Perspektiva

Кілька ў тамаце

- Валянціна ШЧАРБАКОВА

Успаміны

У майго малодшага брата юбілей. Ён нарадзіўся 65 гадоў таму. Гэты свет сустрэў яго па звычаі, які існаваў у нашай мясцовасці. Вось як гэта адбывалася.

Калі прывозілі парадзіху з бальніцы дадому, праз некалькі дзён прыходзілі яе адведваць жанчыны. Гэта радня, суседкі, сяброўкі. Да мамы прышло дваццать сем жанчын. Дваццать дзевяць было толькі ў Шуры Саўчынай: у яе вялікая радня з абодвух бакоў. Гаспадыня не павінна была клапаціцца і што-небудзь ставіць на стол з ежы. Усё прыносілі з сабой госці. У кошыку ці ў торбачцы знаходзілі­ся паўбутэльк­і самагонкі (заткнутай коркам, мастацкі скручаным з газеты), пяць яек, палова бохана пірага ці пышкі і абавязкова (ці маеш ты грошы, ці не) куплялі ў краме банку кількі ў тамаце. Хто мог, той прыносіў кавалачак паляндвіцы альбо сухой каўбасы. Госці садзіліся за сталы, пакрысе выпівалі, больш гаманілі, не слухаючы адзін аднаго. Бацьку дзіцяці за стол не клікалі. Не дазволена было.

Потым выносілі немаўля. Клалі на стол, распавівал­і, аглядалі з усіх бакоў. Мералі, каб не было вывіхаў: левы локцік ручкі – да правага каленца і наадварот. Рабілі прагнозы па нейкіх адных ім вядомых прыкметах – будзе вялікім, разумным, працавітым і так далей.

Мы, дзеці, каб не заміналі пад нагамі, ляжалі на жыватах на печы і за ўсім назіралі. Праз нейкі час вельмі прагаладал­іся. На шафе стаялі адкрытыя банкі з кількай. Брат вылучыў момант, узяў дзве і падаў на печ. З’елі ўсё без хлеба. Потым паснулі. А ноччу мне было вельмі кепска са страўнікам. Праз столькі дзясяткаў гадоў мой нос памятае гэты пах і цяпер не дазваляе есці аніякую рыбу ў тамаце.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus