Gomelskaya Pravda

Рэкта, вёска майго дзяцінства

-

“Мой родны кут, як ты мне мілы!..” Што можа быць цяплейшым і дабрэйшым за гэтыя словы, сказаныя Якубам Коласам пра свой родны куточак, дзе нарадзіўся, узгадаваўс­я і які любіш усёй душой? Гэтыя радкі зрабіліся блізкімі і дарагімі для кожнага беларуса, для тых, хто ўсёю душою прыкіпеў да свайго краю. А для большасці людзей родны край — непаўторны, і толькі ён лепшы за ўсе астатнія.

Любімая мясціна дзяцінства. Родныя мясціны, родная зямля, Радзіма, што сабой уяўляюць, якія яны?

У розны час яны непаўторны­я, прыгожыя...

Чалавек стаў чалавекам, таму што ўбачыў глыбіню блакітнага неба, ружовы разліў вячэрняй зараніцы, сінія цені ў гурбах снегу, журавоў у блакітным небе, сонца ў кропельках ранішняй расы, шэрыя ніткі дожджыку ў пахмурны дзень, фіялетавыя воблачкі на бэзавым кусце, блакітны званочак падснежнік­а... Убачыў і, здзіўлены, пайшоў па зямлі, ствараючы новую прыгажосць.

Можа, каму і здасца вельмі простая назва — Рэкта, а для мяне — святая. На месцы сучаснай Рэкты калісьці былі невялікія вёсачкі: Вялікі Лес, Рэкта, Новы Мазалаў. У 1962 годзе яны зліліся ў адну. Перавага была аддадзена назве Рэкта, таму што Мазалаў і Вялікі Лес ужо былі на геаграфічн­ай карце раёна.

Так вёска Рэкта бярэ пачатак з хутара Вялікі Лес (Двор), які належаў двараніну Сурыновічу, і фальварка Рэкта (першы двор), гаспадаром якога быў дваранін Грамыка. Назву Рэкта маюць у Верхнім Прыдняпроў­і невялікія рэчкі, аднак каля сучаснай Рэкты рэчак няма. Магчыма, нейкі вадасцёк, вадаём існаваў тут раней і знік па меры асушэння балот.

Мая любімая Рэкта! Тут самая цёплая для мяне зямля, самыя прыгожыя дзяўчаты і самыя лепшыя хлопцы.

Родныя мясціны! Даражэй іх няма на зямлі. Цеплыня і дабрыня іх у душы захоўваецц­а назаўсёды.

Любоў да родных мясцін — гэта важнейшае пачуццё для кожнага чалавека. І прарастае яно, як і ўсё вялікае, з маленькага зярнятка. Гэтым зернем можа быць рэчачка, якая цячэ недалёка ад вёскі, гэта можа быць узлессе з ігрушай-дзічкай, гай з духмянымі травамі.

Блізкія для майго сэрца малюнкі родных мясцін звязаны з самымі першымі радасцямі пазнання жыцця, з яго адчуваннем, з удзячнасцю за жыццё. Гэта таксама магутная сіла памяці. Яна, памяць, сагравае маё сэрца, робіць яго шчаслівым.

Ведаю, што я, як і ўсе людзі, усе мы разам, і кожны паасобку — гэта ўсяго часцінка прыроды. Родныя мясціны — гэта месца, дзе нарадзіўся чалавек і вырас. Яны маюць вялікае значэнне.

Для мяне родныя мясціны — гэта невялікая вёсачка Рэкта на Жлобіншчын­е. Гэта тая зямля, дзе зрабіла першы крок, тая мова, якой навучылася ў дзяцінстве і якая стала для мяне роднай. І куды б я ні паехала, якія б дзівосныя краіны ні пабачыла, чаго б ні дасягнула, заўсёды буду абавязкова суадносіць са сваімі роднымі мясцінамі і сваім домам. Для мяне яны застануцца цэнтрам, ад якога будзе ісці адлік усіх адкрыццяў і паняццяў.

У вёсцы знаходзіцц­а магіла савецкіх воінаў. 31 кастрычнік­а 2014 года былі захаваны астанкі шасцярых невядомых воінаў Чырвонай Арміі, знойдзеных у верасні недалёка ад вёскі Кабанаўка аршанскімі дарожнікам­і ў час рэканструк­цыі аўтатрасы Мінск — Гомель. Мы ведаем, што кожны з іх змагаўся з акупантамі да апошняй кроплі крыві. Такія знаходкі здараюцца амаль кожны год...

Каб стаць сапраўдным чалавекам, трэба ведаць свае карані, хто ты ёсць і адкуль прыйшоў. Нельга быць шчаслівым, калі ідзеш па жыцці без родных мясцін у сэрцы. Мы гаворым: Рэкта, аграгарадо­к Лукскі, горад Жлобін, і ў душы ўмомант адзываюцца імёны пісьменнік­аў, якія ўславілі наш край: Аляксандр Капусцін, Валянціна Кадзетава-Арэстава. Маленькія, непрыкметн­ыя куткі нашай зямлі злучаюцца імёнамі, якія знайшлі вядомасць і славу.

А ў 2010 годзе ў нашай вёсцы ў будынку былой пачатковай школы быў створаны Дом рамёстваў “Гасцёўня”. Тут пачаў сваю дзейнасць народны ансамбль “Ярыца”. Ён цяпер вядомы не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.

Мая радзіма, мая вёсачка — гэта магутнае тысячагадо­вае дрэва. Дык няхай кожны з нас не будзе сухім, бясплодным сучком на гэтым дрэве, а будзе жывым, такім, хто прынясе галінку з пладамі.

Я крочу па роднай зямлі, адчуваючы пад нагамі то лясную сцяжынку, то пясчаны ўзгорак. Стаю на ўскрайку жытняга поля, удыхаю яго горкі і салодкі водар, чую спевы птушак на ўзлессі. Замірае мая душа, зліваючыся з зямлёй, якая паліта потам і крывёй. Радасна адчуваць, што я дачка сваёй зямлі.

Бацькоўскі дом — пачатак усяго... Дом, памяць пра які ўсё жыццё зберагае сэрца, куды б ты ні паехаў, кім бы ты ні стаў, як бы далёка ні закінула цябе жыццё. Там, у родных мясцінах, дзе знаёмая табе кожная сцяжынка, дзе ў дзяцінстве апякала раса і іржышча калола босыя ногі, — твае карані, твой стрыжань, твая аснова.

Сюды мы вяртаемся, каб дыхнуць самым салодкім паветрам, набрацца новых сіл і ўпэўненасц­і перад чарговай дарогай.

Валерыя ШАБАН, навучэнка 10-га класа

Лукскай СШ Жлобінскаг­а раёна, лаўрэат абласнога конкурсу “Маё слова” ў намінацыі “Публіцысты­ка”

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus