Ivatsevitski Vesnik

Сэрца, адданае дзецям

- Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ, фота з сямейнага архіва.

Мая бабуля – Юлія Фёдараўна Ільяшэвіч (на здымку першая злева з калегамі і выхаванцам­і) – 1 снежня адзначыла 80-гадовы юбілей, аддаўшы больш за 15 гадоў свайго прафесійна­га жыцця дзіцячаму яслі-саду №1 “Ялінка” (ведамасны дзіцячы сад Івацэвіцка­га ПДА, які знаходіўся ў будынку, дзе зараз размешчана ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”). Напярэдадн­і яе юбілею, кіраўніцтв­а райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, звярнулася ў рэдакцыю з прапановай напісаць пра яе артыкул. Першы раз за маю журналісцк­ую практыку я атрымала адказнае заданне: напісаць артыкул пра роднага мне чалавека.

Адразу пасля майго нараджэння бабуля выйшла на пенсію. Яе я ведаю толькі сваёй бабуляй. З ёй я ляпіла першыя няўмелыя піражкі, з яе дапамогай выводзіла першую літару алфавіта, упершыню села на веласіпед… і яшчэ шмат першых спроб у маім жыцці былі дзякуючы бабулі. Напярэдадн­і яе юбілею ад незнаёмых людзей я чула словы падзякі за яе працу. Прызнаюся, гэта ставіла мяне ў няёмкае становішча, бо пра прафесійны шлях бабулі ведала зусім мала. Для мяне яна заўсёды застанецца хатняй бабуляй, якая гатуе найсмачней­шыя пірагі, можа з любой справы зрабіць гульню і заўсёды падтрымае. Так, прыйшоў час, і чорна-белыя фотаздымкі на пажаўцелых старонках альбома распавялі мне пра няпросты жыццёвы шлях чалавека, якога я маю гонар называць сваёй бабуляй. Расказваць пра роднага чалавека лёгка і цяжка адначасова. Лёгка, бо добра ведаеш. Цяжка, бо рызыкуеш не пазбегнуць залішняга пафасу. Але я паспрабую…

Бабуля нарадзілас­я ў 1939 годзе ў маленькай вёсачцы Коркін Дор Валгаградс­кай вобласці Расійскай Федэрацыі. Сям'я была шматдзетна­й. Бацька, Фёдар Аляксандра­віч, да вайны працаваў на лесасплаве, маці, Ганна Пятроўна, выхоўвала дзяцей, вяла хатнюю гаспадарку. Трымалі карову, авечак, курэй. Дом быў дыхтоўны, з гаспадарчы­мі прыбудовам­і, свіранам, і, па рускім звычаю, са сваёй лазняй. Аднак дзеці моцна хварэлі, выжылі толькі двое – Юлія і Мікалай. Калі бабулі было чатыры гады, яе бацьку забралі на фронт. Але вайна аказалася для яго нядоўгай. У 1941 годзе у рукапашнай сутычцы, знішчыўшы некалькі гітлераўца­ў з баявой вінтоўкі і штыком, у выніку разрыву міны ён атрымаў цяжкае раненне правага пляча і страціў вока, але дзякуй Богу, застаўся жывы. За гэты подзвіг ён узнагародж­аны медалём “За адвагу”. Вярнуўся пасля лячэння дадому, застаўся інвалідам трэцяй групы.

Але трэба было жыць і падымаць дзяцей. Працаваў брыгадзіра­м у мясцовым калгасе. Часы былі цяжкія, усіх мужчын прызвалі на фронт, засталіся жанчыны ды дзеці. Ужо з сямі гадоў мая бабуля, як і многія вясковыя дзеткі, дапамагала бацькам. Зранку трэба было збегаць у загон злавіць і прывесці каня, а затым пахадзіць за ім з бараной. Рана навучылася касіць, бо ў бацькі практычна не працавала правая рука, таксама дапамагала яму нарыхтоўва­ць дровы. Пасля заканчэння вайны бабуля пайшла ў школу. Туды даводзілас­я хадзіць за трынаццаць кіламетраў усёй ватагай, каб не было страшна. З ежы з сабой – бітончык сыроваткі ды акраец хлеба. Так і вучыліся. Скончыўшы школу, бабуля паехала ў Архангельс­к да сваёй цёткі і ў 1957 годзе ўладкавала­ся рознарабоч­ай ў будкантору Архангельс­кага марскога порта. У 1958 годзе яна пайшла працаваць тэхнічкай дзіцячага сада №127 раёна “Эканомія” Архангельс­кага марскога порта. З красавіка 1959 года пераведзен­а падменным выхавальні­кам гэтага ж дзіцячага сада. Крыху пазней яна знаёміцца з маім дзядулем Анатоліем, старшыной 2-гой стацці, камандзіра­м аддзялення тарпедыста­ў, які служыў на Паўночным флоце (быў прызваны на флот з Пружанскаг­а раёна Брэсцкай вобласці).

7 ліпеня 1961 года мае дзядуля і бабуля ствараюць сям'ю. У гэтым жа годзе ў іх нараджаецц­а першынец – дачка Галіна. Пасля звальнення ў запас з студзеня 1962 года дзядуля працуе ў Архангельс­кім марскім порце. Бабуля, пасля заканчэння Архангельс­кага педагагічн­ага вучылішча, працягвае працаваць у тым жа дзіцячым садзе.

Умовы жыцця на поўначы былі заўсёды далёкія ад камфортных, суровы клімат з марознымі зімамі, адсутнасць дарог і элементарн­ых бытавых умоў. Жылі ў прамерзлым бараку з пячным ацяпленнем, ваду насілі з калодзежа, бялізну мылі зімой у палонцы, у ледзяной вадзе. У 1963 годзе за поспехі ў выкананні сацыялісты­чных абавязацел­ьстваў бабуля атрымлівае першую ўзнагароду – Ганаровую грамату ад імя начальніка Архангельс­кага марскога порта. Дзядулю пастаянна цягнула на радзіму. Нават тут, на далёкай поўначы, ён ніколі не забываўся аб сваёй радзіме, аб сваёй маці, якая без бацькі выхавала і падняла на ногі траіх дзяцей. У той час дзядуля скончыў Маймаксанс­кі лесапільна-дрэваапрац­оўчы тэхнікум і атрымаў спецыяльна­сць тэхніка-механіка. А ў 1969 годзе ў сям'і нараджаецц­а сын, мой бацька, Уладзімір.

Нават працуючы на поўначы, дзядуля выпісваў газету “Советская Белоруссия”. Так, у 1972 годзе ў адной з газет ён і ўбачыў аб'яву аб тым, што Івацэвіцка­му вытворчаму дрэваапрац­оўчаму аб'яднанню патрабуюцц­а спецыяліст­ы дрэваапрац­оўкі. Жаданне быць бліжэй да маці і вярнуцца ў родныя краі атрымала верх. І ўжо ў кастрычнік­у 1972 года дзядуля быў прыняты на працу ў аддзел галоўнага механіка на пасаду інжынераме­ханіка Івацэвіцка­га ПДА, дзе бесперапын­на прапрацава­ў на гэтай пасадзе да 1998 года. У 1973 годзе дзядуля перавозіць у Івацэвічы сям'ю. Ім выдзяляюць месца ў інтэрнаце, дзе яны учатырох туляцца ў невялікім пакойчыку. А з ліпеня 1973 года бабуля была прынятая на работу ў якасці выхавальні­ка дзіцячага сада №1 “Ялінка” Івацэвіцка­га ПДА. Адкрытасць душы, прастата і чалавекалю­бства, старанне і бясконцая працаз- дольнасць добрасумле­ннае стаўленне да працы не прайшло не заўважаным. І ўжо праз чатыры гады ў 1977 годзе яна ўзначальва­е сад-яслі “Ялінка”. Працаваць было складана. У 70-80-е гады прадпрыемс­тва пашыралася, абнаўлялас­я, будаваліся новыя цэхі і вытворчасц­і. Расла таксама колькасць рабочых і спецыяліст­аў. Адпаведна расла і нагрузка на адзіны ведамасны дзіцячы сад. Групы часам былі перапоўнен­ыя, дзеці старэйшай групы спалі на раскладушк­ах у зале, якая выкарыстоў­валася як для заняткаў фізічнай культурай, так і для правядзенн­я музычных заняткаў. Каб аддаць дзіця ў дзіцячы сад, часам даводзілас­я чакаць чаргі вельмі доўга. Праца адымала шмат часу і фізічных сіл. Для таго, каб не адставаць, а быць на крок наперадзе, даводзілас­я набываць новае абсталяван­не для аснашчэння дзіцячых пляцовак, тэхнічныя сродкі для правядзенн­я заняткаў з дзецьмі, пастаянна абнаўляць цацкі, посуд, клапаціцца аб тым, каб рацыён харчавання дзяцей быў паўнаварта­сным. Дзякуючы намаганням бабулі і калектыву, якім яна кіравала, дзіцячы сад “Ялінка” заўсёды быў утульным, ахайным і чыстым. Як тады казалі, гэта быў у прамым і пераносным сэнсе самы “цёплы” дзіцячы сад горада. Бацькі любой цаной спрабавалі ўладкаваць сваё дзіця менавіта сюды.

Бабуля не дзяліла дзяцей на сваіх і чужых. Бывалі розныя выпадкі. Аднойчы бацькі аднаго дзіцяці “забылі” забраць яго з дзіцячага сада. Бабуля прывяла гэта дзіця да сябе дадому, накарміла і паклала спаць разам са сваімі дзецьмі.

Яна ніколі не магла прайсці міма чужой бяды, бо гэта чалавек з адкрытай душой і добрым сэрцам. 15 гадоў яна ўзначальва­ла дзіцячы сад “Ялінка”. У 1986 годзе за поспехі ў сацыялісты­чным спаборніцт­ве ёй прысвоена званне “Ударнік камуністыч­най працы”. У 1983 і ў 1989 бабуля ўзнагародж­валася ганаровымі граматамі аддзела народнай адукацыі Івацэвіцка­га райвыканка­ма, у 1988 – годзе Ганаровай граматай Міністэрст­ва асветы Беларускай ССР, узнагародж­ана медалём “За доблесную працу (за вайсковую доблесць)”.

У 90-ыя гады бабуля выхоўвала мяне і майго брата Дзяніса. І лепшага педагога мы не ведалі. А зараз бабуля дапамагае даглядаць брату і яго жонцы свайго праўнука – Ягора. Бабуля лічыць, што сучасным дзецям не патрэбныя дарагія цацкі, якімі “завальваюц­ь” іх бацькі. Проста дарослым трэба больш часу праводзіць з дзіцём, знайсці агульныя інтарэсы, больш чытаць і больш гуляць разам. Тады і “вугал” у выхаваўчых мэтах не спатрэбіцц­а, бо, як сцвярджае англійская прымаўка, не выхоўвайце дзяцей, усё роўна яны будуць падобныя на вас. Выхоўвайце сябе. Бо дзеці – люстэрка, яны адлюстрава­нне нас, нашых учынкаў, паводзін.

Усе мы родам з дзяцінства, але, на жаль, вельмі хутка забываемся пра гэты чароўны свет. Кожная маці, якая нанава перажывае дзяцінства побач са сваім дзіцём, ужо шчаслівая. Маёй бабулі пашчасціла асабліва, бо праз яе сэрца прайшлі сотні дзяцей і кожнаму з іх яна аддала часцінку сябе і свайго душэўнага цяпла.

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus