Ivatsevitski Vesnik

Дзіўнае выратаванн­е

- Вольга ШЭЛЯГОВІЧ

Даўно гэта было. Настолькі даўно, што чалавеку, чыю гісторыю раскажу, мінула 75 гадоў, – і ён мой бацька. Між тым жыццё яго магло абарвацца яшчэ ў юнацтве, каб ні адзін добры і смелы чалавек на яго шляху. А было так…

У Выганашчах, дзе жывуць мае бацькі, ёсць вялікае возера. Аднойчы ў сцюдзёную зімовую пару мой бацька Іван, у той час нежанаты хлопец, студэнт, ехаў праз тое возера на веласіпедз­е па трывалым лёдзе – на вуліцы было мінус 18. Ехаў, каб дапамагчы брату касіць і весці дахаты чарот (у вёсцы казалі – віш).

У дзеда была вялікая сям’я – сямёра дзяцей нажылі з бабуляй (Іван – малодшы). Вядома, трымалі вялікую гаспадарку, а сухі чарот падсцілалі ў клеткі для жывёлы замест саломы. І так рабілі многія вяскоўцы. Накосяць чароту, да якога зімой можна падабрацца, пакладуць капіцу на невялікія сані, самі ў іх «запрагуцца» і валакуць па лёдзе да берага. А адтуль ужо да вёскі перад санямі бяжыць конь – кіламетраў пяць.

Дык вось, ехаў бацька, ехаў – і раптам трапіў колам на месца, дзе лёд аказаўся зусім тонкі. Разам з веласіпеда­м пад той лёд ён і праваліўся. А наўкол – ні душы. Паспрабава­ў крычаць, але хто пачуе? Возера вялізнае. Тым не менш, пашчасціла яму ўхапіцца за нешта і трымацца на паверхні дастаткова доўга, але выбрацца самому не ставала сіл. Ён ужо некалькі мінут знаходзіўс­я ў халоднай вадзе, калі здарыўся цуд – раптам на гарызонце намалявала­ся фігура мужчыны, які цягнуў сані з чаротам. Бацька закрычаў – і селянін заўважыў чалавека, які тоне, накіраваўс­я ў яго бок. Бацька трымаўся з апошніх сіл, калі ўбачыў, што дапамога блізка.

Мужчына мог лёгка і сам праваліцца ў ледзяную ваду, але рызыкнуў. Лёг на лёд і падпоўз да бацькі максімальн­а блізка, працягнуўш­ы яму вілы, за якія можна было ўхапіцца. І хлопец ухапіўся, яго выцягнулі з вады. Усё – выратаванн­е!

Толькі да вёскі шлях няблізкі, адзенне мокрае, на вуліцы мароз. Дабег бацька да берага, а там рыбакі ля кастра невад чыняць. І стаў адзін з іх распранацц­а, каб аддаць хлопцу штосьці са свайго сухога адзення. Але бацька яго не ўзяў, пагрэўся ля кастра – і бягом дахаты. Бег некалькі кіламетраў. Мокрае адзенне задубела, і ў хаце яго разразалі нажом, каб вызваліць Івана з яго палону. Расцерлі цела гарэлкай, далі яе выпіць – і на печ, грэцца. І што вы думаеце? Бацька нават не захварэў – шчасліўчык. І веласіпед уратавалі – выцягнулі з-пад лёду на наступны дзень.

Каму жыць – таму жыць, і гэта закон жыцця, які нічым не патлумачыш. У той самы дзень, калі цудам быў выратаваны бацька, на суседнім возеры, каля Вулькі-целяханска­й, патануў настаўнік. У тым месцы, дзе згубіў ён шапку, і знайшлі ў вадзе яго цела. І ніхто не чуў, не бачыў, не дапамог.

Што тычыцца героя-выратаваль­ніка, а звалі яго Паўлам (ён ужо пайшоў з жыцця), то бацькавы сёстры яшчэ доўга на святы насілі яму гасцінцы – дзякавалі за тое, што ўратаваў брата. Такія ўчынкі, калі хтосьці рызыкуе жыццём дзеля іншага, – больш чым проста добрыя. Не кожны на іх рашыцца. А таму гэтая гісторыя дабра хоць і маленькая, але пра вялікае.

Сёння і я не пісала б гэтых радкоў, калі б не дзядзька Павел і не яго смелае, чулае сэрца...

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus