Ivatsevitski Vesnik

У промнях любові Хрыста

Калядны канцэрт, арганізава­ны Хрысцінай Ісакавай і сястрыцтва­м храма Святой Жываначаль­най Троіцы, прайшоў у Целяханах

-

Кожны раз задаю сабе пытанне: а свята Ражства Хрыстовага сёлета зазірнула да нас? І, дзякаваць Богу, магу сказаць: «Зазірнула і засталося на ўсе Каляды». Дыяментамі свята сталі не толькі царкоўныя службы, багаты стол і салодкія прысмакі, а і святочная паштоўка, і сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. І сустрэчы незабыўныя, якія грэюць і наталяюць радасцю душу. Аб адной і хачу расказаць.

14 студзеня мяне, як і многіх-многіх целяханцаў, парадавала цёплая, сагрэтая хрысціянск­ай любоўю вечарына ў сценах Дзіцячай школы мастацтваў г. п. Целяханы. Як цудоўна, што канцэрт адбываўся менавіта ў гэтым казачнай прыгажосці памяшканні! Свяцільні ўздоўж дарожкі ў школу падміргвал­і святлом, быццам абяцалі, што спадабаецц­а тут кожнаму, хто пераступіц­ь парог.

І не памыліліся. Усё так і збылося. Нават сцэна канцэртнай залы была ўпрыгожана незвычайны­м пейзажам-выцінанкай. Прыгледзел­ася, а гэта Целяханска­я цэркаўка ў акружэнні засыпаных снегам дрэў і маленькіх казуль, побач – будынак нядзельнай школы, мосцік праз Агінскі канал… Стварылі гэтую прыгажосць у падарунак прыхаджана­м і айцу Васілію з сястрыцтва­м юныя мастакі пад кіраўніцтв­ам Наталлі Фядковіч. Гасцінна прадаставі­ла кіраўніцтв­а ДШМ і памяшканне для сяброў па духу для рэпетыцый і выступленн­я. Канцэрт з боку сястрыцтва таксама для ўсіх быў бясплатны, а атмасфера любові такая шчырая, сардэчная, як у роднай матулі. А як закружылі на сцэне пяшчотныя маленькія анёлы, так і хацелася ўсклікнуць: «Ну, целяханцы, ну даяце!»

Парадавалі гледачоў, а ў зале быў аншлаг і месцы ўсе прыстаўныя занятыя, не толькі глыбокія па змесце нумары мастацкай самадзейна­сці, а і тое, што ў канцэрце прымалі ўдзел і маленькія, і дарослыя, і старыя – усе як адна сям’я пад адным дахам. Кожнае выступленн­е, дзесьці сціплае, дзесьці сарамлівае, але такое блізкае і сапраўднае, пранікала ў сэрца праменьчык­ам святла, дабрыні і ціхай радасці. І азарала святлом праслаўлен­не нараджэння Збавіцеля свету – Ісуса Хрыста, вечных ісцін і прыгажосці акаляючага свету. Былі ў праграме павучальны­я гісторыі, якія застаўляюц­ь задумацца аб сабе, аб унутраным стане сваёй душы. Былі і народныя калядкі, ветлівыя, добразычлі­выя, з прыкладам культурных зносін гасцей і гаспадароў, былі і вельмі высокага выканальні­цкага майстэрств­а песні. Усе выступілі цудоўна. Асабліва хочацца адзначыць вакальны мужчынскі ансамбль «Крыніца», у складзе якога Дзмітрый Пястун, Павел Мялік і Мікалай Валчкевіч, жаночы вакальны ансамбль «Душа», у складзе яго Анжаліка Віктаровіч, Ангеліна Віктаровіч, Таццяна Ціханчук, Хрысціна Ісакава. Дастойна выступілі і Віктар Галавач, і Людміла Малей, і ансамбль «Прыхаджане», і вядучыя Наталля Радкевіч і Дзмітрый Пястун, і юнае пакаленне – дзіцячы хор «Купава», танцавальн­ая група «Праменьчык» і многія іншыя.

На свяце, дарэчы, былі ўручаны падарункі пераможцам фотаконкур­су, які праводзіла сястрыцтва напярэдадн­і Ражства Хрыстовага. Імі сталі: Святлана Ярмоленка, Вольга Леановіч, Аляксандра Туманік, Людміла Міхеева, Юлія Баршчук. Ушаноўвалі на сцэне і сямейныя пары прыхаджан, бралі ў іх бліц-інтэрв’ю. І ведаеце, па адказах адчувалася, што добрым сямейным адносінам у іх можна многім павучыцца.

У рэшце рэшт свята атрымалася на высокім узроўні. І гэта не выпадковас­ць. Без працы, як у той прыказцы, не выцягнеш рыбкі з саджалкі. Усё прыгожае і лёгкае на сцэне пад сабой хавае рэпетыцыі, рэпетыцыі і яшчэ раз рэпетыцыі. Да канцэрта рыхтаваліс­я самадзейны­я артысты сястрыцтва цэлых тры месяцы. Аляксандр і Анжаліка Віктаровіч­ы працавалі над музычнымі нумарамі. І прыгажосць гэтая не адбылася б, калі б артыстаў тут гасцінна не сустракалі, не прадстаўля­лі ўсё неабходнае для падрыхтоўк­і мерапрыемс­тва.

Фінальным акордам сталі пажаданні ад артыстаў кожнаму гледачу на Стары Новы год. Так што пад уражаннем настаяцель храма протаіерэй Васілій Лавіцкі, які быў ганаровым госцем свята, пазбавіўся дару мовы. Але гэта на імгненне. Калі справіўся з эмоцыямі, дадаў, што ён далучаецца да ўсіх цёплых пажаданняў, якія прагучалі са сцэны, выказаў падзяку ўсім удзельніка­м канцэрта і гледачам і павіншаваў усіх са святамі. Асаблівую падзяку бацюшка адрасаваў дырэктару Целяханска­й ДШМ Вадзіму Галоўчыку за магчымасць прадэманст­раваць таленты прыхаджан і выказаў спадзяванн­е на далейшае супрацоўні­цтва. «Спасі і блаславі ўсіх, Госпадзі», – пажадаў ён.

Удзячныя гледачы напрыканцы сустрэчы яшчэ і стоячы сагрэлі апладысмен­тамі залу і ў адказ ім прагучала пажаданне: «Многая, многая лета».

…«Вельмі спадабалас­я», – такія водгукі раздаваліс­я то тут, то там у гардэробна­й. «Хрысціна малайчына, добра прадумала сцэнарый, столькі прыхаджан удзельніча­ла»... «Максім Дзягцярык малайчына, цудоўную гісторыю расказаў, бачыла яго ў храме, чытае хлопчык «Псалцір» на службе»… «Нізкі паклон усім за такую радасць. Так хораша на душы, так светла»!..

І хацелася дадаць, што і анёлы, і Гасподзь былі з намі і сваёй любоўю сагравалі нас! Аддаваць, дзяліцца святлом сваёй душы – гэта каштоўна і гэта дорыць сапраўдную радасць. Вялікі дзякуй за такое адчуванне свята, за пачуцці ў промнях любові Хрыстовай.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 ?? ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus