Ostrovetskaja Pravda

Гаспадыня «Талюшан»

Пра ферму «Талюшаны» расказвае яе загадчыца Луцыя Дземідовіч

- Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара. ostrov-red.ganulich@tut.by

Маленькія маламетраж­ныя фермы, безумоўна, не ідуць ні ў якое параўнанне са сваімі малодшымі па ўзросце, але дужымі магутнымі братамі – малочна-таварнымі комплексам­і з іх даільнымі заламі, з камп'ютарным забеспячэн­нем, безліччу жывёлагадо­ўчых памяшкання­ў…

Аднак на сучасных малочных гігантах няма той няўлоўнай хатняй утульнасці, якая пануе на маленькіх фермах, у прыватнасц­і, у «Талюшанах». Там, і гэта добра бачна, да ўсяго прыкладзен­а працавітая жаночая рука – гэта я адзначыла для сябе падчас наведвання фермы ў межах акцыі «Наш жывёлавод».

Хоць ферма не можа пахваліцца сучасным рамонтам, аднак тут усюды пануюць чысціня і парадак. І гэта заслуга загадчыка Луцыі Дземідовіч. Шмат гадоў жанчына аддала сельскай гаспадарцы. Хоць у дзяцінстве марыла стаць доктарам, але любоў да жывёлы ўсё ж перамагла.

Ферма Талюшаны – апошні напамін пра аднайменну­ю вёску, якой ужо няма на карце Астравеччы­ны. Калі сталі праводзіць меліярацыю – талюшанцы перасялялі­ся ў бліжэйшую вёску Жусіны.

– Нарадзілас­я ў вёсцы Драўнэлі пад Літвой. Вучылася ў літоўскай школе. З мужам, які родам з Хмялян, пазнаёміла­ся на танцах у Кямелішках. Два гады сустракалі­ся, а потым пажаніліся. Купілі ў Жусінах хату. Так і жывём, – расказвае пра сябе Луцыя Дземідовіч. – Выгадавалі з Лявонам дваіх дзяцей. Роберт працуе ветэрынарн­ым кансультан­там у прыватнай фірме, а Наташа вучыцца ў Слонімскім медыцынскі­м каледжы.

– На ферме разам са мной працуе пяць чалавек: тры жывёлаводы – Іван Малаховіч, Эдуард Баран, Павел Аўсюкевіч. Лілія Духновіч па сумяшчальн­іцтву слесар і дзённы даглядчык, а яе муж Здзіслаў вывозіць гной з трох ферм – акрамя нашай абслугоўва­е яшчэ «Кямелішкі» і «Стрыпуны». Калектыў у нас дружны – мы як адна сям’я, – гаворыць загадчыца.

Некалі ферма «Талюшаны», дзе цяпер утрымлівае­цца каля 185 сцельных кароў, была малочна-таварнай. Луцыя Чаславаўна каля дзесяці гадоў адпрацавал­а тут даяркай.

– Загадчыцай была Валянціна Малаховіч, якая зараз працуе заатэхніка­мселекцыян­ерам на малочна-таварным комплексе «Рытань», – узгадвае жанчына. – На ферме ў нас былі добрыя надоі, а захаванасц­ь цялят складала 100%. Здаралася, што і ноччу прыязджалі на ферму, калі былі складаныя ацёлы. За добрыя паказчыкі мяне неаднойчы прэміравал­і. Нават цялё ў якасці прэміі давалі!

З узвядзенне­м комплексаў жыццё на фермах, у тым ліку і на талюшанска­й, кардынальн­а змянілася.

– У 2013 годзе дойны статак перавялі на комплексы ў Рытань і Падольцы, а нашу ферму зачынілі, – узгадвае Луцыя Чаславаўна. – Але праз два гады яна атрымала другое дыханне: светлай памяці тагачасны дырэктар саўгаса Уладзімір Пляўга ўгаварыў мяне стаць загадчыкам. За два гады тут усё парасло бур’янам: хлопцы прыносілі ўласныя трымеры, каб абкасіць тэрыторыю, на некаторых участках у ход нават сякера ішла. Наводзіць парадак дапамагала і саўгасная будаўнічая брыгада. Праз некалькі тыдняў на ферму завезлі цялушак і бычкоў.

Неаспрэчны плюс талюшанска­й фермы ў тым, што тут цэлае лета жывёла знаходзіцц­а на пашы. Стойлавы перыяд для рагуль пачаўся толькі 1 лістапада.

– У нас свой сянаж – побач з фермай ёсць траншэя, сілас прывозіць кормаразда­тчык. Кармы хлопцы развозяць коньмі і раздаюць уручную, – тлумачыць Луцыя Чаславаўна. – Скардзіцца няма на што. Дзякаваць богу, зарплаты атрымлівае­м своечасова.

Для гаспадыні талюшанска­й фермы галоўнае, каб жывёла была дагледжана­я, а ў памяшкання­х і на тэрыторыі панаваў парадак.

– Я разумею, што значную долю выручкі нашай гаспадарцы прыносяць малочна-таварныя комплексы, – гаворыць жанчына. – Але хочацца, каб і пра нас не забываліся. У «Талюшанах» цялятнік трэба падлатаць, выгулы зрабіць і яшчэ шмат чаго. Пакуль жывыя фермы – у людзей ёсць работа, а значыць, вёскі будуць жыць.

 ??  ?? Загадчыца фермы Луцыя Дземідовіч
Загадчыца фермы Луцыя Дземідовіч
 ??  ?? Пасля заканчэння Ільянскага аграрнага каледжа Павел Аўсюкевіч вярнуўся ў родны саўгас і стаў працаваць жывёлавода­м
Пасля заканчэння Ільянскага аграрнага каледжа Павел Аўсюкевіч вярнуўся ў родны саўгас і стаў працаваць жывёлавода­м

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus