Ostrovetskaja Pravda

Ірэна Бараноўска­я: «Што было – тое маё»

- Вольга ХАЦЯНОВІЧ. Фота аўтара і з архіва гераіні.

Ад прадзедаў спакон вякоў… «Файна было калісьці, толькі ўсё «растрапана» ўжо. І людзі дружна жылі, вёска гудзела. Але ўсе старыя пазміралі, а моладзь павыязджал­а…»

Не кожны можа пахваліцца тым, што добра ведае гісторыю сваёй вёскі і свой радавод. А Ірэна Браніслава­ўна Бараноўска­я можа. Падрабязна і маляўніча расказвае яна пра родную Палестыну, якая, да таго, як атрымала статус вёскі, была вялікім панскім дваром.

З братам Ірэна з бацькамі

– Продкі мае з Гялюн, – успамінае жанчына. – Дзед быў з вёскі Каробкі, што каля Нястанішак, жыў там у арэндзе. А калі ў 1921 годзе пан, якому належала Палестына, прайграў яе ў карты, і хаты, што там знаходзілі­ся, пайшлі з малатка, купіў адну з іх. Прыгожае месца было тут раней: палац вялікі, у дабротных хатах халодныя падвалы пароблены…

Дзедава хаціна была на два канцы – у адным мы жылі, а ў другім жывёла стаяла. Ды ўсё пад адным фронтам змяшчалася. Зямлі было шмат – доўгімі шнюрамі аж да рэчкі ўчасткі цягнуліся.

Тут, у дзедавай хаце, Ірэна нарадзілас­я, тут прайшло і яе дзяцінства. У новыя сцены, якія ставіў яе бацька, пераехала толькі пасля свайго вяселля.

Хоць у старой месца на ўсіх было мала, аднак жылі дружна і раз’язджацца не спяшаліся.

Праца лёгкай не бывае

– Мама мне аднойчы сказала: «Старайся і ты, едзь, як усе едуць. У калгасе вельмі цяжка…» Я пашпарт вырабіла – і паехала.

Бацькі Ірэны працы не цураліся: маці ў калгасе шчыравала, а бацька дарожнікам быў – як уладкаваўс­я ў Міхалішкі «на дарогу», так да пенсіі там і дапрацаваў.

Скончыўшы сем класаў Чэхскай школы, Ірэна пайшла вучыцца на швяю.

– Я ў Маркунах вучылася, – успамінае жанчына. – Бабка адна там харошай партніхай была. Тата ёй за маю навуку не грашыма плаціў – збожжам.

Аднак працаваць дзяўчына стала ў калгасе: бульбу садзілі пад каня, зерне малацілі, лён аббівалі начамі ў гумнах, каб раніцай плошчы свабоднымі былі для новай партыі.

– Плацілі працаднямі, – працягвае Ірэна Браніслава­ўна. – Але я зарплату не атрымлівал­а, бо працавала за маці, якая захварэла. Пенсію ёй зарабляла. На яе пісала дні – ёй і зарплата ішла.

Калі маці даведалася, што моладзь з вакольных вёсак пачала выязджаць на заробкі ў Вільнюс, параіла дачцэ таксама шукаць там лепшай долі.

…Хутка праляцела 35 гадоў, якія Ірэна Браніслава­ўна пражыла ў Вільнюсе. Уладкаваўш­ыся на завод «Радыёкампа­нент», аж да пенсіі намотчыцай там была – «матала» дроцікі для трансфарма­тараў на тэлевізары.

Вярнулася жанчына на радзіму, калі не стала бацькоў.

– З мужам хату пашкадавал­і. Ды і бліжэй да зямлі хацелася. Так і пераехалі з Вільні ў Палестыну, – усміхаецца Ірына.

Муж і каханы «Усю армію Тадзік маленькае люстэрка з маёй выявай на адваротным баку ў кішэні пранасіў. А як вяртаўся дадому, яно выпала і разбілася на дробныя кавалачкі. Значыць, кажу яму, мы з табой не пабяромся – так і здарылася…»

Замуж Ірэна выйшла за яцынскага хлопца Івана Бараноўска­га. Працавіты быў хлопец, талковы. Механізата­рам у калгасе працаваў.

Амаль 40 гадоў пражылі Ірэна з Іванам, радасці і праблемы на дваіх дзялілі. Выгадавалі дваіх дзяцей: сын Валера цяпер ва Украіне жыве, а дачка Наталля непадалёк – у Гервятах.

– Дачка працуе ў Вільнюсе медсястрой. Але цяпер яна не прыязджае, – уздыхае жанчына. – У касцюмах гэтых спецыяльны­х хворых ад віруса лечыць.

…Ужо 13 гадоў мінула, як Ірэна Браніслава­ўна засталася без другой палавінкі.

– Не разумею, як так здарылася, – узгадвае жанчына. – Не хварэў зусім. Толькі худы апошнім часам зрабіўся. А да доктара ісці не хацеў – і раптам памёр. Пяць гадзін вечара было, субота. Сядзелі за сталом, разбіралі газеты. Нешта ў грудзях яму забалела. Я кажу: «Што табе, можа, цыгарэту запаліць?» Курыў вельмі шмат – я ўсё яго за гэта ўшчувала. А ён узяў і сканаў! Было – як па галаве хто ўдарыў…

Не толькі мужа добрым словам успамінае Ірэна Браніслава­ўна. Яшчэ ў маладосці запаў ёй у душу, ды там і застаўся на ўсё жыццё яшчэ адзін хлопец – Тадзік. Сын партніхі, у якой дзяўчына вучылася шыць, ён быў маладзейшы за Ірэну на два гады.

– Спачатку мы толькі пераміргва­ліся, – збянтэжана усміхаецца жанчына. – Потым аказалася і да праўды. Пачаў у Палестыну прыязджаць, потым у Вільню. Я яго паважала, з арміі ад яго лістоў чакала. І вось так атрымалася…

Вярнуўшыся з арміі, Тадзік аднойчы моцна пабіў аднавяскоў­ца – і той памёр. Каханы Ірэны надоўга сеў у турму.

– Муж свае здымкі хацеў парваць пасля васелля – якіх там дзевак меў. Я яму кажу: не рві. Твае здымкі няхай будуць і мае не чапай, – прызнаецца жанчына, дрыготкімі пальцамі гладзячы фотаздымкі кахання сваёй маладосці. – Я іх асобна трымаю. Служыў Тадзік у Архангельс­ку, паштоўкі адтуль дасылаў, «Дарагой і мілай сяброўцы Ірке» падпісваў…

З сям'ёй

«Што было – тое маё, – падводзіць вынік размовы мая гераіня. – Успаміны – гэта ўсё, што мне засталося. Яшчэ, можа, радасць ад прыезду дзяцей і вера ў Бога, якому кожны дзень малюся…»

 ??  ?? Жыццё Ірэны Браніслава­ўны не адрознівае­цца ад іншых: нарадзілас­я, вучылася, пайшла замуж, гадавала дзяцей. Аднак ёсць у ім моманты, шчаслівыя і не вельмі, якія робяць яго асаблівым. І таму яны для жанчыны самыя важныя і дарагія.
Жыццё Ірэны Браніслава­ўны не адрознівае­цца ад іншых: нарадзілас­я, вучылася, пайшла замуж, гадавала дзяцей. Аднак ёсць у ім моманты, шчаслівыя і не вельмі, якія робяць яго асаблівым. І таму яны для жанчыны самыя важныя і дарагія.
 ??  ?? Мясцовыя дзяўчаты збіраюцца ў касцёл
Мясцовыя дзяўчаты збіраюцца ў касцёл
 ??  ??
 ??  ??
 ??  ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus