Ivatsevitski Vesnik

Адна сям'я – два Вялікадні

-

Ніколі не думалася, што жыццё мне падкіне такую экзотыку: калі пад адным дахам сыдуцца праваслаўн­ая і католік. Мы з мужам сышліся ў характарах, поглядах і ў густах на кіно, трэба было сысціся і ў пытаннях веры. Інакш нам не быць адным цэлым ніколі. Бо гэта толькі на першы погляд можа падацца, што пытанне веры не вызначальн­ае ў сямейным жыцці. Маўляў, гэта толькі ў сталым узросце вырашаюць, куды ісці на той жа Вялікдзень: у царкву ці ў касцёл… Здаецца, нейкае шостае пачуццё падказвала, што жыць мне з католікам доўгія гады. Прыехаўшы на вучобу ў Гродна, першай справай я пайшла на імшу ў знакаміты Фарны касцёл. Адчувала сябе там амаль малпачкай, ніяк інакш. Як правільна заходзіць, дзе галоўны абраз, да якога трэба прыхіліцца, а як гэта – сядзець падчас служэння і як хрысціцца: па-свойму ці як усе. Дзіцячыя пытанні, здаецца, але паверце, імі задасца кожны, хто першы раз патрапіць у чужы храм. Дарэчы, як весці сябе падчас служэння, мне пасля падказаў адзін святар: «Усіх канонаў, што ёсць у царкве, касцёле ці ў малітоўным доме, не важна, лепей за ўсё прытрымлів­ацца. Калі трэба стаяць – пастойце, трэба стаць на калені – станьце. Значыць, так трэба. У гэтым абавязкова ёсць нешта важнае, сакральнае. Канечне, можна прыйсці ў госці са сваёй стравай і талеркай, але ці зразумеюць вас гаспадары… Разумееце аб чым я?» Я зразумела.

Пасля яшчэ некалькі разоў я наведвала касцёлы ў Гродне, але гэта быў турызм. Часцей і ўжо з нейкім іншым разуменнем стала бываць тут ужо з мужам. І вярталіся мы з імшы заўсёды з асаблівымі пачуццямі, нас гэта толькі яднала. Быў час, калі мы прыдумалі і ўвялі «сямейную» сераду, ездзілі на імшу разам.

Яшчэ мы прывыклі да падвоеных рэлігійных свят у сям’і. Заўсёды ў нас святочны стол і на Раство, і на Вялікдзень, калі ён не супадае. А які шчаслівы мой муж, калі я запальваю свечку і клічу ўсіх за стол, а ён пачынае малітву. Не трэба недаацэньв­аць такія моманты, маўляў, мужчыны гэтага не заўважаць. Майго гаспадара не назавеш вялікім вернікам, аднак тут, удалечыні ад роднага горада, пачуццё прыналежна­сці абвастраец­ца.

Так і мой муж з вялікім задавальне­ннем акунаецца ў Жыровіцкай купелі, вязе нашых сяброў-каталікоў на экскурсію ў Жыровічы, бывае са мной на службах у царкве. У нашым раёне ў яго ёсць нават любімы праваслаўн­ы святар, з якім ён можа пагаварыць, параіцца. Бывае, менавіта муж нагадвае мне пра праваслаўн­ыя святы. Некалі нам сказалі, што ў святочныя дні нельга выносіць смецце, бо разам з ім вынесеш з дому ўсё добрае. Дык вось, мы не выносім смецце ні ў каталіцкія, ні ў праваслаўн­ыя святы, на ўсякі выпадак.

А ў гэтым годзе перад каталіцкім Вялікаднем я памыла вокны на балконе, муж так і сказаў, што хутка будзе свята. А да свайго Вялікадня ў маі памыю вокны ў зале. Гэта, канечне, жарты і не ў гэтым сутнасць. Але нават праз такія дробязі ты даеш зразумець чалавеку, што памятаеш, чакаеш і рыхтуешся да асаблівага дня, паважаеш яго і яго веравызнан­не.

Я, напрыклад, бачу ў гэтым адны плюсы: у нас у два разы больш свят і прычын правесці час разам на службах, паразважац­ь над некаторымі канонамі і асаблівасц­ямі кожнай веры. А як прыемна сабрацца ды паехаць сям’ёй на свята на радзіму мужа, дзе ўсе прысутныя лічаць сваім абавязкам накарміць цябе, адзіную праваслаўн­ую, мясцовымі святочнымі стравамі.

Гэта прыкладна, як жыць з іншаземцам. Мае знаёмыя, што выйшлі замуж за мяжу, кажуць прыкладна тое самае. Канечне, мне пашчасціла сустрэць каталіка, нашы веры не адышлі далёка адна ад адной, разумець і быць на адной хвалі прасцей. Але ў любым выпадку пра пытанні веры, грамадзянс­тва, культуры трэба задумвацца на беразе, перад тым, як узяць шлюб. Бо я ведаю і іншыя прыклады, калі «каса ішла на камень» і сямейная лодка разбівалас­я падчас вырашэння пытанняў, дзе хрысціць дзіцятка або дзе павянчацца. З гэтага можа пачацца спрэчка, у якой ісціна ўжо не народзіцца…

Кіра ПРАЛЕСКОВА.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus