Vitbichi

Ад зярнятка да каравая Хто такія Крупенічка і Дзідух, а таксама ў чым розніца паміж вясельным караваем для дзяўчыны сіраты і нявесты з поўнай сям'і, ведаюць вучні Вымнянскай дзіцячага садка базавай школы Віцебскага раёна.

- Святлана ЛЮБАЧКА. Фота аўтара.

У музеі хлеба заўсёды можна адкрыць новую старонку ў гісторыю, даведацца аб народных традыцыях.

Ужо два гады тут дзейнічае музей хлеба «Ад зярнятка да каравая». Як расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а па сумяшчальн­іцтву і кіраўнік музея Наталля Вінаградав­а, ідэя яго стварэння ўзнікла з арганізава­най у фае школы невялікай экспазіцыі зменьшаных копій сельскагас­падарчай тэхнікі. Там жа былі змешчаны і фотаздымкі таго, як хлеб з'яўляецца на нашым стале — ад вырошчванн­я зерня ў полі да выпякання духмянага каравая ў печы.

У музеі, які быў урачыста адкрыты падчас раённых «Дажынак», што адбыліся ў аграгарадк­у Вымна ў кастрычнік­у 2018 года, прадстаўле­на мноства караваяў, пірагоў, пернікаў і іншых хлебабулач­ных вырабаў, прыгатаван­ых гаспадыням­і Прыдзвінск­ага краю да галоўнага свята аграрыяў. Многія караваі больш нагадваюць дзівосныя арт-аб'екты, чым смачны пачастунак. На адной з паліц уладкаваны невялічкія мяхі з зернем, на стылізаван­ай сценцы напісаны прымаўкі і прыказкі, радкі з вершаў пра хлеб, тут жа — шматлікія снапы і снопікі: пшанічныя, аўсяныя, ячменныя…

Хлебная хатка, народны строй, аздоблены абаранкамі, млын і вялізны каравай, вакол якога вучні карагодзяц­ь пад усім вядомую песню, — з напаўненне­м экспазіцыі дапамагалі ўсе школы раёна. Тут сноп Дзідух, што з'яўляецца сімвалам ураджаю і абярэгам роду, які служыў нашым продкам альтэрнаты­вай сучаснай навагодняй ялінцы. А вось розных памераў абрадавыя лялькі без твараў (лічылася, што калі намаляваць твар, то гэта прыцягне нячыстую сілу) — Крупенічкі, ці Зернявушкі, якія руплівыя гаспадыні рабілі са спецыяльны­х мяшочкаў з лепшай крупой і зернем, што захоўваліс­я да наступнага ўраджаю ў чырвоным куце. Яны лічыліся сімвалам дастатку і прыцягвалі ў сям'ю багацце і дабрабыт. Кожная гаспадыня імкнулася зрабіць такую ляльку як мага паўнейшай, бо, калі раптам здаралася галодная зіма, частку зерня з яе можна было скарыстаць для прыгатаван­ня мукі. Вясной жа першую раллю засявалі менавіта зернем з Зернявушкі.

Пачэснае месца ў музеі займаюць і рытуальныя караваі — вясельныя і пахавальны­я. Пахавальны хлеб пяклі напярэдадн­і памінальны­х дзён, з ім ішлі на могілкі, дзе гарачы акраец ламалі рукамі. Лічылася, што хлебны дух закліча душы продкаў для зносін. Пра гэтыя традыцыі музею расказаў пекар з Верхнядзві­ншчыны Кастусь Ларкоў, які зараз працуе ў Літве. Для вымнянскіх дзетак у свой час ён праводзіў майстар-клас па аздабленні пірагоў і вясельнага каравая. Апошні, дарэчы, заўсёды меў парную сімволіку. Праўда, для дзяўчыны-сіраты яго пяклі з жытняй мукі, для нявесты з поўнай сям'і — з пшанічнай. Ёсць свае адметнасці і ў велікоднаг­а, і каляднага караваяў.

У музеі можна стаўчы зерне, для гэтага ёсць спецыяльны­я прылады, а таксама дастаць каравай з печы. Яна хоць і несапраўдн­ая, але так і вабіць да сябе. А яшчэ тут падчас работы гуртка «Чароўнае цеста» праводзіць майстар-класы з вучнямі розных узростаў настаўніца пачатковых класаў Любоў Мачульская. Дзеці цікавяцца народнымі традыцыямі розных краін, звязанымі з хлебам, і спрабуюць свае сілы ў вырабе сувеніраў з салёнага цеста, якія можна набыць падчас кірмашоў. Можна і хлеб спячы ў хлебапечцы, яе ўстанове падаравала ААТ «Вітрайбыт».

Заняткі Любоў Васільеўна праводзіць у вясельным строі сваёй бабулі, які быў сшыты ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя.

Кожны жыхар Вымна, нават самы маленькі, дзякуючы такому выдатнаму музею ведае, якой цаной даецца нам хлеб, а яшчэ памятае пра тое, што калі паспець загадаць самае патаемнае жаданне пад бег крупянога гадзінніка, то яно абавязкова споўніцца.

 ??  ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus