Ivatsevitski Vesnik

А мова нямецкая не забываецца...

-

88-гадовая Яўгенія Пятроўна Кікун з Альбы – вязень канцлагера. Другі год жанчына жыве ў дачкі Галіны ў Падстарыні, але яе 40 сотак у роднай Альбе не пустуюць. Пад наглядам маці дзеці садзяць тут гародніну, ёсць і вялікае поле з жытам акурат за домам. Яўгенія Пятроўна бядуе гэтай вясной, бо сям’я можа застацца без жыта.

Яно добра ўзышло, але з-за марозных начэй з’явілася цвіль. Не сядзець без работы і берагчы кожнае зернетка яе навучылі галодныя гады вайны: канцлагер і работа ў Германіі…

Яўгенія Пятроўна, у дзявоцтве Шмігель, родам з Верашкоў. Калі летам 1942 года за ўсёй сям’ёй прыйшлі немцы, сумненняў у іх не было – вядуць на расстрэл. У сям’і было пяцёра дзяцей, адзіны старэйшы брат Аляксандр быў актыўным камсамольц­ам, таму Шмігелі былі на асобым кантролі. Сам брат разам з жонкай уцяклі, пасля Аляксандр вернецца з вайны з раненнем. Чатырох сясцёр разам з бацькамі павезлі на возе спачатку ў Калазубы, там падсадзілі на воз яшчэ моладзь, а пасля ў Ваўкавыску пагрузілі ўсіх на цягнік да Беластока. Тут, у канцлагеры, сям’я Яўгеніі Кікун прабыла некалькі месяцаў.

– Нам не дазвалялі боўтацца па тэрыторыі, укінулі ў казарму і загадалі сядзець ціха, – успамінае Яўгенія Пятроўна. – У казарме было безліч людзей: яўрэі, палякі, усходнікі… Мыцца дазвалялі часцей толькі беларусам. Мы хадзілі ў душ, але пасля было так холадна спаць на голых нарах. Коўдру ніхто не даваў, канечне, як і адзенне. У чым прыехалі, у тым і былі з лета да восені. Нас запускалі мыцца ў адны дзверы, а побач былі другія – туды ішлі людзі і ўжо не варочаліся назад. Я пабегла паглядзець, як там мыюцца і чаму ж не выходзяць. Людзі зайшлі туды, адкрыўся нейкі клапан, і ўсе пападалі… Немец мяне ўбачыў, схапіў за каўнер і адкінуў. Ох, пасля маці і сварылася на мяне. На работы я не хадзіла. Толькі памятаю, як працавалі яўрэі – насілі жвір у жменях у адзін дзень да аднаго краю плоту, у другі – да супрацьлег­лага.

Елі мы як свінні: раз у дзень давалі нячышчаную бульбу, падкалочан­ую буйнамолат­ым аўсом, і хлеб. Нашай малодшай Зіначцы тады не было і двух гадоў, і маці слёзна прасіла аднаго немца даць хоць нешта паесці малой. Ён адпусціў маці з лагера на паўгадзіны, і мясцовыя жыхары далі ёй малака. Добрыя людзі былі і ёсць ва ўсе часы…

Пасля Шмігеляў разам з Ганчарамі, то яшчэ адна сям’я з Верашкоў, на работу ў Германію, пад самы Берлін, забраў немец па прозвішчы Гельшміт. Яму раілі ўзяць менавіта беларусаў, бо яны самыя рахманыя. Сем’і пасялілі ў хляве, а раніцай трэба было ўжо працаваць на зямлі і даглядаць скаціну. Яўгенія Кікун згадвае:

– Дарослыя працавалі з раніцы да ночы, я была за няньку для малых. У тым хляве не было ўмоў, мыліся ў вадзе, якую налівалі каровам. Прыйшла восень, бацька пабудаваў там печку, стала цёпла і чыста. У нашым горадзе было быццам бы мірнае жыццё, але цэлымі днямі мы чулі выбухі, бо непадалёк была знакамітая рака Одэр. У гаспадара за любую дробязь можна было атрымаць па 20 удараў бізунамі. Я аднойчы ўкрала агурок, дык гаспадар спусціў на мяне сабаку. Сабака, вялізны такі, заскочыў мне на плечы і сядзіць. Кінула я агурок, тады наш немец адазваў таго Рэкса. Як я бегла тады дадому... А яшчэ ніколі не забуду мясцовы абутак – драўляныя шлёмбы. Яны завязваліс­я на назе, цяжкія такія, але ў іх было цёпла, натуральна­е дрэва грэла. Адно толькі, як пабяжыш у іх, дык як стукнеш той калодкай па костачцы, здаецца, і зараз яны мне баляць.

Цікавы быў і падыход да харчавання: усё выдавалі па картках на кожнага члена сям’і, у такім выпадку сем’ям з малымі дзецьмі было прасцей – грамы былі аднолькавы­я. Два разы на год давалі кабанчыка і ежу для яго. Тую ежу, канечне, людзі пакідалі сабе. Таму праз паўгода, калі немец прыходзіў важыць тушу, на вялікія прывагі разлічваць не прыходзіла­ся. Тое мяса распісвалі па норме на кожнага чалавека. Які б худы ні быў кабанчык, усё роўна распішуць на некалькі месяцаў. А мяса з’ядалася за два тыдні, далей жылі як прыходзіла­ся.

Яшчэ ўспамінала мая суразмоўца шлях дадому. Як у Берліне падскоквал­і салдаты, як абдымаліся-цалаваліся, калі пачулі пра перамогу! Падлетак Жэнька толькі расстроіла­ся, калі ўбачыла нашу баявую машыну, за рулём якой сядзеў ужо нежывы шафёр. Той так трымаўся за руль, быццам бы яго яшчэ чакала дарога…

Дзякуй богу, хата Шмігеляў у Верашках уцалела. Аднак радзіма сустрэла людзей беднай і разбуранай. І зноў варылі бульбяныя лупіны, збіраліся ўвечары каля вогнішча цэлай вёскай, неслі на агульны стол хто што мог. І нікога не абгаварылі ніколі, не было ніякага сораму ў ежы. Вось толькі да тых, хто прыехаў з Германіі, адносіліся спачатку насцярожан­а. Бо на радзіме ішла вайна, а яны быццам у Германіі перачакалі. Пасля размовы з Яўгеніяй Кікун разумееш, там вайна была свая: за ежу, за дзяцей, за здароўе і таксама за жыццё. Бо тое, што малая Жэнька ў лагеры не патрапіла ў той «вогненны» душ, – сапраўдны цуд.

За гады ў Германіі сёстры Яўгенія і Зінаіда (гэта яна двухгадовы­м дзіцяткам патрапіла ў лагер) вывучылі нямецкую мову і нават забылі сваю. Яшчэ доўга вясковыя дзяўчынкі не разумелі нашых вандроўніц. А Яўгенія Пятроўна і зараз на нямецкай мове і пагаворыць, і нават спяе. Хоча забыць тую мову, а памяць трымае яе ў галаве, як і ўсё астатняе…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus