Чуеш роднае слова матуліна
Традыцыйна свята адбываецца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры, кнігадрукавання. Двойчы яно завітвала ў старажытны Тураў на нашай Гомельшчыне, месцам правядзення Дня беларускага пісьменства былі таксама Хойнікі і Рагачоў.
Сёлета свята будзе адзначацца на Брэстчыне, у горадзе, гісторыя якога бярэ пачатак яшчэ ў XV стагоддзі. У тыя часіны на месцы цяперашняга Іванава была вёска Порхава (Порхаў). Летапісы сведчаць, што вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт падарыў яе кафедральнаму сабору ў Луцку. У 1465 годзе епіскап Ян Ласкевіч перайменаваў паселішча ў Янаў.
Гэтыя землі былі ўласнасцю Вялікага Княства Літоўскага, польскіх каралёў, пазней належалі Шуйскім, Ажэшкам, Дмукоўскім... Край знакаміты сваімі бондарамі з вёскі Рылавічы, непаўторнымі вырабамі рамеснікаў вёскі Моталь (менавіта ў ёй нарадзіўся будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман). Іванаўшчына — радзіма знакамітага мастака, музыкі, кампазітара Напалеона Орды, адсюль, з вёскі Дастоева, пайшоў і род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага...
У праграме сёлетняга Дня беларускага пісьменства шмат прэзентацый знакавых выдавецкіх праектаў, выступленняў пісьменнікаў. Традыцыйна напярэдадні свята ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора кіруецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з удзелам творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Пройдзе і міжнародны круглы стол літаратараў розных краін “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”.
Яркімі падзеямі свята ў Год малой радзімы ў Іванава стануць адкрыццё памятнага знака, прысвечанага юбілейнаму XXV Дню беларускага пісьменства і падвядзенне вынікаў рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”.
XXV Дзень беларускага пісьменства пройдзе 2 верасня ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.