На Палессі ёсць мясціна…
Кожны інтэлігент любой нацыі перш за ўсё і лепш за ўсё ведае культуру (гісторыю, мову, мастацтва, літаратуру) сваёй нацыі, і гэта натуральна.
У Мазырскім медыцынскім каледжы адбылася незвычайная падзея. У межах XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Тэкст. Мова. Чалавек», арганізатарам якой выступіла ўстанова вышэйшай адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна», было праведзена культурна-асветніцкае мерапрыемства пад назвай «На Палессі ёсць мясціна».
Гэта мерапрыемства, падрыхтаванае разам з выхавацелямі і навучэнцамі метадыстам каледжа Верай Іванаўнай Марцiнкевіч, прайшло ў фармаце сустрэчы з цікавым чалавекам. У якасці гасцей былі запрошаны навукоўцы ў галіне філалогіі, прадстаўнікі ўніверсітэта: Васіль Васільевіч Шур, доктар філалагічных навук, прафесар; Алена Валер'еўна Кавалёва, дацэнт кафедры замежных моў і методыкі выкладання замежных моў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Ганна Віктараўна Юдзянкова, загадчык аспірантуры, кандыдат філалагічных навук, а таксама Святлана Уладзіміраўна Шахоўская, дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка (г. Мінск).
Прафесар Васіль Васільевіч Шур выступіў з прамовай «Імя ўласнае ў прасторы тэксту– мовы–культуры». Ён расказаў будучым медыцынскім работнікам шмат цікавага пра ўласныя імёны і прозвішчы, заклікаў іх цікавіцца паходжаннем назваў, гісторыяй нашых
гарадоў, вёсак, паселішчаў і іх знакамітымі людзьмі. Прафесар узгадаў пра чатырох ураджэнцаў Мазыршчыны, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якім было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза. Не абышоў увагаю прамоўца і былых выпускнікоў медыцынскага каледжа, якія сталі шырока вядомымі людзьмі. Гэта Уладзімір Аркадзьевіч Бобр, Іван Уладзіміравіч Дуда, Эдуард Іосіфавіч Збароўскі.
Навучэнцы таксама прымалі актыўны ўдзел у сустрэчы: усе прысутныя змаглі паглядзець слайдшоу «Горад над Прыпяццю» (падрыхтаваў Андрэй Бурдук), паслухаць музыкальны нумар у выкананні Юліі Гаўрыленка, адчуць асалоду ад чытання вершаў Дар’яй Проц і Сяргеем Сідаравым. Дарэчы, на вечарыне гучалі вершы, аўтарамі якіх з’яўляюцца супрацоўнікі ўстаноў аховы здароўя Беларусі.
Увесь вечар гучала беларуская мова, таму што гэта была адна з пастаўленых задач – спрыяць пашырэнню выкарыстання беларускай мовы як сродка камунікатыўнага ўзаемадзеяння моладзі. Па меркаванні арганізатараў, вельмі важна, каб сённяшняя моладзь ведала і захоўвала культурныя здабыткі нашых продкаў і сучаснікаў. І каб не толькі ведала, але і змагла перадаць нашы спрадвечныя каштоўнасці будучым пакаленням. А гэта ці не ёсць выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці ў наш час? Таццяна ПРАКОПЧАНКА,
супрацоўнік Мазырскай гарадской паліклінікі № 2.