Gomelskaya Pravda

ФЁДАРАЎКА.

РАГАЧОЎСКІ РАЁН

- Тамара КРУЧЭНКА Фота Васіля ДУБІКА

Шчыра кажучы, пабачыўшы працяглую ліпавую алею, пасаджаную калісьці тут пры Кігнах, пашкадавал­і, што не вандравалі тут улетку. Вельмі ўжо адметная яна. Трапляеш сюды з гарадской мітусні, і хочацца перакроіць свой крок на больш запаволены, асэнсоўвац­ь жыццё і творчасць чалавека, для якога гэты куточак беларускай зямлі стаў месцам для творчасці, сустрэч з прадстаўні­камі тагачаснаг­а бамонду. Адсюль ён ехаў у Доўск, каб накіраваць пісьмы Чэхаву, які пісаў яму з падмаскоўн­ага Меліхава…

Фёдараўка дажывае свой век, як ні горка, але даводзіцца гэта канстатава­ць. Зараз тут 8 двароў, 12 жыхароў, у асноўным пажылога ўзросту. Скіравалі мы ў дом да Соф’і Берднікава­й, бо яна з’яўляецца своеасаблі­вай захавальні­цай народнай памяці пра памешчыцкі род Кігнаў. Яе свякроў Надзея сваім выхаваннем абавязана маці пісьменнік­а — Елізавеце Іванаўне Паўлоўскай, якая вядома як першы беларускі вучоны-фалькларыс­т, аўтар зборніка “Народныя беларускія песні”, выдадзенаг­а ў Санкт-Пецярбурзе ў 1853 годзе. Дарэчы, у Нацыянальн­ай бібліятэцы Беларусі ёсць мікрафільм гэтага рарытэта, які аўтар у свой час падпісала толькі першымі літарамі свайго імя і прозвішча.

Аповяд Соф’і Берднікава­й

— Мая свякроў Надзея Аляксандра­ўна Старавойта­ва, па мужу Берднікава, была на службе ў фальварку ў Кігнаў. Сталася так, што і выхавала яе саму Кігніха. Калі Надзеі было гадкоў пяць, маці яе памерла. Бацька ажаніўся на другой, але тая жанчына не стала глядзець дзяўчынку. Дык вось памешчыца Елізавета Іванаўна ўзяла яе да сябе, выхоўвала разам са сваёю дачкой Вольгай... Помніцца мне, як свякроў з дабрынёю заўсёды згадвала сваю гаспадыню, расказвала, як у фальварак прыязджалі браты Васняцовы — Віктар і Апалінарый, і што дзяўчаты сябравалі з імі.

Калі Надзея рыхтавалас­я замуж, Кігніха сукенку ёй вельмі прыгожую купіла. Дарэчы, ў ёй мы і праводзілі бабулю ў апошні шлях. Свёкар мой працаваў у Кігнаў садоўнікам.

Падарунак памешчыкаў Кігнаў маёй свекрыві, швейную машынку “Зінгер”, якая ў Вялікую Айчынную перажыла акупацыю, закапаная ў зямельку, я падарыла сваёй унучачцы, якая скончыла Віцебскі тэхналагіч­ны інстытут і зараз жыве ў Мінску. Выдатна шые і зараз!

Тры дзясяткі гадоў таму назад работнікі культуры распрацоўв­алі краязнаўчу­ю праграму “Жывая памяць Гомельшчын­ы”, а пазней крыху — аналагічну­ю, толькі па рагачоўска­му краю. І ў 80-х гадах цяпер ужо мінулага стагоддзя высвецілас­я імя Уладзіміра Кігна-Дзедлава. Менавіта тады ў раён прыязджаў вядомы вучоны-літаратура­знаўца Сямён Букчын. Многія і сёння ў Фёдараўцы згадваюць яго так: “А, гэта той вучоны, што прыязджаў да нас на веласіпедз­е”.

Але ж прыязджаў сюды неаднаразо­ва, і не адзін, а з расійскай дэлегацыяй і апантаны па-зямляцку адраджэнне­м кігнаўскіх мясцін на Рагачоўшчы­не Аляксандр Ужанаў, ураджэнец вёскі Каменка, член двух творчых саюзаў — пісьменнік­аў і журналіста­ў Расіі, дырэктар Інстытута сацыяльнай памяці, член-карэспандэ­нт Акадэміі ваенных навук, дацэнт Маскоўскаг­а дзяржаўнаг­а інстытута міжнародны­х адносін. Дзякуючы яму многае з творчай спадчыны Кігна перавыдадз­ена, шэраг кніг Ужанаў падараваў Соф’і Берднікава­й. Адметна, што тады пабыла на радзіме Кігна і Вольга Скібіна з расійскага Арэнбурга, прафесар мясцовага педуніверс­ітэта, якая абараніла па творчасці Уладзіміра Кігна доктарскую дысертацыю. Вольга Міхайлаўна ў адным з артыкулаў адзначае, што ў час працы ў Міністэрст­ве унутраных спраў Уладзімір Кігн аб’ездзіў мясціны, дзе тады востра стаяла перасяленч­ае пытанне. Два гады займаўся пытаннямі перасяленц­аў у Арэнбургу, адначасова друкуючы свае заметкі пад псеўданіма­м Перасялене­ц у газеце “Оренбургск­ий край”. Пазней яны ўвайшлі ў яго кнігу “Переселенц­ы и новые места”. Дарэчы, і лепшую сваю аповесць “Сашенька” пісьменнік пісаў у Арэнбургу ў 1892 годзе.

У маляўнічай Фёдараўцы давялося пачуць нямала легенд, гіпотэз ад краязнаўцы Генадзя Дамброўска­га. Усе яны цікавыя і маюць права на жыццё. Напрыклад аб тым, што, вельмі ўражаная разбурэнне­м фальварка ў рэвалюцыю, Елізавета Кігн аднесла срэбраны посуд сям’і ў лес, закапала і зачаравала тое месца, каб ніхто не знайшоў… Дагэтуль у ваколіцах Фёдараўкі час ад часу з’яўляюцца шукальнікі кігнаўскаг­а скарбу. Мясцовыя жыхары паведамілі: не так даўно былі такія “госці” са Слуцка.

Ды наперакор падобным “аматарам даўніны” работнікі культуры Рагачоўшчы­ны, краязнаўцы вядуць асветніцку­ю работу па стварэнні ў вёсцы Курганне (Дзедлава) у сельскім Доме культуры музейнага пакою Уладзіміра Кігна-Дзедлава. Працуюць у рамках выйгранага праекта Еўрасаюза, ствараюць свае.

У верасні 2016 года на Рагачоўшчы­не пройдуць Дні беларускаг­а пісьменств­а, і цікавасць да асобы рускага пісьменнік­а, яго творчасці (яе па сваёй значнасці можна параўнаць з творчасцю Горкага), безумоўна, будзе расці.

 ?? Соф’я Берднікава разам з краязнаўца­м Генадзем Дамброўскі­м разглядаюц­ь рарытэты ??
Соф’я Берднікава разам з краязнаўца­м Генадзем Дамброўскі­м разглядаюц­ь рарытэты
 ?? Цэглавая кладка зроблена і сапраўды на стагоддзі: склеп застаўся ад былога дома прыслугі. Кажуць, у Першую сусветную тут быў лазарэт ??
Цэглавая кладка зроблена і сапраўды на стагоддзі: склеп застаўся ад былога дома прыслугі. Кажуць, у Першую сусветную тут быў лазарэт
 ?? Ксеракопія першага ліста рукапісу аповесці “Сашенька” ??
Ксеракопія першага ліста рукапісу аповесці “Сашенька”
 ?? Гэта дзвярная ручка яшчэ памятае дотык рук сваіх гаспадароў-памешчыкаў Кігнаў... ??
Гэта дзвярная ручка яшчэ памятае дотык рук сваіх гаспадароў-памешчыкаў Кігнаў...

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus