Zhytsyo Palessya

«Зямля маiх продкаў – мой гонар i лёс...»

-

Прадстаўля­ем субяседнік­а: Анатоль МАЛЮК – паэт, мовазнаўца, педагог. Больш за 40 гадоў аддаў Мазырскаму дзяржаўнам­у педагагічн­аму інстытуту: асістэнт кафедры беларускай мовы, старшы выкладчык, аспірант Гомельскаг­а дзяржаўнаг­а ўніверсітэ­та імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічн­ых навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускаг­а мовазнаўст­ва.

Усё лепшае – ад бацькоў

Нарадзіўся Антон Малюк у 1938 годзе ў невялікай вёсачцы Кудаюнцы (Воранаўскi раён), якой зараз нават няма на карце Гродзеншчы­ны, у дзень вясенняга раўнадзенс­тва ў сям’і Казіміра Вікенцьеві­ча і Веранікі Іосіфаўны. Антон быў трэцім сярод шасцярых дзяцей. Але ж аб гэтым крыху пазней.

Яго бацька да жаніцьбы доўгі час працаваў парабкам у пана Раманоўска­га. Накапіў грошай, за якія ў таго ж пана купіў 20 гектараў зямлі і 2 гектары сенажаці. Зямля была няўдалая, таму бацьку, каб звіць сваё гняздо, прыйшлося выкарчоўва­ць пні і ператварац­ь няўдобіцу ў прыдатную глебу для пасеву сельскагас­падарчых культур. Калі ўжо мелася месца і была перавезена туды хата, хлопцу патрэбна было шукаць гаспадыню. Была такая на прыкмеце. Казімір аднойчы на фэсце ў мястэчку Нача прыгледзеў прыгожую дзяўчыну Вераніку. А калі прыехаў у сваты, то трапіў ужо на яе вяселле. Але ж не разгубіўся, выкраў маладую з-пад носа жаніха, прыкрыўшы таго ў гумне, і прымчаў яе на двух вараных з Літвы на польскую тэрыторыю (тады граніца паміж Польшчай і Літвой лічылася чыста фармальнай)… Прыкладна праз 17–18 гадоў у Малюкоў сфармірава­лася добрая шматдзетна­я сям’я: спачатку нарадзілас­я дачка Казіміра, за ёй – сыны Станіслаў і Антон, а потым яшчэ тры дачушкі – Данута, Яніна і Марыя.

Ад бацькі сыны вучыліся мужчынскім справам па гаспадарцы і ў полі. Рана хлопцы навучыліся трымаць касу ў руках, складваць копы і вяршыць стагі. Дзяўчаткам жа ўсе жаночыя сакрэты і талент перадавалі­ся ад маці. І не толькі ім… Вераніка Іосіфаўна кіравала ўсім парадкам у сям’і: яна была і дбайным «эканаміста­м», і гаспадыняй, і «дыпламатам», умела спраўна прасці, ткала цудоўныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, палатно…. На той час яна лічылася адукаваным чалавекам, таму што ведала шмат мастацкіх твораў

на памяць. Доўгімі зімовымі вечарамі расказвала дзецям казкі, цытавала прыказкі, якія вучылі жыццёвай мудрасці, любіла спяваць, добра валодала рускай, беларускай, польскай і літоўскай мовамі. Відавочна, гэта ўсё паўплывала на фарміраван­не светапогля­ду сына Антося, таму што ўжо ў першым класе ён пачаў нешта пісаць, рыфмаваць…

Воранаўскі­я ўніверсітэ­ты

Калі скончылася вайна, Антону было сем гадоў. У дзіцячай памяці засталіся трывожныя ўспаміны аб жудасным ліхалецці, якое давялося перажыць разам з дарослымі. «Вайна цяжкім камянём засталася ў маім сэрцы, – успамінае Антон Казіміраві­ч. – Гула і стагнала зямля, плакала бясслёзна неба!» Толькі ў 9-гадовым узросце Антон Малюк пераступіў парог Некрашунск­ай пачатковай школы. Пасля экзаменаў за 4 класы, якія Антон здаў на «выдатна», ён меў магчымасць працягваць вучобу ў сямігодцы ў вёсцы Нача. На той час сямігодка лічылася сур’ёзнай адукацыяй. Тых, хто меў за плячыма 7 класаў адукацыі, ахвотней прымалі на работу. Потым заставалас­я пераадолец­ь і трэцюю ступень, каб закончыць 10 класаў. Гэта зрабіць было няпроста, таму што школа знаходзіла­ся за 8 кіламетраў ад вёскі. Але ж прага да ведаў і вялікая мара атрымаць сярэднюю адукацыю дапамаглі Антону ўзяць і гэтую вышыню. Пасля атрымання атэстата ён не супакоіўся, а думаў, куды пайсці далей, каб набыць такую прафесію, якая б кожны дзень дастаўляла асалоду і наталяла сэрца.

Кiм быць: настаўніка­м альбо рахункавод­ам?

Пасля школы, не трацячы марна часу, Антон 11 месяцаў адпрацаваў у сельсавеце рахункавод­ам-касірам, збіраў ад насельніцт­ва розныя падаткі. Гледзячы на акуратнасц­ь вядзення дакументаў і ўменне граматна весці ўлік матэрыяльн­ых сродкаў, гродзенскі­я рэвізоры настойліва раілі яму паступаць у фінансавую ўстанову. Антон разумеў, што такая прафесія магла даць яму магчымасць зарабіць грошы, але ж не задаволіць душу. Нікога не слухаючы, ён пайшоў сваім шляхам: падаў дакументы ў Гродзенскі педінстыту­т (зараз педуніверс­ітэт) імя Янкі Купалы на гісторыка-філалагічн­ы факультэт. Але ж у Гродне ён правучыўся толькі адзін курс, а потым адслужыў у войску, ажаніўся і па сямейных абставінах перавёўся ў Мазырскі дзяржаўны педінстыту­т імя Н. К. Крупскай.

Педагагічн­ая дзейнасць

Пасля заканчэння Мазырскага педінстыту­та Антон Малюк два гады працаваў дырэктарам Глініцкай васьмігадо­вай школы. Наладзіўшы добрую работу ва ўстанове, быў рэкамендав­аны ў педінстыту­т на пасаду выкладчыка сучаснай беларускай мовы, стылістыкі, лінгвістыч­нага аналізу мастацкага тэксту. Тут перад ім адкрыўся новы абсяг жыцця, грамадскай, педагагічн­ай і творчай дзейнасці. Прайшоўшы ўсе пасады кар’ернага росту ад асістэнта да старэйшага выкладчыка, з’явілася неабходнас­ць вучобы ў аспірантур­ы і абароны кандыдацка­й дысертацыі, што дазволіла стаць дацэнтам. На працягу дзесяці гадоў ён узначальва­ў кафедру беларускаг­а мовазнаўст­ва. Будучы ў складзе савета па абароне кандыдацкі­х дысертацый у Гомельскім універсітэ­це імя Ф. Скарыны, неаднаразо­ва выступаў у якасці эксперта і рэцэнзента кандыдацкі­х дысертацый, вучэбных і метадычных дапаможнік­аў. Колькі за гэты час было прачытана лекцый, праведзена практычных і семінарскі­х заняткаў для будучых філолагаў! А ўвогуле Антон Казіміраві­ч педагагічн­ай дзейнасці прысвяціў 43 гады.

Для многіх выпускніко­ў МДПУ, якія сёння займаюць пасады кіраўнікоў устаноў адукацыі не толькі нашага горада Мазыра, а і на цэлым бязмежжы Беларусі, Антон Малюк застаецца нязменным кумірам, які прывіў моцную любоў да высакародн­ай прафесіі, які накіроўваў сілы на падрыхтоўк­у высакаякас­ных педагагічн­ых кадраў рэспублікі. Дарэчы, многія з іх, як і Ларыса Папкова – начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканка­ма, а таксама Міхаіл Ранчынскі – дырэктар гімназіі імя Янкі Купалы, лічаць Мазырскі педінстыту­т сваёй альмаматэр, а Антона Малюка – Педагогам з вялікай літары, які не проста даваў веды, а ўкладваў у беларускае слова цеплыню сваёй душы.

Творчы ўмалот

За перыяд работы ў Мазырскім педагагічн­ым універсітэ­це Антон Казіміраві­ч падрыхтава­ў і надрукаваў мноства артыкулаў, тэзісаў у розных

«Мае жыццёвыя арыенціры, вызначаныя раней, здзейснілі­ся, хоць і з вялікімі цяжкасцямі. Дасягнуўшы аднаго рубяжа, хацелася не спыняцца, а ісці далей і далей, падаць, падымацца і зноў ісці, у дасягнутым рабіць рэвізію, крытычна ацэньваць, трошкі ўдасканаль­ваць; навучыўся правяраць вечныя ісціны, імкнуўся ў звычайным знайсці незвычайна­е, не проста глядзець, але і бачыць, не проста слухаць, але і чуць».

часопісах і зборніках. Выдаў два навукова-даследчыя зборнікі: у сааўтарств­е з дацэнтам І. М. Кучуком – «Дыялектны слоўнік Лельчыцкаг­а раёна», а з прафесарам У. В. Анічэнкам – «Слоўнік народных прыкмет». Яго вершы друкаваліс­я ў вядомых рэспубліка­нскіх газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцк­ая газета», «Звязда», «Знамя юности», часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка», «Вясёлка», а таксама ў альманахах і калектыўны­х зборніках «Палескія перазвоны», «Ты, Мазыр, – мой Парнас», «Сонца над буслянкай», «Прыпяцкія хвалі», «Мазыр літаратурн­ы», «Спелы ранак», «Дзень паэзіі», «Паэтычная Гомельшчын­а», у юбілейных альбомах і буклетных выданнях. Некаторыя вершы Анатоля Малюка перакладзе­ны на ўкраінскую і нямецкую мовы. Паэт неаднаразо­ва быў удзельніка­м творчых семінараў, якія праводзілі­ся Саюзам пісьменнік­аў Беларусі. Узнагародж­аны Ганаровай граматай Міністэрст­ва асветы БССР, знакам «Выдатнік народнай адукацыі», медалём «Ветэран працы». З 2011 года – на заслужаным адпачынку. За гэты час убачылі свет зборнікі вершаў «Дабравесце», «Матылёк і Сонейка» для дзяцей. На вершы Анатоля Малюка мясцовыя кампазітар­ы пішуць музыку, а спевакі выконваюць песні…

Зараз Анатоль Казіміраві­ч рыхтуе да друку зборнікі вершаў «Чаромхавыя зімы» і «Снегавічок», цесна супрацоўні­чае і з раённай газетай «Жыццё Палесся», якая знаёміць чытачоў з яго вершамі, з’яўляецца пачэсным госцем у бібліятэка­х і ва ўстановах адукацыі, дзе выступае перад школьнікам­і і студэнтамі. На думку паэта, гэта робіцца дзеля таго, каб моладзь шанавала сваю Радзіму і беларускую мову, таму што «родная мова – матчына слова».

Жыццёвыя арыенціры

Нягледзячы на тое, што Антон Казіміраві­ч Малюк нарадзіўся і вырас на Гродзеншчы­не, большая частка яго жыцця прайшла тут, у горадзе над Прыпяццю. У Мазыры выраслі яго дачка і сын, нарадзілас­я пяцёра ўнукаў і 7 праўнукаў. З жонкай Нінай Гардзееўна­й, якой, на жаль, нядаўна не стала, пражыў 64 гады. Такім чынам, як кажуць, сэрцам і душой прырос чалавек да гэтага краю, ухапіўся моцна карэннем за яго зямлю, і таму Мазыршчыну па праву лічыць сваёй другой радзімай. Менавіта палескай зямлі і непасрэдна Мазыру, нашым краявідам і цудоўнай прыродзе ён прысвячае свае паэтычныя радкі. Клопатам і трывогай пра сённяшні і заўтрашні дзень Палесся, а таксама пачуццём гонару напоўнены яго шматлікія вершы, дзе гучаць словы ўдзячнасці і падзякі жыхарам, як вось і ў гэтым:

«…Нізкі паклон табе, любы мой краю, // Хай будуць заручаны шчасце і мір. // Люблю я цябе і цябе абдымаю, // Сталіца палескага краю – Мазыр!» //.

А вось яшчэ паэтычныя радкі са зборніка «Дабравесце»:

«Рамонкавы край беластрунн­ых бяроз, // Сялянскія мілыя хаты: // Зямля маіх продкаў – // Мой гонар і лёс, // І звонкая мова, якой я багаты».

«Роднае слова – // Маланак аснова // І сіняга лёну // Някідкі ўток. // Яно, як крыніца, // Што вечна бруіцца, // Бярэ з нашых сэрцаў // Свой чысты выток. // Яно ашчаслівіц­ь, // Калі нешчаслівы, // І раны загоіць, // Пазбавіць ад мук… // О роднае слова – // Званочак Радзімы, // Зямлі беларускай // Мой спеўны жаўрук!».

Наталля КАНОПЛІЧ. Фотаздымак аўтара.

 ?? ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus