На ціхае лецечка, на буйнае жыцечка!
У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна вясну гукалі
На Стрэчанне, калі зіма з вясной страчаецца, тут зладзілі свята “Грамніцы”. Калектыў мясцовага СК пад кіраўніцтвам Марыі Светавай, галасістыя жанчыны народнага фальклорнага калектыву “Палескія напевы”, як заўжды загадзя падрыхтаваліся, каб страчаць шматлікіх гасцей.
Ужо 20 гадоў у Новым Палессі праводзяць яркае абрадавае свята. Вось і ў гэты раз вяскоўцы рушылі ў музей сялянскага побыту ў СК, каб прыбраць елку жаданняў разам з самымі юнымі жыхарамі вёскі. Паставілі прыгожую маленькую лясную елачку на бохан хлеба, упрыгожылі галінкі рознакаляровымі папяровымі кветкамі, загадаўшы кожны сваё жаданне. Старэйшыя жанчыны — пра добрае лета, шчодрыя дажджы і багаты ўраджай, мірнае жыццё, а трохгадовая Маша Бярнацкая — каб нарадзілася яшчэ адна сястрычка.
Людскі натоўп выстройваецца ў працяглую калону. Наперадзе ікона Божай Маці і стрэчанская свечка, асвечаная ў царкве, якая з’яўляецца, па вераваннях продкаў, абярэгам ад злых сіл. Потым у спецыяльны вазок садзяць дзяцей з елкаю, і пад песню “Зіма з летам страчаецца, пра здароўе пытаецца...” жыхары Новага Палесся і госці кіруюць да скрыжавання дарог, да засцерагальнага крыжа вёскі. Па шляху не змаўкаюць песні і прыпеўкі, кружацца карагоды, выказваюцца просьбы, каб даў Бог “у час усё пасеяць, даў шчасця ў хлеве, і ў сям’і, каб усё радзілася, пладзілася, вялося і ўсім нам у міры жылося”.
“А ў нашаго карагода ды сын ваявода, ото ж карагод, ото ж ваявод!” — бадзёра выводзяць жанчыны. Потым са стрэчанскімі свечкамі, елкай жаданняў падходзяць да крыжа і ўстанаўліваюць прыгажуню, прамаўляючы: “Так як наша елачка зялёная і прыгожая, так каб і наша жыццё было прыгожым!”
Елачка будзе стаяць тут, у цэнтры вёскі, да чарговага свята “Грамніцы” — 15 лютага 2020 года. І стрэчанскія свечкі будуць абярэгам кожнай хаты палешукоў ад злога, нежаданага. Далейшы маршрут святочнай калоны — да ачышчальнага вогнішча. Тут ужо і старыя, і малыя смажаць сала, хлеб. Гаспадары частуюць гасцей і дзятву булачкамі-хусцінкамі, блінамі з мачанкай, цукеркамі, ладзяць гульні, скокі. Трэба было бачыць, колькі радасці падаравала гэтае свята школьнікам малодшых класаў з аграгарадка Ударнае, якія не толькі пакаталіся на возе, але і пабачылі цуда — квадракоптар, з якім прыехалі сталічныя журналісты здымаць свята.