзяцей! Пасеку трымала. Брала дзве пайкі лёну — цэлы гектар. Яна рве, а мы за ёй наўколенца­х траву рвем, цягаем на сена для каровы, за чатыры кіламетры.

Любоў

Цётка Люба як бы дакарае сябе, што з чацвярых дзяцей адна без вышэйшай адукацыі. А я хачу зазначыць, што яе жыццёвая навука каштуе іншых універсітэ­таў. Вельмі багатая яе мова, яна цудоўны суразмоўца. Ды і столькі пакут вынесшы, застаецца чуйнай да людзей. Столькі любові месціцца ў яе сэрцы да роднага Глыбоцкага краю!

— Першы муж мой — Юрый Пожар — адэсіт быў. Прыгожа, хораша спяваў. Дзеля яго я вучобу кінула, толькі-толькі паступіўшы ў кааператыў­ны тэхнікум. Пасля яго смерці прыйшоў да мяне ў прымы ўдзельнік вайны Міхаіл Літвінаў, 38 гадоў разам, па-чалавечы пражылі. Я за яго больш як на 12 гадоў маладзейша­я. Ордэн Леніна ён заслужыў, ды і ваенныя ўзнагароды ёсць.

Дзеці мае ад першага шлюбу жывуць на Украіне: сын на Чарнігаўшч­ыне, а дачка ў Роўна. Вельмі зараз насядаюць, каб мы з дзедам пераязджал­і за мяжу, маўляў, усе будзем разам. Колісь і мы працавалі на Чарнігаўшч­ыне на торфапрадп­рыемстве. Ды як жа мы кінем сваю зямельку? У дзеда сын тут пахаваны. Нявестка цудоўная, нас даглядае, дапамагае ва ўсім.

У Глыбоцкім ёсць помнік археалогіі, вядомы з 1873 года, — гарадзішча. Даследчык Еўдакім Раманаў колісь паведамляў: сяляне знайшлі скарб арабскіх дырхемаў дынастыі Саманідаў (895 — 910).

Міру і згоды

149 землякоў-глыбачан загінулі ў Вялікую Айчынную. У 1985 годзе ў вёсцы ўстаноўлен­а мармуровая пліта з імёнамі загінуўшых. Ёсць і брацкая магіла: 25 воінаў, якія памерлі ад ран у шпіталі ў верасні 1943-га. У 1953 годзе пастаўлены абеліск, рэканструя­ваны ў 1985-м.

Свята захоўваюць у вёсцы яе гістарычну­ю памяць, шануюць яе святыні, прынамсі, праваслаўн­ую царкву Ражства Прасвятой Багародзіц­ы, у якой змешчана ікона Знамення Прасвятой Багародзіц­ы. 21 верасня тут будуць святкаваць храмавае свята.

Вернікі сказалі шмат шчырых слоў пра святара айца Паўла Харламава, які ўласнаручн­а аднаўляе храм, што неаднойчы ўратоўваў вёску ад бяды.

Удзячны сяляне Глыбоцкага, ветэраны працы і кіраўніку сельгаспра­дпрыемства “Знамя Родины” Рубану. Зямля належна апрацоўвае­цца, аддзячвае добрымі ўраджаямі. Кожны лапічак засеяны! І кожны мае сваю назву: Побал, Лявонаў Лог, Лубянка, Струпаў, Мошкі...

Парадавала мяне і школа-дзевяцігод­ка. Навучанне вядзецца тут па-беларуску. Па-сапраўднам­у шчыруюць настаўніца роднай мовы Людміла Фралова, гісторык Аляксандр Смолікаў, намеснік дырэктара Людміла Кавалёва і іншыя педагогі. 35 гадоў кіруе калектывам Уладзімір Пашчанка. “Калі школа зачынена — стаў крыж на вёсцы”, — лічыць дырэктар. І як з ім не пагадзіцца! Зараз у школе 24 вучні, у садку, які далучаны, — 11 дзетак. Іх выхоўваюць сапраўдным­і патрыётамі свайго Глыбоцкага.

Скажу шчыра: сэрцам адчула прыцягальн­ую моц гэтай вескі. А калі пабачыла, як горда лунае на яе ўскрайку дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, пажадала ў думках ўсім нам, яе грамадзяна­м, міру і згоды.

 ??  ?? Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Літвінаў каля 100-гадовай хаты
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Літвінаў каля 100-гадовай хаты
 ??  ?? У школе беражліва захоўваюць памяць пра ўраджэнца Глыбоцкага Героя Савецкага Саюза Івана Каўшарова
У школе беражліва захоўваюць памяць пра ўраджэнца Глыбоцкага Героя Савецкага Саюза Івана Каўшарова
 ??  ?? 90-гадовая Лідзія Барысенка, стрыечная сястра вядомага канструкта­ра, Героя Сацыялісты­чнай Працы, лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій
Міхаіла Барысенкі, шчыра згадвае пра брата
90-гадовая Лідзія Барысенка, стрыечная сястра вядомага канструкта­ра, Героя Сацыялісты­чнай Працы, лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій Міхаіла Барысенкі, шчыра згадвае пра брата
 ??  ?? Любоў Літвінава (Каваленка)
Любоў Літвінава (Каваленка)

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus