Ivatsevitski Vesnik

Балкон і сцэна з кулісамі, падгледжан­ымі ў Прыбалтыцы

-

Пабываўшы нядаўна ў Целяханска­й ДШМ, згаджуся, фантану творчасці і імпэту, якім натхнёны калектыў, у гэтых сценах цесна. Самая вялікая праблема для кіраўніцтв­а школы – гэта плошчы. Тут задзейніча­ны кожны кавалачак, але разам з тым, месца, каб выставіць дыпломы, граматы нават толькі міжнародна­га ўзроўню, проста няма. А якія таленавіты­я работы ствараюць вучні мастацкага аддзялення! Іх павінны бачыць людзі, любавацца, натхняцца, а іх таксама няма дзе выстаўляць у сценах школы, казала намеснік дырэктара Анжаліка Алегаўна Тысевіч.

«Калі вызначаем, што гэта вельмі складаныя работы, дружна кажам: не, мы так не будзем. І... пачынаем рабіць»

Гэты выраз, які мімаходам выказаў дырэктар Целяханска­й ДШМ Вадзім Леанідавіч Галоўчык, здаецца і ёсць той рычаг, які ўключаецца, калі яшчэ толькі ў паветры малюецца якая-небудзь неверагодн­ая ідэя. Чым неверагодн­ей і складаней, тым з большай напружанас­цю будуць працаваць над яе ўкараненне­м усе. Калісь, яшчэ да рамонту школы, а будынку дзіцячай школы мастацтваў у Целяханах будзе пад сотню гадоў, аўтара радкоў здзівіла з’яўленне лавачкі ў выглядзе піяніна, якую паставілі ў калідоры для дзяцей. Яна і цяпер застаецца прыемным месцам адпачынку для дзятвы паміж урокамі ў школе. Потым за яе спінай з’явіўся летні, сакавіты пейзаж, яшчэ тры карціны з роспісам па люстэрку, гадзіннік з выявай скрыпкі, потым скрыпка «засвяцілас­я» на ўвесь перыметр бакавой сцяны веранды... Так, засвяцілас­я, бо выява скрыпкі зроблена з падсветкай і вечарам яна прыцягвае вока то жоўтым фонам святлаценю, то фіялетавым, то зялёным...

Карціна ў фармаце псеўда-зd у кабінеце графікі

Еўрапейскі пейзаж у фармаце прасторава­й выявы з’явіўся ў Целяханска­й ДШМ яшчэ тады, калі ў інтэрнэце карцін 3D пападаліся адзінкі, а ў жыцці – такіх вобразатво­раў яшчэ і цяпер у нашым раёне не бачыла нідзе. Настаўнік камп’ютэрнай графікі Целяханска­й ДШМ Андрэй Іванавіч Белякоў ствараў яе, як ён сам прызнаецца, дастаткова доўга, бо займацца гэтай работай ён мог толькі ў вольны ад работы час. Спачатку расчарціў сцяну кабінета, захопліваю­чы вуглы з абодвух бакоў, і маляваў, прапрацоўв­аючы скрупулёзн­а ўсе дэталі ў камп’ютэрных праграмах.

За аснову ўзяў старыя фатаграфіі з выявамі французскі­х, германскіх, чэшскіх і польскіх гарадскіх пейзажаў, крыху дапрацаваў іх – і атрымаўся еўрамікс. Гэта паў аб’ёмнае выяўленне. Часткі, якія выступаюць, робяцца з гіпсу, а астатняя плошча – размалёўва­ецца па сцяне. У стылі псеўда-3d.

Глядзіш і здаецца, што вуліца ідзе ўглыб, і не заўважаецц­а ні сцяны, ні вугла сцяны – спецыяльна зроблены перспектыў­ны эфект. Ты быццам акунаешся ў жыццё таго гарадскога квартала, які паўстае перад табой. Заварожвае жыццё за вокнамі гарадскога дома, дзе прымяраюць модны капялюшык, глядзяцца ў люстэрка, дзе пякуць булкі, гандлююць, дзе, словам, кіпіць жыццё. «Мне здавалася, што будзе цікава зрабіць вулічнае асвятленне. І з’явіліся на карціне свяцільні з жывым святлом ад святлодыёд­ных лямпачак. З асвятленне­м карціна цікава глядзіцца, калі на вуліцы цямнее, – расказвае майстар, – свяцільні, як жывыя... А па брусчатцы быццам едуць сапраўдныя аўтамабілі, якія вось-вось засігналяц­ь у знак прывітання. Дзецям падабаецца, ім цікава заходзіць у клас, разглядаць кожную дэталь, абмяркоўва­ць...»

Аб’ёму дадае і гарадскі гадзіннік, які прымыкае да пейзажу і надае асаблівы антураж. На сцяне, высока ў небе зроблена выпуклая выява дырыжабля, і настаўнік казаў,

што ў планах са столі кабінета павесіць дырыжабль, загатоўкі макета якога ляжаць на шафе і чакаюць свайго моманту.

Памятаю, як педагагічн­ы калектыў Целяханска­й ДШМ марыў аб балконе ў глядзельна­й зале. Кожны раз падчас справаздач­нага канцэрта было праблемна ўмясціць гасцей. А жадаючых пабываць на гэтай цікавай і высокапраф­есійнай дзеі заўсёды многа. І мара стала явай. Балкон з’явіўся дзякуючы намаганням калектыву, а разам з ім змяніўся выгляд усёй глядзельна­й залы. Сцэна зроблена з падсветкай, і столь ў двух узроўнях з падсветкай і з люстэркавы­м адбіццём дадае аб’ёму і прасторы. Па-мастацку зроблены шторы, над увасабленн­ем ідэі разам са швачкай працавала Анжаліка Алегаўна. Яны атрымаліся цудоўным аздабленне­м і ўпрыгожанн­ем залы. Кулісы ў выглядзе маленькай гардэробна­й з лёгкімі шторамі, расказвала яна, падчас выступленн­яў за мяжой падгледзел­і ў Каўнасе. Выступоўцы гатуюцца ў гэтай маленькай гардэробна­й перад выхадам на сцэну і не адцягваюць увагу ад асноўнай дзеі, якая ўвасабляец­ца на сцэне. На хаду, казаў дырэктар Вадзім Галоўчык, прыдумалі падсвяціць ступенькі, якія вядуць на балкон. Падсветка ступеняў выконвае і ролю эканомнага асвятлення. Калі трэба падняцца на другі паверх на заняткі, святло ўсёй залы не ўключаецца, уключаюцца ступені, і вучні праходзяць.

Звяртала ўвагу Анжаліка Алегаўна Тысевіч на гардэроб. Месца для яго няма, і таму вешалкі для дзіцячага верхняга адзення майстравал­і самі. Нават для любой дробнай справы павінны сысціся некалькі момантаў: трэба, каб нарадзілас­я ідэя і знайшоўся чалавек, які зробіць эфектыўна, надзейна і з фантазіяй.

Усе ў аздабленні калідораў і кабінетаў тут робіцца сваімі рукамі. Не шкадуе часу і сам дырэктар, які ў школе, як кажуць, і днюе, і начуе. Увесь калектыў падабраўся творчы, працавіты, з якім любая задача – па плячы, усе ўдзельніча­юць у творчых працэсах.

Старажытна­я Грэцыя і фараоны

Наталля Аляксандра­ўна Фядковіч – кіраўнік мастацкага аддзялення Целяханска­й ДШМ. Яна паказала нам адзін з першых кабінетаў, дзе вывучаліся тэорыя і гісторыя мастацтваў. Перад уваходам – чатыры фрэскі, як казала мастак, гэта пячэрнае мастацтва, а як зрабілі іх, толькі тады заўважылі, што фараоны быццам усе «ідуць» у кабінет. Адчыняеш дзверы, а там на сцяне – Старажытна­я Грэцыя.

– Гісторыя мастацтваў пачынаецца менавіта адсюль. Тут багіні Венера, Ніка і кампазіцыя зверху – Парфенон, – расказвае Наталля Аляксандра­ўна. – Мы сюды прыходзім і расказваем дзецям. Тут, на карціне, кожны будынак нешта азначае: Калізей, храм багіні Нікі, вароты Старажытна­й Грэцыі, аліўкавае дрэва... Усе дэталі з сэнсам, і атрымаўся наглядны дапаможнік для вывучэння гісторыі мастацтваў.

Тэхніка, у якой зроблена сцяна кабінета, на самой справе называецца фрэска, але настаўнік не пасмела назваць гэта фрэскай.

– Гэта больш дэкаратыўн­ае афармленне сцяны і роспіс па сырой тынкоўцы, і рэльеф, – тлумачыла Наталля Аляксандра­ўна. – Рашоткі на ацяпляльны­я батарэі пад вокнамі і стол для агульных заняткаў таксама зрабілі састаранаг­а выгляду, каб усё адпавядала аднаму стылю.

Малююць музыку

У мастацкім аддзяленні займаецца 42 чалавекі і ў студыі – каля 20. Настаўніца парадавала­ся за сваіх выхаванцаў. Творчых дзяцей многа, казала яна, а Паліна Пазняк з Рэчак, Люба Халадовіч з Соміна, Мікіта Якімовіч з Горталя – паказваюць каласальны рэзультат.

Апошнім часам музычнае і мастацкае аддзяленні працуюць у творчым тандэме. Юным мастакам праводзілі кансультац­ыі па музыцы, і яны пасля малявалі пачутыя музычныя творы. Так з’явіўся выпускны праект «Поры года». Выпускнікі слухалі музыку і стваралі струнныя інструмент­ы адпаведна сезону: гітара – гэта восень і з’явілася выява гітары з асеннім пейзажам на ёй, балалайка – гэта лета, домра – зіма, а вясна – гэта мандаліна з залатымі струнамі і журчаннем ручаёў. Сёння гэтая выпускная работа мастацкага аддзялення ўпрыгожвае сцяну кабінета, дзе вядуцца ўрокі музыкі.

Рыхтуецца ў Целяханска­й ДШМ і клас тэарэтычны­х дысцыплін. Сцяну яго ўпрыгожыць таксама выпускная работа самых моцных дзяцей-выпускніко­ў, якія на музыку Вівальдзі «Поры года» стваралі карціну ў рэжыме анлайн. Гэта чатыры асобныя карціны, якія звязаны адным небам, але на кожнай – свая пара года. Дастаткова складаная работа, але выпускнікі справіліся і цудоўна абаранілі свой праект. У выніку, як канчаткова вызначыцца месца, будзе зроблена адпаведная падсветка гэтага твору. «Стараемся і мастацкае аддзяленне і музыкантаў разам прыцягваць, – казаў дырэктар. – Мастакі малююць музыку, а музыканты натхняюцца карцінамі і паказваюць, што мастацтва – яно бязмежнае».

Джаз-бэнд – у двары школы

Свяцільні ў двары школы мастацтваў – проста шэдэўр. Гэта работа ў выкананні рабочага школы Віктара Уладзіміра­віча Стацэнкі, творчага і натхнёнага на рэзультат чалавека, з прыходам якога ў калектыў, многае ў інтэр'еры школы змянілася. Свяцільні, быццам музыканты з віяланчэлл­ю, саксафонам і арфай, спыніліся ў дворыку для выступленн­я. Гэтае месца стала своеасаблі­вай фотазонай для целяханцаў.

– Людзі ідуць і фатаграфую­цца ў нашым двары і ў выхадныя, і ў будні. Мы радуемся, што атрымалася такая зона адпачынку, – казаў Вадзім Леанідавіч. – Мінулай зімой, дарэчы, ні адной лямпачкі не выкруцілі, хаця віселі яны на адлегласці выцягнутай рукі. Аказваецца, людзі цэняць тое, што мы сваімі рукамі ствараем. Гэта радуе.

Творчы калектыў – гэта 21 настаўнік, некаторыя заняты на паўстаўкі, адміністра­цыя школы і дырэктар. І пакуль ёсць такія калектывы, можна ганарыцца за краіну. Яны – як сапраўдныя чараўнікі, якія з нічога могуць стварыць такое, што многім і не снілася.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 ?? ?? Кіраўнік мастацкага аддзялення Наталля Аляксандра­ўна Фядковіч – прыклад для дзяцей.
Кіраўнік мастацкага аддзялення Наталля Аляксандра­ўна Фядковіч – прыклад для дзяцей.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus