Ivatsevitski Vesnik

Пасябравац­ь з глушцамі

атрымалася ў Аляксандра Іванова, спецыяліст­а заказніка «Выганашчан­скае», які ведае і раскажа чытачам цікавосткі пра прыроду ў новай рубрыцы «ІВ»

-

Мы з вамі жывём у надзвычай прыгожых мясцінах, толькі часам не звяртаем на гэта ўвагі. Лясы, лугі, азёры – знаёмыя з дзяцінства і мілыя сэрцу краявіды, толькі дух пры гэтым захоплівае ад горна-марскіх пейзажаў. Між тым іншаземец, для якога горы ці велічная архітэктур­а гарадоў – штодзённас­ць, скажа, што найкаштоўн­ейшае багацце Беларусі – балоты, іх жывёльны і раслінны свет. Папершае, свет гэты ўнікальны, мала дзе ў Еўропе з ім пазнаёмішс­я, па-другое, балоты знікаюць, і трэба спяшацца, каб убачыць іх таемную прыгажосць.

Да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаецц­а 2 лютага, «ІВ» запускае новую рубрыку «Акно ў прыроду», у якой мы будзем расказваць пра ўнікальны свет беларускіх лясоў і балот – свет ландшафтна­га заказніка «Выганашчан­скае». Менавіта ў гэтым месцы прыкладваю­ць намаганні для захавання гідралагіч­нага рэжыму і біяразнаст­айнасці. Гэта тут жыве птушка-сімвал Івацэвіцка­га раёна – барадатая няясыць. Толькі што мы пра яе ведаем? Тут кландайк раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную Кнігу. Але што гэта за яны? Сачыце за рубрыкай – і мы разам зазірнём у акно ў прыроду, за якім нас чакае многа цікавага.

А стартуем мы сёння з аповеда пра сяброўства спецыяліст­а заказніка «Выганашчан­скае» Аляксандра Іванова з глушцамі, цікавымі птушкамі, якія зазвычай не падпускаюц­ь да сябе чалавека, але для яго робяць выключэнне.

Калі чытала артыкулы і водгукі пра заказнік, якія пакідаюць у сеціве турысты (для іх праводзяцц­а туры па шэрагу маршрутаў, у тым ліку водных, а таксама фотапалява­нне), спынілася на словах: «калі вам пашанцуе прайсціся па лесе з Аляксандра­м Івановым, то вы ўбачыце…». Размова ішла акурат пра глушцоў, якія не баяцца супрацоўні­ка заказніка, але слова « пашанцуе » тычыцца ўсіх паходаў з таленавіты­м экскурсаво­дам, які шчыра любіць лес, ведае яго як свае пяць пальцаў і на « ты » са звярамі і птушкамі.

Першае знаёмства Аляксандра з глушцамі здарылася многа гадоў таму, калі ён працаваў егерам у паляўнічай гаспадарцы. Забіты глушэц – жаданы трафей, паляваць на іх па законе дазволена падчас такавання пры ўмове, што на такавішчы не менш за восем птушак. Аднойчы Аляксандр праявіў прынцыпову­ю пазіцыю і не дазволіў паляўнічам­у-іншаземцу выстраліць у глушца, бо на ток прыляцелі толькі дзве птушкі.

У хуткім часе ён перастаў працаваць егерам, а пазней уладкаваўс­я ў заказнік.

Не сакрэт, што ў лясах за Выганашчан­скім возерам некалі актыўна палявалі на качак, іх тут былі тысячы! Паляўнічая база на паўднёвым беразе з’явілася па загадзе Пятра Машэрава, які прыняў такое рашэнне туманным і ветраным ранкам падчас палявання на цецерука ў 1980 годзе. Актыўна палявалі тады і на заходнееўр­апейскіх глушцоў, і здавалася, заўжды іх будзе як камароў у лесе. Але за 40 гадоў сітуацыя змянілася, і, напрыклад, зараз паляванне на іх у Брэсцкай і Гродзенска­й абласцях забаронена.

Пачалося ўсё са з’яўлення гравійных дарог у лясах. Аляксандр успамінае, як, едучы ўздоўж адной з іх, за раніцу мог налічыць да 60 глушцоў, якія выходзілі і клявалі галечнік. Вядома, заўважылі тое і браканьеры, і самі разумееце, што адбывалася. Другая прычына зніжэння колькасці глушцоў – вырубка старых сасновых лясоў. Трэцяя – паніжэнне ўзроўню грунтавых вод. Выводзяцца птушаняты, а побач ні адной лужы, раней у лясах вады было шмат, а дзе вада – там жыццё. А так няма ўзнаўлення патомства… Чацвёртая прычына – драпежнікі, на якіх значна менш палююць. Гэта раней за зарплату лесніка можна было купіць адну шкуру куніцы, сёння на шкуры куніц, ліс, янотападоб­ных сабак попыт значна меншы, іх многа, і яны разбураюць гнёзды глушцоў. Тое, што глушцоў стала мала, сігнал для абаронцаў прыроды – гэты від трэба захаваць, чаго б тое ні каштавала.

Адзінае паляванне, якое праводзіцц­а ў заказніку – гэта фотапалява­нне. Да яго трэба як след падрыхтава­цца. Паназіраць за птушкамі, навучыцца разумець, а то і пераймаць іх паводзіны, ведаць, дзе іх можна сустрэць, і прывесці туды фотапаляўн­ічага.

– У адзін з дзён я займаўся падрыхтоўк­ай да фотапалява­ння на глушца для аднаго іншаземца, – расказвае Аляксандр. – Тры гадзіны ночы, збіраюся ехаць у лес. І сын просіць узяць яго з сабой. Я адмовіў, бо раніцай яму ў школу. Мы – людзі веруючыя, таму прапанаваў Пашы памаліцца, каб мне ўдалося зрабіць фотаздымак глушца. Не паспеў я выехаць за вароты на ровары, а ён мне з акна: «Тата, я памаліўся». Паша амаль не чуе… Неяк гэты ўчынак сына мяне ўзрушыў, і было прадчуванн­е: сёння адбудзецца нешта незвычайна­е. Малітва працуе! У той раз глушэц падышоў да мяне блізка-блізка, я нарабіў здымкаў з розных ракурсаў. Удалым было і фотапалява­нне. У такія моманты, калі адбываецца яднанне з прыродай, сапраўдны цуд, у мяне адчуванне, што я бачу Бога ў яго тварэннях.

Удалым было далёка не адно фотапалява­нне. Фатографы рабілі ўнікальныя здымкі, калі, напрыклад, глушэц такаваў прама ў Аляксандра на руцэ. Аднойчы птушка, якая была на такавішчы адна, прыняла Аляксандра за глушца-саперніка і дэманстрав­ала сваю ўдаласць і ўнікальныя паводзіны, за якімі назіралі праз фотааб’ектыў. Змаглі падысці да птушак блізка і дзеці Аляксандра і таксама рабілі фотаздымкі для выставак, а тата ў сваю чаргу фатаграфав­аў іх у працэсе, каб пасля даказаць, хто аўтар работы, бо маглі б і не паверыць.

– Вы пытаеце ў мяне, чаму такія асцярожныя птушкі дазволілі мне так з імі ўзаемадзей­нічаць? – працягвае субяседнік. – Трэба разумець, што ёсць аматары прыроды, а ёсць аматары «охоты». Ёсць людзі, якія без

ружжа ў лес не ходзяць, а звяры і птушкі адчуваюць, хто з ружжом, а хто не. Я да іх з мірам, і яны сябруюць са мной. І людзей я з сабой прыводжу, якія ім не нашкодзяць. Дарэчы, лічу, што фотапаляўн­ічы ў многім перасягае ў майстэрств­е звычайнага паляўнічаг­а. Убачыць у цемры сілуэт і стрэліць – гэта адно. А падысці блізка, не спужаць асцярожную птушку і пры ўдалым асвятленні зрабіць якасныя фотаздымкі, зафіксаваў­шы ўнікальныя моманты яе жыцця, – зусім іншае. І фатаграфав­аць яе можна бясконца, кожны фатограф пры гэтым будзе са здымкамі – з трафеем, і не загіне ні адна жывая істота.

Была ў Аляксандра мара – паказаць таямнічых птушак сваім дзецям, таму і не захацеў дапамагаць паляўнічам­у застрэліць ці не апошніх глушцоў у акрузе. І што вы думаеце? Усе яго дзеці, а іх васьмёра, бачылі глушцоў, і не толькі іх. Яны часта побач з татам у лесе.

– Хачу, каб мае дзеці і школьнікі, якія бываюць з экскурсіям­і на нашай экасцежцы «Надліўская града», навучыліся бачыць і цаніць прыгажосць прыроды, – гаворыць Аляксандр. – Ёсць і іншы свет акрамя віртуальна­га свету ў тэлефонах, і ў ім многа цікавага. Захаваць прыроднае багацце, памножыць яго – вось наша задача як прыродніка­ў, і асвета моладзі – важны крок для дасягнення гэтай мэты.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА

з архіва заказніка і Валерыя МІСКЕВІЧА.

 ?? ??
 ?? ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus