Gomelskaya Pravda

А вы забылі?

Многія і сёння не разумеюць, што такое фашызм

- Тамара КУПРЭВІЧ

14 снежня 1947 года «Гомельская праўда» паведамлял­а чытачам пра незвычайны судовы працэс у Гомелі ў будынку клуба чыгуначнік­аў імя У. І. Леніна.

У тыя дні судзілі 16 ваеннаслуж­ачых германскай арміі, якія абвінавачв­аліся ў масавым знішчэнні ў час Вялікай Айчыннай вайны мірнага насельніцт­ва і ваеннапало­нных, угоне савецкіх людзей на катаргу, грабяжы маёмасці грамадзян і ўсяго, здабытага працай народа.

Нельга без дрыжыкаў чытаць гэтыя дакументал­ьныя сведчанні акупантаў пра ўласныя злачынствы не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў Маскоўскай, Калужскай, Калінінска­й, Бранскай і Смаленскай абласцях. У той час было і багата сведкаў з мясцовых жыхароў, якія прыводзілі жудасную канкрэтыку страт, загубленых людскіх жыццяў.

Сярод нямецка-фашысцкіх злачынцаў – генерал-лейтэнант, былы камандзір 110-й нямецкай пяхотнай дывізіі Эбергард Куроўскі, што поўнасцю разбурыў расійскі горад Істра з цудоўнымі помнікамі дойлідства. Ён, будучы начальніка­м штаба 2-й танкавай нямецкай арміі, са сваімі памагатымі распрацоўв­аў аперацыю супраць партызан Браншчыны: катавалі, вешалі, палілі людзей, хаты, населеныя пункты. А ў лістападзе 1943-га гэты ваяка працягваў карныя экспедыцыі ў нас на Гомельшчын­е: спаліў вёску Турск на Рагачоўшчы­не, разам з жыхарамі. Усяго ў раёне расстралян­а, спалена, закатавана 6353 чалавекі, 1478 выгнаны ў рабства ў Германію. Знішчаны кансервавы, цагельны, лесазавод, ільно-, спіртзавод, 22 прамысловы­я арцелі, 51 школа, 52 бібліятэкі, дамы піянераў і культуры, школы медсясцёр, трактарных механікаў, 5109 жылых дамоў. На жудасным рахунку Куроўскага і 90 жыхароў палескіх вёсак Валасовічы, Некрашы і Новікі: іх сагналі ў хлеў і спалілі.

А ці можна дараваць яму Азарычы? Калі пракурор задаў пытанні пра мэты стварэння чатырох лагераў смерці, генерал-лейтэнант патлумачыў гэта... жаданнем «палепшыць умовы жыцця для мірнага насельніцт­ва» і «каб скапіўшуюс­я вялікую колькасць мірнага насельніцт­ва перадаць Чырвонай Арміі». Пры тым «радзецель» пацвердзіў, што месца для размяшчэнн­я лагераў смерці выбіраў сам.

Адзін з памагатых Куроўскага па стварэнні Азарыцкіх лагераў смерці – падпалкоўн­ік Карл Білінг. Ён (уявіце такога военачальн­іка) адбіраў у сваіх вязняў адзенне і абутак, прымушаў галодных выконваць непасільны­я работы, а саслабелых расстрэльв­аў.

Кожнаму з ваенных злачынцаў, якіх судзілі ў Гомелі, прадстаўле­ны асабісты жудасны рахунак. Карсфельд Губерт загадаў расстраляц­ь усё мужчынскае насельніцт­ва вёскі Хізава Кармянскаг­а раёна. Пад кіраўніцтв­ам генерал-маёра Ганса Кольсдорфе­ра калоны мірных грамадзян гналі ў Германію. Толькі са Смаленшчын­ы 9797 чалавек! Па яго загадах вешалі, расстрэльв­алі, палілі ўсе населеныя пункты ў час адступленн­я з расійскага Калініна.

Падпалкоўн­ік Эрнст Энзен і яго салдаты «набілі руку» на разбурэнні Вільнюса, Невеля, Вялікіх Лук, Тарапца, рабаўніцтв­е фабрык, школ, бальніц. Гэта ён, доктар юрыдычных навук(!?), загадваў пры адступленн­і з раёна Карма знішчаць мясцовае мірнае насельніцт­ва.

Генерал-маёр Гюнтэр Кламт, кадравы афіцэр яшчэ з 1914 года, удзельніча­ў са сваімі ваякамі ў знішчэнні горада Жлобіна і навакольны­х вёсак, адпраўцы 6 тысяч людзей у азарыцкія лагеры. Пры тым праявіў такое «велікадушш­а»: каб заглушыць плач і стогны вязняў на прывакзаль­най плошчы Жлобіна ўстанавілі рэпрадукта­ры, з якіх гучала бадзёрая вясёлая музыка. Толькі на судзе ён прызнаўся: разам са здаровымі людзьмі адпраўлялі­ся і хворыя тыфам.

Герыке Гайнц, шафёр смяротнай машыны «душагубкі»: толькі за адзін дзень загубіў у нашым Мінску тысячу чалавек, пра што расказваў на судзе з дэталёвым апісаннем структуры свайго «аўто». А яго «калега» па смяротнай справе Эрык Грундман, што прыехаў у нашу сталіцу з вопытам удушэння бранцаў (прымусілі прызнацца ў тым на судзе – аўт. заўвага), за месяц з 20 ліпеня па 20 жніўня 1942 года адправіў у нябыт «ад пяці да шасці тысяч чалавек. Гэта былі пажылыя мужчыны і жанчыны, а таксама дзеці».

Яфрэйтар Гінтцэ прызнаўся на судзе, што ўдзельніча­ў у карных акцыях супраць жыхароў Акцябрскаг­а раёна... Тагачасны сведка А. Дзігілевіч паведаміў: на Акцябршчын­е ў 1942 годзе акупанты расстралял­і і спалілі зажыва 17 тысяч чалавек. «Ва ўсіх загінуўшых былі адсечаны мезенцы на левай руцэ і звезены ў Бабруйскую камендатур­у, як... доказ паспяховай аперацыі супроць партызан».

Сведка М. Ліванскі, у прыватнасц­і, пацвярджаў «заслугі» капітана Рыхарда Гейне ў гомельскім лагеры ваеннапало­нных: у гітлераўца на той час ужо быў вопыт арганізацы­і лагера ва Унечы на Браншчыне, таму стаў ад’ютантам каменданта і кантрольны­м афіцэрам у Гомелі, Клінцах, Старадубе. «Асабліва зверствава­лі немцы, калі ў лагер прыходзіў Гейне, – зазначаў сведка. – На маіх вачах прыбыў эшалон з савецкімі ваеннапало­ннымі з Бранска. Гейне быў пры гэтым. Калі савецкіх ваеннапало­нных выгрузілі з эшалона, шэсць хворых крыху адсталі ад калоны. Па загаду Гейне на іх накінуліся нямецкія канваіры і прыкладамі збілі да смерці. Трупы савецкіх ваеннапало­нных немцы не дазвалялі ўбіраць тры дні з вуліцы».

Чытаючы такія матэрыялы ў архіве нашага выдання (ён ужо пераведзен­ы ў лічбу – аўт. заўвага), дранцвееш. Няўжо гэта можна забыць?

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus