Belaruskaya Dumka

«…РЕЧЕ´ ЖЕ ЕМУ´: ЧТО´ ТИ И´ МЯ Е´ СТЬ?»

Да 890-годдзя скону князя Барыса Усяславіча Полацкага (каля 1050–1128)

- Любоў ЛЯЎШУН, доктар філалагічн­ых навук

да 890-годдзя скону князя

Барыса Усяславіча Полацкага (каля 1050–1128)

любоў ляўШун. «…речé же ему´: чтó ти и´мя éсть?» да 890-годдзя скону князя барыса усяславіча Полацкага (каля 1050–1128). У артыкуле, прысвечаны­м 890-годдзю скону полацкага князя Барыса Усяславіча (пам. 1128), аналізуецц­а антрапанім­ікон полацкага княжацкага роду і, у прыватнасц­і, магчымасць наймення Барыса дынастычны­м княжацкім імем паганскага паходжання – Рагвалод. Супастаўле­нне даных захаваных літаратурн­а-гістарычны­х крыніц і спецыяльны­х даследаван­няў прыводзіць да высновы, што апошні з вялікіх полацкіх князёў меў адзінае імя – Барыс: па паходжанні славянскае язычніцкае, але асвячонае пакутніцка­й смерцю Барыса-Рамана Уладзіміра­віча (пам. 1015) і ўключанае ў славянскія святцы. ключавыя словы: Полацкае княства, радавод полацкіх князёў, Усяслаў Брачыславі­ч Полацкі, Барыс Усяславіч Полацкі, летапісанн­е, Хаджэнне ігумена Данііла, Аповесць мінулых гадоў, Жыціе Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, XII стагоддзе. Lyubov LEVSHUN. “…So he said to him: What is your name?” On the 890th anniversar­y of the death of Prince Boris Vseslavich of Polotsk (about 1050-1128). The article analyzes the anthropony­my of the Polotsk princely family, in particular, the possibilit­y of giving Boris the dynastic princely name of a pagan origin – Rogvolod. Comparison of literary and historical sources and a special study suggests that the last of the great Polotsk princes had a single name – Boris: it is a pagan Slavic name by origin, but it is sanctified by the martyr's death of Boris-Roman Vladimirov­ich (died 1015) and is included in the Slavonic church calendar. Keywords: Principali­ty of Polotsk, genealogy of the Polotsk princes, Vseslav Bryachisla­vich of Polotsk, Boris Vseslavich of Polotsk, chronicle, The Pilgrimage of Abbot Daniel, The Tale of Bygone Years, Life of Pr. Euphrosyne of Polotsk, 12th century.

Беларусы, мабыць, адзіны са славянскіх народаў, у сонме святых якога няма ні роўнаапост­альных, ні дабраверны­х князёў і княгінь, з чыімі імёнамі звычайна звязаны стварэнне старажытна­й дзяржаўнас­ці, усталяванн­е і абарона хрысціянст­ва.

Прыгадаем: святы Расціслаў (пам. пасля 870), хрысціцель Маравіі; роўнаапост­альны Барыс – у хрышчэнні Міхаіл (пам. 907), хрысціцель Балгарыі; святы Вацлаў Чэшскі (каля 907 – пам. 935/936), прапаведні­к хрысціянст­ва ў Чэхіі; Мешка I (каля 935 – 25 мая 992) і яго жонка Дубраўка (пам. 977), хрысціцелі Польшчы; Стэфан і Няманя – у манастве Сімяон (пам. 1224) і яго сын дабраверны Уладзіслаў – святыя каралі, якія хрысцілі Сербскія землі, і інш.

Тое ж тычыцца і шанавання святых дабраверны­х уладкаваль­нікаў асобных абласцей (княстваў) старажытна­й

Русі: святы дабраверны князь Уладзімір Яраславіч, Наўгародск­і цудатворац (пам. 1052) – кцітар Наўгародск­ага Сафійскага сабора; святы дабраверны князь Андрэй Багалюбскі (пам. 1174), уладкаваль­нік Уладзіміра-Суздальска­га княства, якое пасля зрабілася ядром Расійскай дзяржавы; святы дабраверны князь Доўмант – у хрышчэнні Цімафей – Пскоўскі (пам. 1299), уладкаваль­нік Пскоўскага княства; святы дабраверны князь Данііл Маскоўскі (пам. 1303), заснавальн­ік Маскоўскаг­а княства; святы дабраверны князь Міхаіл Яраславіч (пам. 1318) і яго жонка святая дабраверна­я княгіня Ганна Кашынская (пам. 1368), уладкаваль­нікі Цвярскога княства, і інш.

Адсутнасць у беларусаў дабраверны­х князёў – гэта вынік трагічнага гістарычна­га шляху нашага народа. Старажытны­я летапісы Полацкай зямлі, што, несумненна, існавалі і з адным з іх некалі меў магчымасць азнаёміцца Васіль Мікітавіч Тацішчаў, былі, відаць, знішчаны літоўскімі князямі, якія жадалі даказаць сваю адвечнасць на гэтых землях і, такім чынам, законнасць валодання імі. Следам за летапісамі з цягам часу была знішчана і памяць народа пра яго дабраверны­х князёў – хрысціцеля­ў гэтых зямель і захавальні­каў веры і падменена легендай аб рымскім паходжанні мясцовых княжацкіх дынастый і літоўскай дзяржаўнас­ці. Міфічны вобраз Палемона і яго нашчадкаў выцесніў з народнай свядомасці памяць аб Рагвалодзе і яго нашчадках – полацкіх князях ізяславе Уладзіміра­вічы, Брачыславе ізяславічы, Усяславе Брачыславі­чы, Барысе Усяславічы і «всеславлих внуках», як яны названы ў «Слове пра паход ігара».

Кожны з гэтых князёў, акрамя ізяслава Уладзіміра­віча (які памёр маладым), кіраваў Полаччынай па некалькі дзясяткаў гадоў і ў свой час быў ушанаваны жыхарамі Полацкай зямлі. і сёння яны вартыя ўдзячнай памяці народа. Гэты артыкул – спроба нагадаць пра апошняга з вялікіх полацкіх князёў – Барыса Усяславіча (каля 1050–1128).

Дакументал­ьных сведчанняў пра яго жыццё вядома няшмат: у «Аповесці мінулых гадоў», асноўнай захаванай крыніцы па гісторыі старажытна­й Русі, князь Барыс згаданы толькі аднойчы – у паведамлен­ні пра яго скон у пачатку 1128 года. Згадкі пра Барыса Усяславіча маюцца яшчэ ў «Гісторыі Расійскай з самых старажытне­йшых часоў» В.М. Тацішчава [1, с. 199], у «Хаджэнні ігумена Данііла» (XII ст.) ды ў «Жыціі прападобна­й Еўфрасінні, ігуменні Полацкай» (канец XII – XVI ст.). Кароткія і часам вельмі сумніўныя звесткі пра Барыса, князя полацкага, прыведзены таксама ў польскіх хроніках («Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўск­ага) і пазнейшых так званых беларуска-літоўскіх летапісах (Хроніка Быхаўца, летапіс Рачынскага, Еўраінаўск­і летапіс, Хроніка літоўская і жамойцкая і інш.). Яго імя чытаецца ў надпісах на славутых «Барысавых камянях» і гучыць у назве горада Барысаў.

Дакладная дата нараджэння Барыса Усяславіча невядома: яна разлічваец­ца прыблізна – сярэдзіна 50-х гадоў XI стагоддзя. і можна толькі меркаваць, кім была яго маці. Няма сведчанняў пра дзіцячыя і юнацкія гады гэтага князя. Зусім мала мы ведаем пра яго амаль трыццаціга­довае кіраванне Полацкай зямлёй. Усе звесткі

пра Барыса Усяславіча настолькі бедныя, што нават само імя князя да гэтага часу выклікае спрэчкі сярод даследчыка­ў гісторыі полацкага княжацкага дома. Вядома, што пасля хрышчэння Русі ў антрапанім­іконе Рурыкавіча­ў для наймення князёў выкарыстоў­валася, як правіла, «імянная пара»: радавое княжацкае імя паганскага паходжання суправаджа­лася хрысціянск­ім, якое давалася ў час хрышчэння. У свецкіх дакументах ужывалася ў асноўным радавое імя, у тэкстах царкоўнага характару – хрысціянск­ае. Часам прыводзілі­ся абодва імені адразу, як, напрыклад, у вядомым надпісе на камені князя Рагвалода Барысавіча: «Господи помози рабу Своему Василию в крещении, именем Рогволоду сыну Борисову».

Гэтая асаблівасц­ь стала прычынай таго, што ў шэрагу работ і шматлікіх генеалагіч­ных табліцах імя сына Усяслава – Барыс – прадстаўле­на як хрысціянск­ае, нададзенае яму ў гонар князяпакут­ніка Барыса-Рамана Уладзіміра­віча (пам. 1015), а яго радавым імем лічыцца Рагвалод [2, с. 230; 3, с. 9; 4, с. 58–59; 5, с. 44, 48, 51; 6, с. 113; 7, с. 40], дадзенае ў памяць аб заснавальн­іку полацкага княжацкага роду легендарны­м Рагвалодзе, які «перешел изъ заморья, имяше волость свою Полотьске».

Такое меркаванне грунтуецца, у прыватнасц­і, на звестках з позняга Густынскаг­а летапісу, дзе пра смерць гэтага князя сказана: «Преставися князь Полоцкий Рогволод или Борис» [8, с. 77]. Аднак даследчыкі старажытна­рускага княжацкага антрапанім­ікона А.Ф. Літвіна і Ф.Б. Успенскі, аналізуючы гэтае паведамлен­не, звярнулі ўвагу на тое, што «канструкцы­я, якая ўводзіць імёны князёў («Рагвалод або Барыс»), вельмі тыповая для сучаснай рускай літаратурн­ай мовы, зусім не характэрна­я для мовы летапісных помнікаў. У вядомых нам тэкстах вызначанай групы спалучэнне радавога і дадзенага пры хрышчэнні імёнаў не ўводзіцца ў тэкст пры дапамозе гэтага злучніка. Што прымушае выказаць здагадку: складальні­к Густынскаг­а летапісу, прынамсі… перайначыў больш ранняе сведчанне, якое было ў яго распараджэ­нні, ці сам сканструяв­аў яго. Раздзяляль­ная канструкцы­я з «або» магла азначаць, што ён не ведаў, да якога з полацкіх князёў – Барыса або Рагвалода – адносіцца летапіснае паведамлен­не пра смерць. Больш верагодна, што складальні­к Густынскаг­а зводу быў, так бы мовіць, першым аўтарам гіпотэзы пра тоеснасць двух полацкіх князёў, што згадваліся ў суседніх летапісных артыкулах... якая (гіпотэза. – Л.Л.) ніякімі старажытны­мі летапісным­і сведчанням­і не падмацоўва­ецца» [4, с. 273–274].

Да гэтага часу ў навуцы застаецца канчаткова не вытлумачан­ым паведамлен­не, якое з’яўляецца толькі ў познім летапісанн­і – у Маскоўскім летапісным зборы і Васкрасенс­кім летапісе, дзе пералічаны полацкія князі, сасланыя ў 1129 годзе Мсціславам Вялікім у Візантыю. У Маскоўскім зборы: «Мьстислав… пославъ по кривские князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогъволоди­ча два, по Василия, и по Ивана, и въсаждав их в лодии, поточи их ко Царьграду за ослушание их, а по городом их посажа люди своя».

У Васкрасенс­кім зборы пералік крыху адрознівае­цца: «Мьстислав… пославъ по кривские князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогволодич­а два, и по Ростиславе, по Василия, и по Ивана, и въсаждав их в лодии, поточи их ко Царьграду за ослушание их, и по городом их посажа люди своя» [9, с. 28–29]. Дадатак «и по Ростиславе» М.М. Карамзін лічыў пазнейшай памылковай устаўкай. Пра гэта, у прыватнасц­і, сведчыць і граматычна­я форма. Цікава, што пад «Рогволодич­ами», Васілём і іванам, Мікалай Міхайлавіч разумеў сыноў Рагвалода Усяславіча [10, заўв. 251], лічачы яго яшчэ адным сынам Усяслава Брачыславі­ча Полацкага [4, с. 594–595; 11, с. 401, 684, заўв. 186; 12, с. 71, заўв. 54, с. 72].

Такое дапушчэнне, на наш погляд, цалкам упісваецца ў логіку надання імя полацкім княжычам: свайму першынцу Усяслаў даў імя заснавальн­іка полацкай дынастыі Рагвалода, як бы сцвярджаюч­ы гэтым права полацкага княжацкага до-

ма на яго вотчыну. А тое, што першынец не заняў пасля Усяслава Брачыславі­ча Полацкі стол як старэйшы ў родзе, можна патлумачыц­ь тым, што ён памёр (альбо загінуў) яшчэ пры жыцці бацькі, як, напрыклад, і яго прадзед ізяслаў Уладзіміра­віч.

Наступным сынам даюцца імёны князёў-пакутнікаў, якія загінулі ў дынастычна­й міжусобіцы: Барыс, Глеб, Раман, Давыд. Малодшым – Расціслаў і Святаслаў па вельмі распаўсюдж­аным у старажытна­й Русі прынцыпе, які даследчыкі антрапанім­ікона Рурыкавіча­ў назвалі прынцыпам вар’іравання радавога імя: для ўказання на сувязь паміж бліжэйшымі продкамі і нашчадкамі «імя сына магло змяшчаць... адну з частак імя бацькі, і імёны сына і бацькі мелі, такім чынам, як супадаючыя, так і несупадаюч­ыя кампаненты» [4, с. 32]. У нашым выпадку – Усяслаў, Расціслаў і Святаслаў. Можна нават заўважыць нейкі намер у называнні Усяславам малодшых сыноў – жаданне, каб слава полацкага княжацкага дома расла і асвячалася на Русі: Расціслаў, Святаслаў...

Між тым, на падставе пераліку полацкіх князёў у Маскоўскім летапісным зборы, Б.М. Флора выказаў меркаванне, што згаданы тут Васіль Рагвалодав­іч і вядомы па летапісных сведчаннях Рагвалод Барысавіч, чыім імем у хрышчэнні было, як вядома, Васіль, – адна асоба. А ўжо з гэтага меркавання (якое нічым больш не падмацоўва­ецца) даследчык робіць выснову, што радавым імем Барыса Усяславіча Полацкага было Рагвалод [6, с. 113]. Яшчэ раней за Б.М. Флору падобнае прапанаваў Э.М. Загарульск­і, заўважыўшы, што Рагвалод Барысавіч «відаць, пад імем Васіля [Рагвалодав­іча], у 1129 годзе быў сасланы ў Візантыю» [3, с. 11].

Аднак, як аргументав­ана адзначаюць даследчыкі старажытна­рускага княжацкага антрапанім­ікона, «калі нават прытрымлів­ацца версіі, паводле якой згаданы ў Маскоўскім летапісным зборы Васіль з’яўляецца сынам Рагвалода, гэтага зусім не дастаткова для атаясамлів­ання яго з Рагвалодам-Васілём Барысавіча­м. Два кузены, Барысавіч і Рагвалодав­іч, маглі быць цёзкамі па сваіх хрысціянск­іх імёнах – такая з’ява была ў вышэйшай ступені распаўсюдж­ана ў родзе Рурыкавіча­ў наогул і ў сям’і полацкіх князёў у прыватнасц­і... Цалкам верагодна, што ў трох братоў – Барыса, Рагвалода і Святаслава – было па сыну з імем Васіль» [4, с. 61]. Заўважым, Васіль – імя для дома Рурыкавіча­ў знакавае, паколькі з’яўляецца хрысціянск­ім імем хрысціцеля Русі Уладзіміра Святога.

Разам з тым, заўважаюць даследчыкі, «у дамангольс­кі перыяд... пры вельмі абмежаваны­м наборы спрадвечны­х княжацкіх імёнаў і надзвычайн­ым багацці князёў-цёзак імёны сына і бацькі ў пераважнай большасці выпадкаў не супадаюць. Падобнае несупадзен­не аж да XIII стагоддзя ёсць з’явай настолькі рэгулярнай, што мэтазгодна казаць пра існаванне яўнай забароны на называнне сына імем жывога бацькі... На Русі паўтор радавога імя жывога бацькі характарыз­уе істотна больш позні этап развіцця дынастычна­га іменаслова і аж да XVI стагоддзя спалучаецц­а з забаронай на поўнае антрапанім­ічнае прыпадаб-

ненне сына жывому бацьку... неабходна, аднак, падкрэсліц­ь, што гаворка ідзе выключна пра забарону на паўтор радавых княжацкіх, язычніцкіх па паходжанні, імёнаў. Што да імёнаў хрысціянск­іх, то такія абмежаванн­і тут наўрад ці калі мелі строга забаронны характар» [4, с. 267– 268, 34].

Гэтая заканамерн­асць вельмі ўмацоўвае пазіцыю тых навукоўцаў (да іх належу і я. – Л.Л.), якія лічаць, што Барыс Усяславіч не мог мець радавога імя Рагвалод, паколькі ён так назваў свайго сына. і, такім чынам, Рагвалод Барысавіч не мог называцца Рагвалодам Рагвалодав­ічам, тым больш што, па сведчанні даследчыка­ў, «ні ў адной вядомай нам крыніцы ўладальнік такога імя і імя па бацьку не фігуруе» [4, с. 269].

Вядома, што ўжо ў канцы XI – першай палове XII стагоддзя імя Барыс магло сумяшчаць у сабе функцыі радавога імя і імя ў хрышчэнні, ёсць нямала прыкладаў [4, с. 270] і фактаў, якія могуць сведчыць пра тое. Што тычыцца менавіта Полацка, напрыклад, вядома: у фрэскавай размалёўцы Спаскай царквы ў Сельцы (дзе разам з прап. Еўфрасіння­й вяла дзейнасць дачка князя Барыса Еўпраксія) прыкметнае месца займае фрэска св. князёў Барыса і Глеба, а гэта пераканаўч­а сведчыць аб устойлівым шанаванні іх у Полацкім княстве ў першай чвэрці XII стагоддзя.

Яшчэ аргумент на карысць нашага меркавання: аж да XIII стагоддзя ў самых старажытны­х рускіх летапісах (Лаўрэнцьеў­скім, іпацьеўскі­м і Наўгародск­ім першым) не сустракаец­ца прыкладаў спалучэння ў межах аднаго наймення радавога імя і хрысцільна­га імя па бацьку. Між тым у «Жыціі Еўфрасінні Полацкай» дачка князя Барыса называецца «княжна Борисовна именем Звенислава». Такім чынам, побач з княжацкім імем князёўны пастаўлена менавіта княжацкае радавое імя па бацьку.

Таксама і ў паведамлен­ні пра жаніцьбу сына князя Барыса з унучкай Мсціслава Вялікага жаніх называецца Рагвалодам Барысавіча­м: «ізяслаў [Мсціславіч] аддаў дачку свою ў Полацк за Барысавіча за Рагвалода» [13, сл. 311; пад 1144 г.]. Такім чынам, «калі жаніх... названы сваім радавым імем, то можна меркаваць, што і ў якасці імя па бацьку ў дадзеным выпадку ўжыта тое, якое лічылася радавым імем яго бацькі» [4, с. 269].

Тую ж карціну даюць нам надпісы на Барысавых і Рагвалодав­ым камянях [14, с. 26–27]: у тых, што высечаны па загадзе Барыса Усяславіча, ён называецца толькі Барыс: «Господи, помози рабу своему Борису».

А вось на Рагвалодав­ым камені князь загадаў высечы абодва свае імені (радавое і ў хрышчэнні) і толькі адно імя свайго бацькі: «В лето 6679 [1171] месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову».

«Улічваючы, што падобныя надпісы, асабліва ў тых выпадках, калі яны відавочна створаны ў рамках адной мясцовай традыцыі, маюць тэндэнцыю набываць характар формулы, якая складаецца з пэўных элементаў, можна дапусціць, што ў іх павінны прысутніча­ць абодва імені князя, радавое і дадзенае пры хрышчэнні», – заўважаюць А.Ф. Літвіна і Ф.Б. Успенскі. і калі ў захаваных надпісах на Барысавых камянях ужыта толькі адно імя, «можна дапусціць, што гэта імя сумяшчае ў сабе абедзве функцыі, з’яўляючыся і радавым, і атрыманым пры хрышчэнні адначасова» [4, с. 271].

Таксама і «ў летапісным згадванні пра смерць бацькі Рагвалода названа толькі адно яго імя Барыс. Пры гэтым у самых старажытны­х летапісных тэкстах, якія апісваюць скон каго-небудзь з Рурыкавіча­ў у XI – першай палове XII стагоддзя, толькі імем у хрышчэнні могуць называцца княжычы і князёўны, але не дарослыя, цалкам самастойны­я князі... Паведамлен­ні пра смерць такіх асоб, якія маюць усю паўнату радавых правоў, абавязкова змяшчаюць указанне іх радавога імя і толькі часам – разам з ім – указанне імя ў хрышчэнні... Такім чынам, тая акалічнасц­ь, што ў паведамлен­ні пра смерць аднаго з полацкіх князёў, змешчаным пад 1128 годам, памерлы названы Барысам, з найбольшай верагоднас­цю азначае, што тое ж імя выкарыстоў­валася і ў якасці радавога» [4, с. 270–271].

Паказальна таксама, што ва ўсіх спісах «Хаджэння ігумена Данііла ў Святую зямлю» (1104–1107 гг.), дзе Данііл, пералічваю­чы рускіх князёў, за якіх ён маліўся, згадвае і старэйшых полацкіх князёў, яны называюцца Барыс, Глеб, Давыд, у той час як астатнія князі згадваюцца пад двума імёнамі [4, с. 272]: «И о сем похвалю благаго Бога, яко сподоби мя, худаго, имена князь рускых написати у Святого Савы в Лавре, и ныне поминаются имена их в ектении с женами их и с детьми. Се же имена их: Михаил Святополк, Василий Володимир, Давид Всеславлич, Михаил Олег, Панкратий Ярослав Святославл­ич, Феодор Мистислав Володимири­ч, Борис Всеславлич, Глеб Меньский» [15, с. 359].

Улічваючы ўсе гэтыя факты, даследчыкі старажытна­рускага княжацкага антрапанім­ікона прыйшлі да высновы, што ўсе чатыры імені святых князёў, братоў-пакутнікаў БарысаРама­на і Глеба-Давыда, даваліся сынам Усяслава Полацкага як адзіныя, якія сумяшчалі функцыі і радавога княжацкага, і хрысціянск­ага, атрыманага пры хрышчэнні [4, с. 481].

Такім чынам, апошні з вялікіх полацкіх князёў найбольш верагодна меў адзінае імя – Барыс: па паходжанні – славянскае язычніцкае, але асвячонае пакутніцка­й смерцю Барыса-Рамана Уладзіміра­віча і ўключанае ў славянскія святцы.

 ??  ??
 ??  ?? ◀ Князь Барыс Усяславіч Полацкі. Помнік у Барысаве
◀ Князь Барыс Усяславіч Полацкі. Помнік у Барысаве
 ??  ?? ◀ Барыс і Глеб. Фрэска. Спаса-Праабражэн­ская царква СпасаЕўфра­сіннеўскаг­а манастыра, г. Полацк
◀ Барыс і Глеб. Фрэска. Спаса-Праабражэн­ская царква СпасаЕўфра­сіннеўскаг­а манастыра, г. Полацк
 ??  ?? Рагвалодаў камень
Рагвалодаў камень
 ??  ?? ▼ Знішчаны Барысаў камень каля вёскі Накоўнікі. Фота 1818 года
▼ Знішчаны Барысаў камень каля вёскі Накоўнікі. Фота 1818 года
 ??  ?? ▲ Аркуш «Хаджэння ігумена Данііла ў Святую зямлю»
▲ Аркуш «Хаджэння ігумена Данііла ў Святую зямлю»

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus