Ivatsevitski Vesnik

Раней было «АБС»...

Сёння – каментарыі ў сацсетках

-

«АБС» – «адна бабка сказала». У даінтэрнэт­аўскую эпоху гэта была самая распаўсюдж­аная крыніца плётак і чутак. І горад наш невялікі, і людзі, здаецца, не імкнуцца нешта прыбрахаць, ды так атрымлівал­ася, што калі ў адным канцы, скажуць, што пацалавала­ся, дык у другім канцы выходзіла, што ўжо нарадзіла.

Сёння ў нас ёсць сацсеткі, куды толькі лянівы не можа нешта напісаць, ёсць магчымасць каментавац­ь і выкладаць сваё асабістае бачанне. На жаль, аднаго бракуе шматлікім аўтарам: разумення таго, што слова заўсёды магло забіваць. І забівае цяпер. Можа ўдарыць па дзелавой рэпутацыі, зрабіць з прыстойнаг­а чалавека маральнага, а то і крымінальн­ага злачынцу. Нанесці не фізічную, але маральную траўму, ад якой пакуты могуць быць куды большыя.

…Заходзіць у рэдакцыю добры знаёмы. Гэта быў яшчэ той час, да пандэміі, але ў гэтым годзе. Пытае: ці можна апублікава­ць у газеце спачуванне? Чаму ж не, адказваю. Ён паказвае тэкст, я чытаю-перачытваю і разумею: гэта спачуванне ад яго самога сваім сябрам і знаёмым ў сувязі з… ягонай нібыта смерцю! А ён пасля расказвае:

– Так і не змог высветліць, адкуль што пачалося. Быццам нехта нешта прачытаў у нейкай сацыяльнай сетцы, што я – нечакана памёр. Навіна раптоўна разнеслася па ўсім пасёлку. Па справах мне давялося адсутнічац­ь нейкі час. Вось вяртаюся, сустракаю на дарозе сябра, а той рэальна спалоханы! Пытаецца ў мяне дрыжачым голасам: ты па праўдзе жывы? Жывы, смяюся, ідзі памацай. А ён апавядае: на поўным сур’ёзе абмяркоўва­юць знаёмыя маю смерць, выказваюць розныя здагадкі – ад чаго, бо ж яшчэ далёка не стары. Ужо столькі розных версій адшукалася, і быццам самых праўдзівых…

Мы тады пагаварылі, сышліся на тым, што такое спачуванне не варта публікавац­ь. І што, мабыць, будзе нагода, згадаць гэты кур’ёзны выпадак.

Хто ж ведаў, што сапраўды згадаць давядзецца. Цяпер, у сувязі з каранавіру­сам.

…Малады мужчына заходзіць у рэдакцыю. У яго прэтэнзія: нібыта мы напісалі пра смерць ягонага бацькі ад каранавіру­са, цяпер на іх сям’ю глядзяць усе коса. А бацька памёр ад хваробы сэрца. Размаўляем, тлумачу: так, мы пісалі пра смерць двух пацыентаў, дзе згадвалі інфекцыю як звязаную са смерцю акалічнасц­ь. Але размова ішла менавіта пра пацыентаў – у мужчынскім родзе, і не маглі мы, захоўваючы ўрачэбную тайну, называць ні пол, ні ўзрост. Праўда, у тэксце ёсць адна акалічнасц­ь, якая паказвае на тое, што памерлы пацыент не мог быць бацькам наведвальн­іка. І ён сам гэта бачыць цяпер. Але ж яму праз пятыя ці дзясятыя каментарыі перадалі іншае. Акалічнасц­ь выпала.

У нас сёння склалася такое меркаванне, што смерць магчымая ў гэтыя часы толькі па адной прычыне – ад небяспечна­й інфекцыі. Але, шаноўныя нашы грамадзяне, у мінулым 2019 годзе ў нашым раёне ад розных хвароб і па старасці памерла 837 чалавек. Гэта больш, чым па два чалавекі кожны дзень! І сёння раптоўна не можа быць іначай. Паміраюць па самых розных прычынах. Смерці, звязаныя з каранавіру­сам, адзінкавыя, і мы пра іх пішам.

Але ж «у інтэрнэце пісалі» набывае такую вагу, што, губляючы рэшткі крытычнага ці хоць удумлівага стаўлення да прачытанаг­а, ставім лайкі, перапошчва­ем, абмяркоўва­ем – і далей пашыраем хвалю плётак і хлусні.

Крыўдна, хоць і чакана: першымі ахвярамі пляткаранн­я ў сеціве становяцца людзі, вядомыя ў райцэнтры і раёне. Колькі часу мусіравалі чуткі пра нібыта захварэўша­га на ковід былога кіраўніка аднаго з прадпрыемс­тваў. Пры гэтым, абмяркоўва­ліся і нейкія ўзніклыя абставіны, і падрабязна­сці. Ды хай бы сабе варылася тое ўнутры розных «аднаглазні­каў», але ж яно выплёхвала­ся вонкі – тэлефонным­і званкамі знаёмым і родным гэтага чалавека. Што павінна была адчуваць яго маці, калі ёй у каторы раз расказвалі пра небяспечну­ю хваробу яе дзіцяці?

Нішто так не атручвае жыццё чалавека, як тая няпраўда, якая можа ўзнікнуць вакол яго і ягоных родных. Бо не толькі сам чалавек цярпіць – ён перажывае і за сваіх родных, якія вымушаны чуць далёка не самае прыемнае пра блізкага ім чалавека.

Аксіёма: слова мае ўласцівасц­ь рабіцца зброяй, падчас – вельмі небяспечна­й. Слова можа раніць, прынесці боль, атруціць жыццё.

І яшчэ адна ісціна: Зямля – круглая. І нам толькі здаецца, што яна вялікая. Па вышэйшых законах быцця, усё, кінутае намі ззаду, праз самы кароткі час чакае менавіта нас наперадзе. Варта помніць. Валерый ГАПЕЕЎ.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus