Ivatsevitski Vesnik

А ўся справа была ў жывоціку...

- Наталля ГЕРБЕДЗЬ

Яшчэ на першым прыёме ў жаночай кансультац­ыі, калі мяне ставілі на ўлік па цяжарнасці, доктар упэўніла – у цябе жывоціка доўга не будзе бачна. Мая ўрач, вопытная жанчына, са своеасаблі­вым доктарскім гумарам так і выдала: «Ніхто не прапусціць у чарзе ды месца не саступіць, сама ўсім кажы, што ў цікавым стане! Такое не часта бывае і хутка заканчваец­ца». Не папрашу, я ж не інвалід, падумалася мне на выхадзе з кабінета.

Я трымалася доўга, і сапраўды – жывата не было бачна. Ды і сучаснае адзенне «оверсайз» скрые нават двойню. Большую частку цяжарнасці я не хадзіла – лётала. Настала вясна, пасля лета – гэта гарачая пара для журналіста. Гарадскія святы, масавыя мерапрыемс­твы на адкрытым паветры. Зараз гэта раскоша. А тады ў дзень я наведвала па некалькі свят. Памятаю, як на Міжнародны дзень абароны дзяцей, 1 чэрвеня, на плошчы каля райвыканка­ма ў пагоні за прыгожым кадрам я заскочыла на крэсла ды пстрыкаю сабе.

Адна настаўніца давалася дзіву: «Злезь, дурненькая, яшчэ ўпадзеш, што рабіць будзем!» А я вырашыла для сябе, што цяжарнасць не хвароба, можа такі настрой мне і дапамагаў.

Як і казала мая доктар, мяне і сапраўды доўга не прапускалі ў чарзе на аналізы, а я і не прасілася. Але нават я, неўміручы жыўчык, здалася на восьмым месяцы. Я нібы заснула ў адзін дзень без жывата, а прачнулася ўжо з ім. Цяпер хадзіць, сядзець, ляжаць, дыхаць стала цяжка. Нешта мне ўжо не бегалася і нават не хадзілася. Зараз сама са здзіўленне­м успамінаю, як па два разы хадзіла ў «Санту», бо не магла за раз прынесці ўсе неабходныя прадукты. Я жыву ў пяці хвілінах ад магазіна. Адразу я ішла за цукрам і малаком, пасля – за хлебам ды сокам. Гуляла туды-сюды ў дэкрэце. Прадаўцы адразу ветліва жартавалі быццам бы над маёй забыўчывас­цю, а пасля прывыклі да такіх двайных візітаў. Памятаю, як на апошніх тыднях ішла да матулі ў госці і за 300 метраў шляху прыйшлося двойчы прысесці адпачыць. Такіх момантаў было многа, усе самыя простыя рэчы для мяне ўжо былі ў цяжар.

Дык вось, калі той самы жывоцік вылез, рэзка змяніўся і падыход да мяне. У маім жыцці не стала чэргаў – ні ў бальніцы, ні ў магазінах. Можа, і хацелася мне лішні раз пасядзець пад дзвярыма кабінета, аддыхацца, як ужо нехта ветліва прапаноўва­ў ісці наперад. А як адна прадавец з той самай «Санты» давала мне сваю карту са зніжкай, бо ў мяне тады не было сваёй… Гэта нельга забыць. І ведаеце што? Калі ўжо пасля родаў я зноў сустрэлася з ёй на касе, то жанчына ўжо не прапанавал­а тую самую картку.

Аднак, калі такія асаблівыя адносіны да цяжарнай ад жанчыны чаканыя, то ад мужчын, і нават дзяцей, я такога не чакала. Памятаю, ехала ў гарадскім аўтобусе на чарговы прыём да доктара, набыла талон і выпусціла з рук капейкі. Хлопчык, падлетак, падскочыў за тымі капейкамі і падаў іх мне, а пасля прапанаваў сесці. Як тое было прыемна, хоць часта мне было няёмка ў такіх сітуацыях. А як мужчыны-суседзі адкрывалі дзверы і забіралі з рук пакет. А жылі мы тады ўсяго на першым паверсе. І кожны раз я прыемна здзіўлялас­я такому беражлівам­у падыходу.

І вось раптам усё змянілася. Ужо не так мне ўсміхаліся прахожыя, і дзверы не адчынялі, і ўжо не забіралі пакеты. Мне быццам стала не хапаць такой агульнай любові ад суседзяў і зусім незнаёмых людзей. Пасля з доляй прыкрасці я зразумела, што ўся справа была ў жывоціку… Нарадзілас­я мая дачушка ў верасні, і акурат той восенню я зноў успомніла пра чэргі. Аднак гэта не страшна, добра, што нашы людзі бачаць і заўважаюць стан таго, хто побач. Памятаюць сваё такое ж. Усе з нас матулі і бацькі, дзядулі і бабулі, цёткі і дзядзькі. Вы скажаце, мне проста пашчасціла, але я не веру, што так часта выпадкова ў магазінах, аўтобусах і ў самых розных установах мне трапляліся толькі правільныя людзі. Мы ўсе правільныя, калі бачым і чуем адзін аднаго. Усім сваім выпадковым сябрам я дзякую за такія цёплыя ўспаміны, яны і зараз грэюць душу.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus