Вайна адгукалася ранамі
ПРА ЛЁС ВЕТЭРАНА ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ ГЕНРЫХА ВІКЕНЦЬЕВІЧА ЛУКШЫ РАСКАЗАЎ КАРЭСПАНДЭНТУ «АП» ЯГО СЫН ТАДЭВУШ.
– Спакутваны, скалечаны вярнуўся з фронту бацька. А ўсяго ж 21 год яму быў… З пяцярых дзяцей ён адзін хлопчык у сям’і.
З дакументаў ведаем, што 15 лістапада 1944га ён ужо быў у часці. Яго залічылі курсантам школы падафіцэрскага складу.
Пра вайну тата гаварыў мала – гэтую тэму толькі з сябрамаднавяскоўцам (Дрэма яго прозвішча было, таксама ветэран) уздымаў, наплачуцца тады… Баі не ўзгадваў, а вось з будзённага часам прыпамінаў, як ішлі ды думалі, каб пераапрануцца, памыцца ды вошы скінуць з галавы – яны проста заядалі.
Бацька кулямётчыкам быў. Удзельнічаў у адной з буйнейшых аперацый Вялікай Айчыннай вайны – Віслаодарскай.
А ў 1945м – 5 лютага атрымаў цяжкае раненне абедзьвюх ног – доўга не маглі загаіць іх, а скразныя дзіры ў пятах не зацягнуліся і да смерці. Франтавыя раны давалі пра сябе ведаць усё жыццё – ён, бядак, моцна пакутаваў!..
Дэмабілізавалі бацьку ажно ў канцы жніўня – са шпіталю адразу адправіўся дамоў.
Вярнуўся ў родныя Грэбалы, праз пару гадоў ажаніўся: знайшоў сваю другую палавінку непадалёк – маці варнянская, з новай вёскі. Спярша яны жылі ў Грэбалах, а тады купілі хату ў Малях. У сям’і нарадзілася сямёра дзяцей – нават трайняткі былі.
Як інваліду вайны дзяржава яму выдзеліла аўтамабіль з ручным кіраваннем.
Бацька працаваў у калгасе брыгадзірам, малакавозчыкам, вартаўніком. А як выпадала вольная хвіліна, садзіўся альбо кошыкі плесці – добрыя, моцныя атрымліваліся ў яго, альбо на паляванне ішоў, альбо выпраўляўся ў грыбы – быў заўзяты аматар гэтай справы, ніколі з пустым кашом не вяртаўся.
Памёр татка 17 сакавіка 1988 года. Гэты дзень і сёння помню да дробязяў. Ён, нікому не кажучы, выправіўся ў Астравец пехатой, вярнуўся стомлены… Прыбягае да мяне на работу швагер і кажа, каб ляцеў дамоў – бацьку нездаровіцца. Калі прыйшоў, сястра ўжо там была… Татка толькі і сказаў, што яму дрэнна і трэба крыху паляжаць. Сэрца… Хаця і не скардзіўся на яго… * чырвонаармеец Лукша прызваны на службу Вільнюскім ваенкаматам. Залічаны ў 4-ты пяхотны полк 2-га Беларускага фронту; * за здзейснены 5 лютага 1945 года подзвіг Генрых Вікенцьевіч узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі»;
* узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 19411945 гг.».
Рыта ДРЭМА.