“Вяртацца ў натхненнi зноў i зноў...”
Выстава з такой назвай праходзіць у Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Аўтар жывапісных палотнаў — Алег Курашоў, галоўны захавальнік гомельскай галерэі Г. Х. Вашчанкі.
Алег вырас у творчай сям’і. У Беларусі і за яе межамі вядома яго маці — акварэлістка Святлана Курашова. Піша карціны таксама і бацька.
Маючы талент да малявання, Алег тым не менш атрымаў педагагічную адукацыю, а праз шмат гадоў парастак самарэалізацыі ў фарбах вырваўся наверх. Алег стаў упарта працаваць у жанры жывапісу. Карціны маладога аўтара прымалі ўдзел у прэстыжных выставах у Беларусі, а ў Кітаі ў рамках беларускага творчага дэсанту ён паказаў уласную экспазіцыю.
У 2017 годзе Алег Курашоў адкрыў першую персанальную выставу ў галерэі “Каляровы шлях” у Оршы. І вось новае знаёмства з творчасцю аўтара. На выставе ў Светлагорску можна ўбачыць 40 карцін, большасць з якіх створана ў 2018 годзе. Аснову экспазіцыі складаюць нацюрморты, бо гэты жанр найбольш блізкі мастаку.
У Светлагорскай галерэі выстаўляліся Гаўрыіл Вашчанка, Васіль Шаранговіч, Роберт Ландарскі, Нінэль Шчасная і іншыя мастакі.
Назву выставы аўтар узяў з санета Соф’і Шах, паэтэсы са Светлагорска — “Вяртацца ў натхненнi зноў i зноў...”. Гэтыя словы як мага лепш перадаюць адчуванні мастака да гэтага праекта.