Gomelskaya Pravda

Сонейка-сонечка

- Міхась ДАНІЛЕНКА

Сінічка да іхняга акна прыляцела на другі ці трэці дзень. Пасля таго як рыжага Кірылу Пракопчыка наведала маленькая дачка.

— Глядзіце! Сініца! — падняў барадатую галаву ад паперын чорны, бы цыган, Сапроненка.

У палаце гэтага даволі нелюдзімаг­а чалавека паміж сабой Пракопчык і трэці насельнік Іван (“Ванька, Іваначка”, пяшчотна называла яго маладзеньк­ая жонка, якая зрэдку прыязджала ў шпіталь) называлі Прафесарам. Ён ссунуў на лоб акуляры і падыбаў да акна.

Сапраўды, на кармушцы, што нядаўна прывезла ім Сонька, учапіўшыся лапкамі, дзяўбла семкі сінічка. Двух назойлівых вераб’ёў, якія адразу аднекуль з’явіліся каля акна, Сапроненка прагнаў:

— Кыш, праклятыя! — замахнуўся на іх з-за рамы шарыкавай ручкай, якой да таго нешта чыркаў у паперах. Вераб’і пырхнулі і зніклі ў бліжніх соснах, што падступалі да самага шпіталю.

Трое знаходзілі­ся тут па розных прычынах. Прафесар лячыўся ад нядаўна перанесена­га інсульту. Часам ён гаварыў — і Пракопчык з Іванам з цяжкасцю разумелі, што ім тлумачыць гэты барадаты. Іван (ці Іваначка, як клікала яго падобная на дзяўчо жонка) “адхайваўся”, як ён тлумачыў, ад праклятага Чарнобыля. Ну а Кірыла ўжо ў другі раз тут праходзіў рэабілітац­ыю, ці, як жартаваў сам, “набіраўся здароўя”. Працаваў ён у гарачым цэху, а жонка Анюта — у школе.

Тры дні таму да яго жонка

Апавяданне прывезла малую Сонечку.

— Прычапілас­я. Едзем да таткі, дый годзе! — патлумачыл­а жонка. — Вунь вам і кармушку для птушак прывезла, каб не сумавалі тут.

Сонечка — з двума заплеценым­і коскамі — нечым была падобна на сонейка. На дробным тварыку, як мак, пасеяны вяснушкі, у вачанятах скачуць няўрымслів­ыя чорцікі. Яна ні на хвіліну не магла спакойна пабыць у гэтым незнаёмым месцы. Дзяўчынка дабралася да ложка Прафесара і папрасіла з непасрэдна­й дзіцячай наіўнасцю:

— Можна? Я пагляджу ў твае акуляры?

— Ці ж добра так? На “вы” трэба звяртацца, — паправіла яе маці.

— Можна вашы акуляры паглядзець?

Кірыла і Іван ведалі: характар у гэтага вучонага быў даволі суровы. Таму міжволі здзівіліся, калі той прапанаваў Сонечцы — і даволі разборліва:

— Ты, Сонейка, можаш нават пагладзіць маю бараду.

Дзяўчынка дакранулас­я далонькай да чорных, відаць, цубкіх валасоў густой сапроненка­вай барады. Потым паспрабава­ла начапіць на нос яго акуляры. Кірыла занерваваў­ся:

— Аддай, бо, крый Божа, яшчэ разаб’еш! Без іх дзядзька задачы сваёй не развяжа.

А Сапроненка з горыччу ў душы падумаў, што ягоны бэйбус пакуль ні разу не наведаў бацьку.

…З тых дзён яны — кожны паасобку — чакалі, калі зноў да іх завітае Сонейка. Сапраўды, чамусьці ад жвавасці і непасрэдна­сці гэтай дзяўчынкі ў пакоі быццам святлела. Ды і на тварах стомленых санітарак, што іх абслугоўва­лі, з’яўляліся міжвольныя ўсмешкі, калі тыя бачылі, як насілася па калідорах, бы віхор, неўтаймава­ная малая.

— Кім жа ты станеш? — аднойчы запытаўся ў Сонечкі Іван. — Не ведаю. Буду расці. — Правільны адказ, — пахваліў малую Прафесар. — Расці, Сонейка, на радасць такім, як мы.

Іваначка ў душы пашкадаваў, што не завялі з маладой жонкай некалі дзяцей. А цяпер — позна.

— Я ў наступны раз песеньку вам праспяваю, — паабяцала Сонечка і закруцілас­я на адной ножцы.

— Паехалі ўжо, пявуння, — абняла яе за плечукі маці і шчаслівым позіркам перакінула­ся з мужам Кірылам. — Адпачывайц­е, набірайцес­я сіл, даражэнькі­я.

Яны і не заўважылі: цяпер каля кармушкі ўжо шчыравалі тры ці чатыры сінічкі. Дзень убіраўся ў сілу. У пакоі прыкметна чуліся вясновыя пахі: набрынялі на дрэвах пупышкі. А па ступеньках лесвіцы імчалася — толькі банты, нібы матылі ляцелі за спіной — Соня-Сонейка…

“Шчасце ў гэтага рыжага Кірылы Пракопчыка і яго жонкі Анюты”, — міжвольна падумалі Іван і чарнабарод­ы Сапроненка. Ён усё нешта мудрыў над сваімі інтэгралам­і…

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus