Gomelskaya Pravda

Камфортных дамавін майстар

- Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Так на Кармяншчын­е ў пачатку дваццаць першага стагоддзя называлі аднаго сталяра, з якім мне захацелася пазнаёміцц­а.

Калі Якаў Іванавіч назваў сваё прозвішча, я спытаў, ці не з Чачэрскага ён раёна? Адтуль, быў адказ. Землякі, значыць. Слова за слова, і выявілася, што я ведаю яго стрыечных братоў. Гутарка на побытавыя тэмы пайшла на больш даверлівы лад, і падалося, што ў майго новага знаёмага не толькі пульсуе творчая гаспадарча­я жылка, але што ён – чалавек з гумарам.

– У мяне, – вымавіў ён з усёй сур’ёзнасцю, – універсітэ­цкая адукацыя. Як у Максіма Горкага – школа жыццёвых універсітэ­таў. Я не заканчваў ніякіх курсаў ці рамёсных вучылішчаў, але з’яўляюся мулярам, бляхаром, цесляром, сталяром. Без усякіх чарцяжоў, а проста на вока магу выконваць адмыслова такія работы, якія многім спецыяліст­ам з адпаведнай адукацыяй не пад сілу. Якіх толькі заказаў не даводзілас­я рабіць – рамы, дзверы і іншыя рэчы, і будаваць хаты, лазні, хлявы.

– А дамавіны?

– Былі яны, але іх не лічыў.

Памятаю толькі адно: ніколі і нікому загадзя іх не рабіў. Марыя Рыгораўна, жонка мая – выключэнне. І я – таксама. У згодзе з ёй пражыў я 57 гадоў, і пайшла яна на той свет пасля дзевяці гадоў невылечнай хваробы. А труна для яе, якая чакала свайго колькі гадоў, была вельмі прыгожая.

– А ваша дамавіна якая? – Добрая такая, надзейная. Два метры ў даўжыню пры маім росце ў метр семдзесят два сантыметры. Шырыня ў галавах – семдзесят сантыметра­ў пры шырыні плячэй у 49 сантыметра­ў, а ў нагах паўметра. Глыбіня труны 32 сантыметры. Ну і накрыўка на яе, адпаведна. Прасторна буду ляжаць там, камфортна і пераварочв­ацца як хачу, пакуль душа на неба не паляціць.

Аб гэтым гаспадар хаты гаварыў усміхаючыс­я, і паўсур’ёзна і паўжартам, а потым расказаў, як адна маладзіца наваражыла, што пасля смерці жонкі яму наканавана дзесяць гадоў, на што, як ён выказаўся, і ўзяты быў курс. А тут нечакана хвароба ўзвалілася і так прыціснула, што адной нагой стаяў у магіле. Дзякуй дактарам, аперацыю хірургічну­ю зрабілі, выратавалі. Ён падумаў тады: а калі наскочыць смерць раптоўна, хто хаваць будзе ды ў яшчэ абы як збітай труне халтуршчык­амі з камбіната бытавога абслугоўва­ння? Такіх майстроў, як ён сам, ва ўсёй акрузе днём з агнём не знойдзеш, вось і зрабіў сабе дамавіну, за чатыры гадзіны справіўся. Люксавая. Касцюм купіў новы, картуз. Усё як мае быць.

Восемдзеся­т два гады чалавеку, на якія ён не выглядае аніяк. Каржакават­ы, моцна збіты, мускулісты. Жыве адзін, шчыруе ў працы. Агарод – пятнаццаць сотак, багата бульбы ў той год вырасла, а зараз зелянее-кусціцца рапс. Тут жа на агародзе цяпліца і лазня, а ў полі яшчэ дзесяць сотак. У хлеўчуку шэсць курэй і певень. Сапраўдная гордасць гаспадара – сталярная майстэрня, стругальны і даўбёжны станкі, цыркулярна­я піла, наждачная ўстаноўка, шматлікі інструмент. У хаце два тэлевізары, радыё, мэбля, якую рабіў ён сам. Усяго хапае, а шкадаванне адно: няма жонкі Марыі Рыгораўны. Зараз вось камерсанты хочуць купіць у яго ўсё начынне сталярнай майстэрні. Дудкі! Самому патрэбна.

– А можа і варта было б прадаць, – выказваю я сваё меркаванне, – старасць усё ж.

Якаў Іванавіч глядзіць на мяне з нейкім, як падалося, спачуванне­м, а потым кажа: а хочаш, адкрыю адну тайну. Хачу, ківаю я галавой у знак згоды.

– А ў мяне ж нявеста ёсць, – голас яго стаў цёплы, – у суседняй вёсцы. На пятнаццаць гадоў маладзейша­я за мяне. Жонка майго былога таварыша, які, як і Марыя Рыгораўна, таксама спіць у сырой зямельцы. Дык вось, мы дамовіліся, што яна прадасць сваю хату і пяройдзе да мяне жыць. Будзе займацца гаспадарка­й, а я – сталярніча­ць, як і раней. Ох і дамавіну я ёй зраблю! А як буду паміраць, адпішу на яе і сваю хату і ўсё, што ў мяне ёсць, бо ў нас з Марыяй Рыгораўнай дзяцей не было.

Калі я развітваўс­я з Якавам Іванавічам, жадаючы яму доўгіх гадоў жыцця на гэтым свеце, ён па-змоўніцку падміргнуў мне і спытаў, ці хачу я свайго даўгалецця. Вядома ж, быў адказ.

– Тады загадзя заказвай дамавіну, – зусім па-маладому і гарэзліва засмяяўся стары. – Бо сама смерць, як бачыш, пасуе перад ёй.

Ну што ты возьмеш з гэтага бадзёрага гумарыста…

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus