Ivatsevitski Vesnik

Суседзі-4, або “Грэчаскія” арэхі

-

Каб жа ведала Ганна, чым тое абернецца, мо лепш бы з сабой сына цягала ў поле. Ды хто можа будучыню ведаць? Вунь і цётка яе, варажбітка, казалі ўсе, выбітная, а чаму не пабачыла, што замуства яе пляменніцы, Ганны, да нічога добрага не прывядзе, што пагоніцца яе муж за вялікімі грашыма, раз, другі і трэці паедзе на цаліну, а на чацвёрты там і застанецца. Раскажуць пасля мужыкі: там у яго новая жонка знайшлася, багатая, дом вялікі… Пагаравала Ганна, паплакала, забрала ад свякроўкі двухгадова­га сына ды і вырашыла на тым: як ужо адна засталася, то адно на сябе і разлічваць будзе. Вунь у суседкі, Марыі, трое дзявок, старэйшай ужо пяць, малодшым, блізнятам, як і яе Змітраку, па два. Хай будуць разам, Ганна Марыі за тое грады праполе, пайку дапаможа загрэбці… Так і стаў малы Змітрок расці сярод дзявок. Праўду сказаць, старэйшая дачка Марыі, Ніна, разумніцай расла яшчэ якой. Пяць з паловай гадкоў дзіцяці, а малых глядзела, бы тая квактуха куранят. І пакорміць, і насы падатрэ, і даглядзіць, каб у шкоду не ўлезлі. А ўжо Змітрок за ёй – як твой хвосцік. Ні на крок не адыдзе. Так і раслі дзеці – усё разам.

Ляцелі гады. Ужо і Змітру дванаццаць гадкоў. Вырас ён не па гадах высокім і дужым, сапраўдны памочнік матулі: з канём упраўляўся, з касой на лузе з мужыкамі ў шэраг станавіўся. І заўважылі ўсе ў вёсцы: ох, няроўна дыхае хлопец ў бок суседскай Ніны. А той ужо пятнаццаць. Светлагало­вая, вочы блакітныя, глыбокія, з твару і постаці акуратная, бы лялька. Плечы пакруглелі, лыткі наліліся, грудкі сукенку прыўздымаю­ць – нявеста! Ужо старэйшыя хлопцы ля хаты яе прыпыняюцц­а, бо была Ніна вясёлай і сяброўскай, то і збіраліся дзяўчаты па вечарах ля іх хаты. І Змітрок на тыя вечары прыходзіў. Не гналі яго старэйшыя, бо не лез да іх – стаяў у баку ды соп. Пасмейвалі­ся з яго незласліва, Ніначка іншы раз на танец хлапчука выцягне: “А хадзі, мой жанішок, патанцуем!”…

Зімы якія раней былі? Ого, і замяце, і прымарозіц­ь. Калі той трактар гусенічны праб’е дарогі ад вёскі да вёскі, пратоптвал­і людзі сцежкі самі, ідзеш, бы ў якім тунэлі – снег па краях вышэй галавы. А тут Каляды хутка. Завядзёнка ў вёсцы даўняя: у адной хаце моладзь днём збіралася і лушчылі семкі, ажно падлога шалупіннем укрывалася. Дый гаспадары не хваляваліс­я, бо лічылася гэта за норму: на Каляды пад ногі лушчыць – каб быў добры ўраджай хлеба на наступны год. Прыносілі розныя семкі: гарбузовыя, сланечніка­выя. Каму шанцавала – той меў арэхі лясныя, ляшчыну.

Недзе за тыдзень да Каляд і загаварылі пра “грэчаскія” арэхі: маўляў, адна дзяўчына спрабавала ў мінулым годзе, прывозіў родзіч на Каляды. Якая смаката! Зерне ў арэху вялікае, смачнае ды такое карыснае. Эх, каб паспрабава­ць. Тут і іншыя ў гутарку ўлезлі і апавялі: быццам у суседняй вёсцы, Задуб’і, што за сем кіламетраў, ёсць адзін дзядзька, дык ён гэтымі “грэ- часкімі” арэхамі гандлюе. Ды то напрамкі сем кіламетраў, а зараз дарогі праз лес няма, кругам трэба, а кругом усе трыццаць будзе… Тут і вырвалася ў Ніначкі-гарэзы: “Ніколі такіх арэхаў не ела… Ой, як хто мне арэхаў тых прынясе, я за таго і замуж пайду адразу!”. Пасмяяліся ды і разышліся…

А праз тры дні прыбегла Ганна да Марыі ды пытаецца ў дзявок-блізнят: дзе мой Змітрок? Не прыйшоў са школы! Тыя дзівяцца: дык жа і ў школе яго не было, думалі, мо захварэў…

Ганна надта не хвалявалас­я: Змітрок – хлопец самастойны, шкоды не наробіць, але ж во па гаспадарцы дапамагчы ўправіцца няма каму. От, вернецца, яна ўжо дасць…

А тут і цямнець пачало – няма Змітра. Мароз добры на ноч узяўся. Ганна ўжо і ў грубцы запаліла, паставіла бульбу варыць на вячэру. Прыслухвае­цца, не на месцы сэрца…

Выкіпела вада ў чыгунку, падгарэла бульба – выглядвала Ганна ўсцяж вёскі, ды ніяк свайго сына не пабачыла. Рукі абпаліла, як чыгунок з грубкі хапала анучай, чыгунок на падлогу – бразь, дзверы ў хату – грук. Стаіць сын на парозе, снег на ім усім карой ледзяной, твар белы, вусны сінія.

Кінулася Ганна да сына, распранае, вусны кусае, каб не загаласіць уголас – сын словам не адгукаецца, так перамёрз. Рукі ўзняла яго, а ў іх – торбачка. А ў ёй – арэхі грэцкія…

Толькі і спытала: “Дзе грошы ўзяў?”. А ён у адказ ледзь вуснамі варушыць: “За два дзясяткі яек…”

Сагрэўся сын, паружавеў увесь. Супакоілас­я Ганна – абы горай не было. Праз паўгадзіны ён ватоўку на плечы накінуў, торбачку з арэхамі ўзяў ды пайшоў да суседзяў. У хату не зайшоў, пастукаў у дзверы, выскачыла Ніна – думала, які з яе кавалераў. Моўчкі ёй Змітрок торбачку аддаў і пайшоў.

А назаўтра Ганна запрэгла каня ды павезла хлопца ў бальніцу ў мястэчка – тэмператур­а падскочыла, гарыць увесь, задыхаецца. З запаленнем лёгкіх два тыдні – Каляды і канікулы школьныя – праляжаў Змітрок.

Не стрымала слова Ніна – ледзь васямнацца­ць ёй споўнілася, пайшла замуж за мясцовага хлопца, вясёлага певуна. На яе вяселле Ганна адна пайшла – Змітрок як сышоў у блізкі лясок з раніцы, так да позняга вечара там і прабыў. А восенню паехаў з вёскі – паступіў у Сувораўска­е вучылішча. Што праўда, Ганна ўздыхнула з палёгкай ды пайшла ў суседнюю вёску да мужчыны-ўдаўца, даўно яе клікаў, ды вось перажывала, што сын тое не адобрыць.

І зноў ляцелі гады… Не склалася жыццё сямейнае ў Ніны. Першае дзіця не вынасіла – бульбу капалі, дапамагла мужу мяхі грузіць (бо быў ён трохі лядашчы, слабы), вось і надарвалас­я. Другое мёртвае нарадзіла, саму ледзь уратавалі. Муж папіваць добра стаў. І ўсё песні спяваў – як вып’е дзе, дык вяртаецца дахаты, раве на ўсю вёску. Ведала Ніна – ужо п’яны, зараз будзе чапляцца. І чапляўся, і руку ўздымаў. Два дзясяткі гадоў пражылі, а шчасця не бачылі. Дапеўся і дапіўся муж Ніны – упаў у канаву пры дарозе, і было там вады – па калена, але хапіла, каб захлынуцца п’янаму.

Змітрок у вёску, як з’ехаў быў, дык і не паказваўся. А яно і праўда: куды ехаць? Маці старую хату сваю даўно прадала, жыла ў суседняй вёсцы са сваім новым мужам, выгадавала дзвюх ягоных дачок. Ладна жылі. Туды раз на год і прыязджаў Змітрок – у форме ваеннай, рослы, прыгожы! Любавалася маці на сына, а сэрца шчымела – ніяк Змітрок не жаніўся. Так і памерла, не дачакалася ўнукаў, калі Змітру пад сорак было.

Пахаваў Змітрок маці на сваіх могілках. І на нейкі год, на Радуніцу, першы раз, пасля трыццаці пяці гадоў расстання, сустрэліся яны з Нінай.

– Чаму ж ты не жанаты дагэтуль? – спытала Ніна падчас сустрэчы.

– Бо такой, як ты, не сустрэў, – адказаў Змітрок і пачырванеў, як хлапчук – сівагаловы ўжо падпалкоўн­ік.

Засмяялася ў адказ Ніна, кранулася рукі мужчыны.

– Будзе нагода прыехаць да нас, заязджай у госці… – Абавязкова…

Якія зараз зімы? Ні снегу іншы раз, ні марозу… І тая зіма во такой была: тут Каляды, а вакол чорна і гразка. Дзівіліся суседзі, ажно з веснічак павыходзіл­і: на іх ціхай вулачцы, дзе колькі хат жывых засталося, раптам машына легкавая. І спыняецца акурат ля хаты Ніны. І выходзіць адтуль, дастае пакункі розныя з багажніка нейкі ваенны – высокі, статны! І Ніна выскачыла. Стаяла, пакусваючы вусны, церабіла край хатняга халаціка, і твар яе палаў: у хаце не прыбрана, нічога не нагатавана, сама ў абы-што апранутая. Як госця сустракаць?

Але хапіла ёй і дзесяці хвілін, як госць у хату зайшоў, каб “быць у форме”.

Сціпла сядзелі за сталом, гарэла агеньчыкам­і маленькая ялінка, якую прывёз з сабой Змітрок. Так выйшла, што ні Ніна, ні ён раней ёлку для сябе не ўпрыгожвал­і. І пра гэта гаманілі, і пра дзяцінства сваё, пра жыццё...

У нейкі момант Ніна ўстала, адчыніла шафу і дастала невялікую шкатулку драўляную. Прынесла, на стале вечка адкрыла і дастала… тры грэцкія арэхі.

– Я гэтыя тры захавала тады… І пасля берагла. Ніколі мне – ні раней, ні пасля – такіх падарункаў не рабілі…

– Тады табе застаецца стрымаць сваё слова, – усміхнуўся Змітрок. – Выходзь за мяне замуж…

А яна нічога не адказвала, трымала, круціла ў руках тры “грэчаскія” арэхі, на якія зрываліся з яе павек рэдкія цяжкія слёзы… Валерый ГАПЕЕЎ.

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus