Кукурузны лес у прычэп палез
Дзеля эфектыўнага выкарыстання зямель некалькi гектараў УП «Шумiлiнскi райаграсэрвiс» перадало ААТ «Сушчава-Агра», кiраўнiком якога з’яўляецца Руслан Фурашоў.
Як расказалi спецыялiсты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы i харчаваннi Шумiлiнскага райвыканкама, гэтыя землi выкарыстоўваюцца па-гаспадарску: на iх сёлета былi засеяны зерневыя i зернебабовыя, кукуруза.
На днях мы пабывалi ў Лескавiчах, дзе на ўборцы кукурузы рупiўся мехатрад «Сушчава-Агра». Галоўны аграном Эвелiна Пальвiнская расказала, што асноўныя кукурузныя палеткi прадпрыемства — 124 гектары — засеяны у вёсцы Сушчава Вiцебскага раёна. Але i на Шумiлiншчыне вырашылi паспрабаваць, як апраўдае сябе ўкраiнскi гатунак «краснадарскi».
— У прынцыпе ўраджаем задаволены — 250 цэнтнераў з гектара, — кажа Эвелiна Антонаўна. — Для гэтага года, калi спачатку залiло вясной, а потым летам палiла спякота, гэта нядрэнны вынiк.
Кукурузныя палеткi ў Пабедзе
(а гэта 45 гектараў) часткова ўжо ўбралi, заклалi больш за 500 тон сенажу. Палеткi ў Лескавiчах, якiя знаходзяцца ля фермы, летась былi ўгноены арганiкай, таму кукуруза сцяной стаiць.
Скошвае i здрабняе кукурузу на сiлас на кормаўборачным камбайне «Ягуар» вопытны механiзатар Цiмафей Шаўроў. Кожны дзень на ягоным рахунку да трохсот тон корму. З яго адвозкай спраўляюцца Пётр Кавалёў, Аляксей Радзiвонаў i Аляксандр Буракоў. Кiраўнiцтва сельгаспрадпрыемства палiчыла, што закладваць сянажную траншэю непадалёк ад поля ў Лескавiчах больш эканамiчна выгадна, чым вазiць сiлас адразу ў Сушчава. За кормам будуць прыязджаць на вялiкагрузных машынах зiмой.
Адзiн з асноўных этапаў нарыхтоўкi сiласу — гэта трамбоўка. I тут мы сустрэлi ўраджэнца Шумiлiнскага раёна Мiкалая Слямнёва, якi працаваў на пару з Вiктарам Сiнкевiчам.
— Родам я з Маркава, – расказаў Мiкалай. – Жыву ў Сушчаве i працую ў мясцовай гаспадарцы. Але вось бачыце, як лёс распарадзiўся: зноў прыехаў рупiцца на шумiлiнскiя палеткi. Працуем мы ўвесь светлавы дзень. Дзеля лепшага захоўвання сiласу дадаём у яго спецыяльныя кансерванты.
ААТ «Фурашова-Агра» спецыялiзуецца не толькi на раслiнаводстве, але i мясной галiне жывёлагадоўлi. На фермах у Сушчаве трымаюць на адкорме дзве тысячы бычкоў. Для iх i прызначаецца пажыўны, недарагi i ўнiверсальны кукурузны сiлас, якi цалкам задавальняе энергетычны рацыён жывёлы.