Незаменны механізатар
Выказванне, што незаменных людзей няма, не тычыцца механізатара Валерыя Дзенюша з КСУП «Міхалішкі», чый партрэт увесь год красаваўся на раённай Дошцы гонару. Мужчына, так бы мовіць, са старой кагорты механізатараў, якія працуюць не дзеля ўзнагарод, а таму што інакш проста не ўмеюць. Больш таго, за перадавіком у гаспадарцы замацавана ажно 3 адзінкі тэхнікі: збожжаўборачны камбайн «Джондзір», трактар МТЗ1522 і кормаўборачны комплекс КВК80.
1. Ваша дзяцінства было шчаслівым?
– Напэўна, звычайным. Я з простай сям’і. Бацька ўсё жыццё быў механізатарам у калгасе імя Куйбышава (Быстрыца). Маці на пошце працавала. Як і ўсе вясковыя дзеці, летам з братамі (нас чацвёра) дапамагалі сенаваць, вясной садзіць агарод і бульбу, восенню капаць яе. Словам, не цураліся ніякай работы. За гэта і ўдзячны бацькам, што прывучылі да працы.
2. Як прыйшлі ў сельскую гаспадарку?
– Тата часта браў мяне з сабой на работу. З дзяцінства падабалася дапамагаць яму рамантаваць трактар. Бацькі, як і большасць аднавяскоўцаў, жылі са свайго мазаля. Старэйшы брат пайшоў у аграномію, працаваў старшынёй у саўгасе. Я, магчыма, таксама вучыўся б, але не выпадала, трэба было быць пры хаце, гаспадарцы, дапамагаць бацькам. У Старой Вілейцы адвучыўся на слесарааўтарамонтніка – і ў калгас пайшоў. Працаваў на трактары МТЗ52 з кабінай старога ўзору, пакуль не забралі ў армію. Служыў ажно ў Казахстане ў ракетных войсках. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся і сеў за навюсенькі МТЗ12. Пасля жаніцьбы стала жыву ў Міхалішках. Дарэчы, малодшы брат таксама працуе ў сельскай гаспадарцы, ён галоўны энергетык у саўгасе «Падольскі».
3. Якую пару года любіце найбольш і чаму?
– Асаблівай розніцы для мяне няма. Памыляецца той, хто думае, што зімой механізатары нічога не робяць. У сельскай гаспадарцы заўсёды работа знойдзецца. Зімой, напрыклад, на «Маніту» загружаў кармы, муку, угнаенні. Цяпер, напрыклад, настала пара касіць свірэпіцу на зялёны корм рагулям. Давяду да толку свой кормаўборачны камбайн КВК – і ў поле! Летам на «Джондзіры» ўбіраю саспелую збажыну. У апошнія гады працую без памочніка. Аднаму безумоўна цяжка, але што рабіць... Балазе сын дапамагае. Антон хоць і аграном па адукацыі, але не горш за мяне ведае механізатарскую справу.
4. Хто або што найдаражэй для вас?
– Як і для любога чалавека, гэта сям’я. З жонкай выгадавалі дваіх дзяцей. Дачка настаўніца, але зараз у дэкрэтным адпачынку. Пакуль з унучкай гасцюе ў нас. Сын працуе брыгадзірам раслінаводчага ўчастка ў нашай гаспадарцы. Не адно лета ў пары з ім абмалочвалі збожжа, з родным чалавекам прасцей працаваць.
5. Чаго б вы пажадалі для сябе, вашай гаспадаркі і Беларусі?
– (На хвіліну задумваецца.) Самае галоўнае і дарагое ў жыцці – гэта здароўе, астатняе – другаснае. Яго і папрасіў бы для сябе і блізкіх, асабліва для дзяцей і ўнучкі.
Для КСУП «Міхалішкі» – эканамічнага дабрабыту ці хоць бы адматаць назад стужку часу. Памятаю, даўней больш дружнымі былі, пасля ўборкі збожжа ладзілі ў калгасе «Дажынкі». Ды і ўраджай быў лепшым. Можа, так думаецца, бо маладзейшы быў? (Усміхаецца.) Ва ўсякім выпадку, хацелася б, каб і патрэбныя запчасткі своечасова былі, каб тэхніка новая паступала, каб збожжа добра сыпалася і былі вялікімі надоі.
Здавён нашу краіну вылучала тое, што тут жывуць спакойныя людзі. Для Беларусі жадаю аднаго – мірнага неба, а ўсё астатняе мы здабудзем самі сваёй працай.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.