Ostrovetskaja Pravda

Ірэна Цюлюнова. Патаемнае

- Вольга ХАЦЯНОВІЧ. ostrov-red.hotyanovic­h@tut.by Фота аўтара і з асабістага архіва гераіні.

Кожны новы дзень 91-гадовая Ірэна Уладзіслав­аўна Цюлюнова з вёскі Фальваркі сустракае ўсмешкай і добрым настроем. Сваю бадзёрасць і зайздросну­ю для такога ўзросту рухавасць яна тлумачыць проста: «Жыву па запаведзях, якія даўно сабе пастанавіл­а».

Хутаранка

– Калісьці тут быў хутар Варонка, які потым далучылі да Фальваркоў… Хата Ірэны Уладзіслав­аўны стаіць у прыгожым месцы – на самым ускрайку вёскі Фальваркі, ля невялікай рачулкі, уздоўж якой вузенькай стужкай уецца дарога.

– Прапала Варонка, – уздыхае жанчына. І працягвае:

– Пяць двароў на гэтым баку ракі было. А цяпер я тут адна. Зрэдку наязджае сусед справа – у яго тут дача. Жанчына з першай сядзібы атрымала ад дзяржавы кватэру і выехала. Сястра стрыечная памерла – яе нежылая хата стаіць ад мяне злева. Дом бацькоў – ён быў першым ад маста праз рэчку – даўно знесены. Вось і ўсё…

Устаючы раней летняга сонейка, Ірэна Уладзіслав­аўна знаходзіць сабе занятак, хоць гаспадаркі з нядаўняй пары не трымае. Цішыню адзіноты вясёлым брэхам ажыўляе толькі сабака Рэксік, яе надзейны сябар і ахоўнік.

– Мела кароўку, але прадала. І коніка, і свіней ужо няма, курэй каршун панёс, – расказвае жанчына. – Але не магу прывыкнуць. Чым заняцца? Летам будзе агарод – толькі бульбы летась было дзесяць сотак. А зімой, каб не заседзецца, хоць дровы перакладаю з месца на месца. Не магу без работы, адразу хварэю. (Усміхаецца.)

Каб трымаць і цела, і душу «ў тонусе», Ірэна Уладзіміра­ўна напісала для сябе з дзясятак пастаноў, якія старанна выконвае.

Што рабіць, каб доўга жыць

Парады Ірэны Цюлюновай

– Не заставайце­ся доўга ў ложку. Большасць стогадовых людзей усё жыццё ўставалі рана. – Шмат не ешце. Паўната скарачае жыццё. – З аптымізмам глядзіце ў будучыню. – Заставайце­ся актыўным, асабліва пасля выхаду на пенсію. – Прымайце як мага менш лякарстваў. Не думайце пра хваробы. – Не курыце і трымайцеся падалей ад цыгарэт. – Піце больш вадкасці, асабліва вады. Забараніце сабе каву. – Кожны дзень ешце бананы і яблыкі. – Абавязкова майце хобі. – Атрымлівай­це асалоду ад жыцця, а дрэнны настрой праганяйце работай. – Вельмі важна мець сяброў. Яны – як прышчэпка супраць стрэсу.

Хобі Ірэны Цюлюновай – трэці канал беларускаг­а тэлебачанн­я.

– «Звязалася» з ім даўно: гляджу, слухаю і званю туды, – распавядае жанчына. – Дзмітрый Карась ужо двойчы ў госці прыязджаў і падарункі прысылаў. І падзяку атрымала, што галасую за яго выступленн­і ў тэлевізары. Падабаюцца мне яго песні. І ў часопіс «Я на пенсіі» некалькі разоў пісала, пра сваё жыццёбыццё расказвала. Даўно выпісваю «Сябра пенсіянера». І абавязкова – «раёнку».

Пра дзяцінства

– За любую работу бралася, не думала, што мне падабаецца рабіць, а што не. Трэба – і ўсё!

У хату, дзе прайшло дзяцінства і ўсё дарослае жыццё Ірэны, у дзявоцтве Кяжун, яе бацькі перайшлі, калі дзяўчынцы было тры гады. Да гэтага сем’і бацькі і яго брата жылі ў адной бацькавай хаце.

Сям’і Ірэны належала тры гектары зямлі і восем гектараў лесу.

– Шмат трэба было працаваць, – уздыхае хутаранка. – Памятаю, у 12 гадоў сярпом жыта жала пад лесам – і глядзела, каб не адстаць ад маці і цёткі – сноп у сноп з імі старалася ставіць. Я старэйшая ў сям’і – мне больш і працаваць даводзілас­я. Чацвёра дачок у бацькоў было: я, Тарэса, Алена і Рэгіна. Бацька хварэў, маці адной з дзецьмі цяжка. А гаспадарка вялікая: дзве каровы, конь, свінні… Я і за плугам умею хадзіць.

Пра вучобу

– Так шкадую, што мяне бацькі не пусцілі вучыцца – я настаўніца­й хацела быць! Абяцалі, але… – Я са школы памяшаная на кніжках, – прызнаецца Ірэна Цюлюнова. – Вучылася добра. Мой сшытак настаўніца як прыклад паказвала: «Пішыце так, як Кежунувна піша.»

Ірэна скончыла сем класаў Варонскай школы. І нават разумее і гаворыць папольску: у школе гэтую мову не выкладалі, але дзядзька, адукаваны чалавек, праводзіў заняткі ў сваёй хаце.

– Увогуле, не ведаю, адкуль і ў каго я такая ўрадзілася: сама ўсё ведаю і ўсё разумею, – усміхаецца Ірэна Уладзіслав­аўна.

Пра работу Пяць гадоў адзін на адзін з лічбамі – з такой задачай дзяўчына, якая не мела адукацыі, акрамя школьнай, спраўлялас­я лёгка.

Працавала Ірэна ў калгасе «Светлы шлях» у Юрчунах рахункавод­ам. А пасля аб’яднання калгасаў, калі кантору перанеслі ў Карвэлі, больш на работу не пайшла.

Маці, як расказвае Ірэна была лепшай швачкай раёна, працавала афіцыйна – нават плаціла падаткі. Гэтай справе і дачку навучыла.

– Я, як і мама, абшывала ўвесь раён, – з гонарам гаворыць жанчына. – Усё ўмела шыць. Цяпер, на жаль, ужо дрэнна бачу і рукі не тыя, але дзве швейныя машынкі яшчэ стаяць.

Пра сям'ю

– Ой, што я зрабіла, як маладая была! Выйшла замуж за «завочніка», які толькі з турмы прыйшоў… На танцы Ірэна бегала ў Фальваркі. Але замуж выйшла не за мясцовага хлопца – выбрала мужа з далёкай Гомельшчын­ы.

– Міця Цюлюноў быў удзельніка­м вайны, – узгадвае жанчына. – Вярнуўся дадому, ды нешта зрабіў ці сказаў не так – і яго пасадзілі ў турму.

Адрас дзяўчыны хлопец атрымаў ад знаёмай – зразумела, са згоды Ірэны. Цэлы год яны перапісвал­іся, а калі ён выйшаў з турмы, прыехаў да сваёй «завочніцы».

– Не шкадую, што прыехаў, – прызнаецца Ірэна Уладзіслав­аўна. – Спадабаўся ён мне. І я яму, мабыць, таксама – раз застаўся. (Смяецца.) І працягвае: – Хату нашу Міця сам адрамантав­аў – яна была накрытая саломай, потым дранкай – дах стаў прагніваць, працякаў. Сам усё рабіў – рукасты быў. У калгасе электрыкам працаваў. Добра мы жылі – аж да 2003 года, пакуль мой чалавек не памёр – рак у яго быў. З бальніцы з Гродна ўцёк – аперацыю пабаяўся рабіць.

Пра дзяцей

– Так сталася, што Бог не даў нам дзяцей. А я так хацела, лячылася, нават у Вільнюс ездзіла – урачы казалі: павінны быць. А не атрымлівал­ася… У Дзмітрыя ад першай жонкі была дачка Люся. Аднойчы муж прапанаваў Ірэне забраць дзяўчынку. Жанчына так хацела дзіця, што згадзілася.

– Я яе прыгожа ўбірала, дачкой лічыла, – уздыхае мая суразмоўца.

Люся скончыла Варонскую школу, потым Варнянскую – і паехала працаваць на ткацкі завод у далёкі Саратаў.

Праз два гады названая дачка Ірэны вярнулася ў Фальваркі з маленькім сынам і была тут, пакуль яе муж служыў у арміі. А потым пакінула двухгадова­га Ігарка на Ірэну і адправілас­я ў Латвію.

– Ігар быў у мяне аж да школы, – з пяшчотай у голасе расказвае Ірэна Уладзіслав­аўна. – Прыгожы хлопчык, высокі, круглатвар­ы. Я да яго, як да роднага, прывыкла…

Але і гэтае птушаня неўзабаве вылецела з цёплага і ўтульнага гнязда Цюлюновых, пакінуўшы ў сэрцы Ірэны незагойную рану. Ужо дарослым ён трагічна, недарэчна загінуў.

– Так шкадую, што Ігарка ад мяне забралі! – заламвае рукі жанчына. – Можа, быў бы жывы…

– І хоць мяне часта наведвае сацыяльны работнік – мой апякун, і кожны дзень зранку на бліны заходзіць родзіч, які дапамагае па гаспадарцы, адна я засталася, – падводзіць рысу нашай размовы Ірэна Цюлюнова. – Бывае, канешне, адзінока і ніякавата. Але я абрываю невясёлыя думкі: маладыя людзі паміраюць – а я да такіх гадоў дажыла на сваіх нагах і з галавой сябрую. Так што няма чаго грашыць Богу – жыві і радуйся!

 ??  ??
 ??  ?? Маці вучыць дзяўчат швейнай справе
Маці вучыць дзяўчат швейнай справе
 ??  ?? У дзядзькава­й хаце вучылі польскую мову
У дзядзькава­й хаце вучылі польскую мову
 ??  ?? Ірэна Уладзіслав­аўна з мамай і сёстрамі
Ірэна Уладзіслав­аўна з мамай і сёстрамі
 ??  ?? З мужам Дзмітрыем
З мужам Дзмітрыем

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus