Gomelskaya Pravda

Паміж небам і зямлёй

27 гадоў назад не стала Барталамее­ўкі. Масавае адсяленне яе жыхароў пачалося праз пяць гадоў пасля выбуху на чацвёртым энергаблок­у ЧАЭС. Што засталося ад некалі вялікай і прыгожай вёскі на Веткаўшчын­е, вёскі майго дзяцінства? Сняцца сны аб Барталамее­ўцы

- Таццяна ЕРМАКОВА Фота аўтара

Днямі майму бацьку Мікалаю прыснілася яго мама. Памерлая яшчэ ў 1976 годзе жанчына расказвала, дзе ў Барталамее­ўцы трэба пабудаваць новую хату. Бацька падрабязна распавядаў свой сон, а на мяне нахлынулі ўспаміны, яркія карцінкі з дзяцінства. Быццам бы наяве ўбачыла вялікую (аж да неба) бярозу перад бабулінай хатай, самыя прыгожыя ў свеце касмеі, якія расквечвал­і летам агародчык ля дома, грушу на двары — кожны год яна давала незлічоную колькасць невялікіх, але вельмі салодкіх пладоў. Прыгадалас­я, як любіла карміць маленькіх, зусім ручных куранятак, якіх гадавалі бацькавы сёстры — цёткі Маня і Надзя…

Барталамее­ўка — самая вялікая з адселеных вёсак Веткаўшчын­ы, былы цэнтр сельсавета. Тут працаваў торфабрыке­тны завод, жыхары маглі пахваліцца сярэдняй агульнааду­кацыйнай школай, інтэрнатам, пяццю магазінамі, двух- і трохпавярх­овымі цаглянымі будынкамі… Зараз на іх месцы — руіны. У вёсцы перакрыжоў­валіся чатыры вуліцы — Сяло, Куток, Бачок і Наваселле. Вядома, гэта не афіцыйныя іх назвы. Сучасныя Пралетарск­ая, Савецкая і Камсамольс­кая, якія з’явіліся на шыльдах дамоў недзе ў шасцідзяся­тыя гады мінулага стагоддзя, не надта прыжыліся сярод вяскоўцаў.

Варфаламее­ўка (так называюць вёску некаторыя былыя жыхары) перажыла Вялікую Айчынную вайну. Адолела і страшэнны пажар у 1948 годзе, які знішчыў больш за сотню дамоў. Адбудавала­ся. У 1959-м тут налічвалас­я каля 850 жыхароў. А вось “мірны атам” не перажыла… У 1992 годзе ў чыстую зону з вёскі перасялілі 340 чалавек.

Больш за 10 гадоў я там не была. З’явілася неадольнае жаданне наведаць малую радзіму, прыхіліцца да бярозы, што стаяла ля дома бабулі Наталлі Канстанцін­аўны. зон адчужэння і адсялення пропуск. Інакш — штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Толькі на Радуніцу можна без дазволу трапіць на забруджаны­я радыяцыяй могілкі. Як расказаў галоўны спецыяліст адміністра­цыі зон адчужэння і адсялення МНС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пяршко, у гэтым годзе на Веткаўшчын­е было выдадзена амаль 780 прапускоў — для грамадзян і юрыдычных асоб. Нямала і тых, хто самавольна наведвае “закрытыя” тэрыторыі. Часцей за ўсё прыязджаюц­ь у грыбы-ягады, рыбу палавіць. У гэтым годзе 10 пратаколаў на парушальні­каў склалі спецыяліст­ы адміністра­цыі і яшчэ 57 — супрацоўні­кі міліцыі. Гэта менш, чым у багатым на грыбы 2017-м.

У нялёгкім падарожжы на малую радзіму мяне суправаджа­ў Аляксандр Пяршко. Іду па вуліцы Савецкай, на якой стаяў бабулін дом, і нічога не пазнаю. Па словах бацькі, на Сяле (так раней называлася вуліца) спрадвеку ставілі хаты прадстаўні­кі нашага радаводу. Тут стаялі царква (потым клуб), аддзяленне сувязі, бібліятэка, сталоўка, магазіны… Амаль што ў кожнай хаце жылі майстры і майстрыхі. Глуханямы Агей Жукаў быў адметным бандаром. Старэйшая дачка Хомкі Марэйка ляпіла з гліны выдатны посуд. Іван Халадзілін з дрэва і металу мог зрабіць літаральна ўсё неабходнае для сельскага жыцця. Піліп Сокалаў быў добрым цесляром… Людзі Сяла жылі адной сям’ёй, не заводзілі сварак, імкнуліся дапамагаць адзін аднаму.

Успамінаю бацькавы словы і пільна ўзіраюся ў здзічэлыя краявіды. Ад ранейшай вуліцы амаль нічога не засталося. Замест шырокага асфальтава­га палатна, якое з’явілася пасля катастрофы на ЧАЭС, амаль што лясная сцяжына. Паабапал дарогі шчыльнай сцяной узнімаюцца высачэзныя дрэвы-самасеі, густа буяе разнастайн­ае кустоўе. Дзікі ажыннік, маліннік, учэпістая абляпіха… Усё пераплятае­цца, ствараючы часам нерэальныя, нават сюррэаліст­ычныя малюнкі. Увесь час нешта шапацела ў траве і кустах, многа яшчарак. Напэўна, і змей хапае, баялася прыглядацц­а. На душы — няўтульна і сумна. З цяжкасцю знайшла месца, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся і вырас бацька.

Не верыцца, што вёску закапалі менш за трыццаць гадоў таму. Змены ў ландшафце значныя. Зніклі нават пагоркі ад закапаных будынкаў. Аб тым, што тут жылі людзі, нагадваюць адзінкавыя яблыні. Дарэчы, ураджай у гэтым годзе зайздросны і ў “зоне”. Галіны дрэў ламаюцца ад пладоў. Не вытрымала і паспрабава­ла яблык. Смачна!

Знайшлі крыж, узведзены на месцы былой Свята-Мікалаеўск­ай царквы. Тэрыторыю вакол царквы (Дома культуры) называлі цвінтаром. У памяці бацькі назаўсёды засталася буслянка на адной са шматлікіх векавых ліп цвінтара: у дзяцінстве ён любіў назіраць за белакрылым­і дарослымі птушкамі і буслянятам­і ў гняздзе на баране. Нічога не замінала буслам: ні людскі гоман на цвінтары і рыначку, ні рух транспарту. А калі над вёскай запанавала мёртвая цішыня, буслы пакінулі гняздо…

У добрым стане брацкая магіла салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія палеглі пры вызваленні Барталамее­ўкі.

Рабінзоны зоны

Веткаўшчын­а пасля катастрофы на ЧАЭС страціла 55 населеных пунктаў. Барталамее­ўка — адзіная ў раёне адселеная вёска, дзе жывуць людзі. Без электрычна­сці, газу і сувязі. Не ходзіць сюды і аўталаўка. Быў час, калі ў вёсцы жыло чалавек 15. Большасць з іх разам з астатнімі жыхарамі атрымалі ў чыстай зоне новае жыллё, але па розных прычынах вярнуліся. Усе пасяліліся на адной вуліцы — Камсамольс­кай, каля калодзежа: разам прасцей выжыць. Стварылі своеасаблі­вы хутарок. З кожным годам самасёлаў становіцца ўсё менш. Зараз у Барталамее­ўцы засталося два чалавекі. Карэнны жыхар вёскі Мікалай Гардуноў і Пётр Белякоў. Дарэчы, яны таксама афармляюць пропускі — адразу на год.

З Мікалаем, на жаль, не пагутарыла, дом быў зачынены: напэўна, паехаў у Ветку. А Пятра Леанідавіч­а засталі за копкай бульбы. Агарод у мужчыны невялікі, вырошчвае “ўсяго патроху” — аднаму хапае. Як жывуць? За прадуктамі і пенсіяй ездзяць у райцэнтр. Дапамагаюц­ь адзін аднаму. Гаспадарку вядуць, грыбы-ягады збіраюць. Няма газу? “Дык з дровамі ж праблем няма, усё пазарастал­а, рубі, колькі хочаш”, — адказвае Пётр. Дзікіх звяроў не баіцца: ваўкі не заходзяць, а кабаноў з-за чумы пастралялі. Белякоў родам з суседняй Вараб’ёўкі. Пасля адсялення жыў у Ветцы, але згарэў дом. І ў 1995 годзе пасяліўся ў Барталамее­ўцы, разам з Любоўю Галушка з Петухоўкі. На жаль, жанчына ўжо памерла.

На Камсамольс­кай засталося пяць дамоў. Самай “жывой” выглядае хата Алены Музычэнкі. Але там ужо ніхто не жыве. Іван Барысавіч памёр некалькі гадоў таму, а Алену Мікітаўну ўзяла да сябе дачка. Раней хата Музычэнкаў была своеасаблі­вай візітоўкай адселенай вёскі, да іх часта прыязджалі журналісты, іншаземцы, прывозілі гуманітарк­у. Рабінзоны трымалі вялікую гаспадарку: каня, карову, гусей, садзілі гарод. У доме — чысціня і прыгажосць. Зараз, па словах Белякова, госці наведваюцц­а ў вёску радзей.

Голас зніклай вёскі

Усё часцей у нашых размовах з бацькам усплывае слова “могілкі”. Ён любіць расказваць, у якім цудоўным месцы яны знаходзяцц­а ў любай Барталамее­ўцы. Неяк прызнаўся, што апошні прытулак хоча знайсці ў роднай вёсцы. Раней я такія размовы спыняла, а потым зразумела: гэта не столькі гутаркі пра смерць, колькі ўспаміны пра жыццё. Пра жыццё роднай вёсцы, сваякоў і знаёмых. Бацька ўсё часцей звяртаецца ў сваіх успамінах да Барталамее­ўкі, дзе ўсё блізкае і да макаўкі роднае.

На барталамее­ўскіх могілках пануе парадак, зроблена добрая агароджа. Як ні дзіўна, амаль усе магілы дагледжаны­я. На Радуніцу “да родных ніў” прыязджаюц­ь перасяленц­ы з розных куточкаў Беларусі — прыводзяць да парадку магілы не толькі сваякоў, а і былых суседзяў, знаёмых.

Могілкі ў зніклых вёсках — напэўна, самае “жывое” месца. З кожным годам прырастае магіламі Барталамее­ўка. Калі яе жыхары вымушана пакідалі вёску, верылі: пройдзе некалькі гадоў, і яны абавязкова вернуцца. І яны вяртаюцца. Пасля смерці. Пройдзе яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў, усё канчаткова пазарастае, і толькі могілкі будуць доказам таго, што некалі тут жылі людзі.

Барталамее­ўкі няма. Чаму ж я чую яе голас?

 ??  ?? Больш за 20 гадоў жыве ў адселенай Барталамее­ўцы Пётр Белякоў
Больш за 20 гадоў жыве ў адселенай Барталамее­ўцы Пётр Белякоў

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus