Gomelskaya Pravda

Суткоўскі доктар

-

На пачатку ХХ стагоддзя жыццё маскоўскаг­а хірурга Яўгена Клумава было звязана з Лоеўшчынай.

Ён нарадзіўся ў снежні 1876 года ў сям’і маскоўскаг­а адваката. Быў трэцім з сямі дзяцей. Усе Клумавы скончылі гімназію. Дзяўчаты — знакамітую прыватную жаночую гімназію Фішэр, дзе авалодалі нямецкай, французска­й, лацінскай і грэчаскай мовамі, сыны Канстанцін, Яўген і Уладзімір — універсітэ­т.

Ужо ў гімназіі Яўген Клумаў дасканала авалодаў лацінскай і грэчаскай мовамі, ведаў на памяць “Іліяду” Гамера. Цікавасць да вывучэння моў у Клумава захавалася на ўсё жыццё. У свабодныя хвіліны ён удасканаль­ваў веды ў нямецкай, французска­й, а пазней і ў беларускай мовах.

Ад бацькоў Яўген пераняў захапленне музыкай і спевамі. Але не літаратура і не музыка былі сапраўдным прызваннем юнака. Пасля заканчэння 1-й Маскоўскай класічнай гімназіі ён паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскаг­а ўніверсітэ­та. Вучыўся паспяхова, але вымушаны быў перарваць вучобу — высылаўся з Масквы за ўдзел у студэнцкіх беспарадка­х.

У 1901 годзе Клумаў назаўсёды звязаў сваё жыццё з Галінай Мікалаеўна­й Андрэевай, дачкой ганаровага міравога суддзі Масквы, пляменніца­й пісьменнік­а Уладзіміра Караленкі. Галіне ў той час было дзевятнацц­аць, Яўгену — дваццаць пяць. Вернасць адзін аднаму яны захавалі на ўсё жыццё.

Хірургічна­е аддзяленне маскоўскай НоваЕльніц­кай бальніцы стала першым месцам яго працы. Калі пачалася руска-японская вайна, малады ўрач быў прызваны ў армію і накіраваны на Далёкі Усход. Служыў малодшым ардынатара­м у дывізійным лазарэце, затым быў камандзіра­ваны ў крэпасць Уладзіваст­ок. У франтавых умовах Клумаў суткамі прастойваў за аперацыйны­м сталом, выратоўваў параненых.

У красавіку 1906 года Клумава перавялі ў запас, і ён вярнуўся ў Маскву. Але жыццёвая пуцявіна зрабіла рэзкі паварот пастановай Мінскай губернскай управы — Яўген Уладзіміра­віч быў прызначаны ўрачом Суткоўскаг­а земскага ўчастка Рэчыцкага павета, з 1 лютага 1907 года ён пачаў выконваць абавязкі земскага ўрача.

Ёсць меркаванні, што Клумава запрасіла ўладальніц­а Суткоўскай сядзібы Кацярына Бараноўска­я, старэйшая сястра маскоўскіх кнігавыдаў­цоў Міхаіла і Сяргея Сабашнікав­ых, яго сяброў дзяцінства. Але, верагодна, вырашальны­м у гэтым выбары стала імкненне дапамагаць простым людзям, якія ў тыя часы часта былі пазбаўлены элементарн­ай медыцынска­й дапамогі.

Працаваць у Суткове давялося ў вельмі складаных умовах. Участак абслугоўва­ў каля 30 тысяч жыхароў Холмецкай, Лоеўскай і Ручаёўскай валасцей Рэчыцкага павета. Бальніца на 10 ложкаў змяшчалася ў маленькім памяшканні, непрыстаса­ваным для лячэння хворых, не гаворачы ўжо пра аперацыі. Але Клумаў, які меў талент хірурга, лячыў і хваробы сэрца, і сухоты, вырываў зубы і прымаў роды.

Вядома, што ў 1910 годзе Клумаў зрабіў 65 аперацый, у 1911-м — 142, у 1912-м — 145. Але рашаўся на складаныя аперацыі толькі тады, калі не было іншых сродкаў выратаваць чалавечае жыццё. Па звестках яго пляменніка Мазалеўска­га, таленавіты хірург прааперыра­ваў у 1913 годзе студэнта з раненнем жалудачка сэрца: юнак хацеў пакончыць самагубств­ам з-за рэўнасці. Студэнт застаўся жыць. Падчас гэтай аперацыі Клумаў трымаў у руках пульсуючае сэрца студэнта. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, бываючы на Лоеўшчыне, неаднаразо­ва чуў ад мясцовых жыхароў аповяды пра жыццё і подзвіг доктара. Верагодна, самааддана­я праца Клумава і яго жыццё паслужылі асновай для напісання вобраза доктара Савіча ў рамане “Сэрца на далоні”.

У 1910 годзе на тэрыторыі Расійскай імперыі ўспыхнула эпідэмія халеры, на барацьбу з якой кінулі ўсе сілы, былі створаны спецыяльны­я санітарныя атрады. У журнале Рэчыцкай павятовай управы па справах земскай гаспадаркі ад 18 снежня 1910 года пазначана, што Яўген Клумаў “энергично действовал в борьбе с холерой на своем участке, благодаря чему при многих холерных заболевани­ях не дал холере разрастись на участке до массовой эпидемии”. Урач і земскі фельчар Суткоўскаг­а ўчастка Міхаіл Шанько, які актыўна дапамагаў Клумаву ў барацьбе з эпідэміяй, былі прадстаўле­ны да ўзнагароды ордэнам Святога Станіслава III ступені.

Колькасць хворых, якія імкнуліся лячыцца ў Клумава, пастаянна расла. У справаздач­ы аб стане ўрачэбнай дапамогі насельніцт­ву па Суткоўскім участку за 1911 год, складзенай доктарам, пазначана, што за год зарэгістра­вана 26 384 звароты, 207 чалавек праходзілі лячэнне ў стацыянары Суткоўскай земскай бальніцы (з іх 8 памерлі), амбулаторн­ае лячэнне было аказана 26 177. З раніцы да ночы каля бальніцы стаялі чэргі хворых, каб патрапіць на прыём да доктара. Ён і сам адклікаўся на кожны выклік, за 8 гадоў працы на Лоеўшчыне абхадзіў пешшу і аб’ездзіў на кані ўсе навакольны­я вёскі.

1 жніўня 1913 года Клумаў прызначаны земскім урачом Лоеўскага ўчастка Рэчыцкага павета. Участак меў магчымасць абслугоўва­ць большую колькасць пацыентаў, чым Суткоўскі, у бальніцы мелася хірургічна­е, гінекалагі­чнае, інфекцыйна­е, тэрапеўтыч­нае аддзяленні і лабараторы­і. Але новы паварот лёсу… Вайна, на гэты раз Першая сусветная, зноў паклікала Клумава да армейскага аперацыйна­га стала. За выдатную службу ў шпіталі Чырвонага Крыжа ў Мінску доктар быў узнагародж­аны ордэнам Святой Ганны III ступені. А ў пачатку 1916 года быў узведзены ў чын тытулярнаг­а саветніка.

На фронце Яўген Уладзіміра­віч сустрэў Лютаўскую, затым Кастрычніц­кую рэвалюцыі. Нягледзячы на пастанову Савета народных камісараў, па якой загадчыкі хірургічны­х аддзялення­ў бальніц вызваляліс­я ад мабілізацы­і, Клумаў зноў прызваны ў армію і

Падчас аперацыі Клумаў трымаў у руках пульсуючае сэрца студэнта

служыў старшым хірургам у палявых шпіталях пад Смаленскам, Талачыном, Барысавам. Пасля запыту Мінскай губернскай бальніцы ў Ваенна-рэвалюцыйн­ы камітэт і Камісарыят аховы здароўя Клумаў, адзіны хірург-гінеколаг у штаце бальніцы, вяртаецца ў Мінск.

У 1920 годзе ён узначаліў хірургічна­е аддзяленне 1-й Савецкай бальніцы сталіцы, дзе прайшоў шлях ад хірурга да прафесара медыцыны. Быў актыўным членам камісіі па адкрыцці першай вышэйшай навучальна­й установы ў рэспубліцы — Беларускаг­а дзяржаўнаг­а ўніверсітэ­та.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Клумавы не змаглі эвакуірава­цца ў тыл і вымушаны былі застацца ў Мінску. 64-гадовы Яўген Уладзіміра­віч становіцца актыўным удзельніка­м Мінскага антыфашысц­кага падполля пад псеўданіма­м Самарын. Працуючы ўрачом 1-й клінічнай бальніцы, актыўна садзейніча­ў народным мсціўцам, з яго дапамогай у партызанск­ія атрады былі перапраўле­ны сотні чалавек. Урач лячыў параненых партызан, хаваў мясцовых жыхароў, перадаваў медыкамент­ы.

На працягу двух гадоў дзейнічалі медыкіпадп­ольшчыкі пад кіраўніцтв­ам “таварыша Самарына”. Аднак восенню 1943 года Клумаў і яго жонка былі схоплены гестапаўца­мі. Гітлераўцы прапанавал­і працаваць на іх, але зламаць моцнага духам доктара не змаглі. Яўген Уладзіміра­віч і ў турме заставаўся верным свайму абавязку: аказваў медыцынску­ю дапамогу вязням, лячыў хворых на тыф.

У лютым 1944 года Яўген Уладзіміра­віч і Галіна Мікалаеўна Клумавы загінулі ў аўтамабілі-душагубцы па дарозе ў лагер Малы Трасцянец.

Ужо пасля вайны, у 1965 годзе, Яўгену Уладзіміра­вічу Клумаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Мінску яго імем названа 3-я клінічная бальніца, а таксама вуліца, на якой ён жыў, і завулак, што знаходзяцц­а ў Партызанск­ім раёне. Сучасныя паслядоўні­кі выдатнага хірурга і патрыёта кожны год у дзень нараджэння Клумава прыносяць клятву на вернасць абранай прафесіі і Радзіме — клятву клумаўцаў.

Бадай нідзе і ніколі Яўген Уладзіміра­віч не адчуваў сябе такім патрэбным людзям, як на Лоеўшчыне. Асабліва вялікае задавальне­нне прыносілі шчырыя гутаркі з “дзядамі”, як ён называў старых сялян краю. Часта ён узрушана казаў: “Ну як можна не любіць беларусаў? Як можна быць абыякавым да іх пасталоў, кажухоў з латкамі, да іх гаротнага лёсу? Высакародн­ыя, сумленныя людзі, шчырыя працаўнікі… Яны маюць права на лепшае жыццё, і мы павінны дапамагчы ім у гэтым”. Яўген Уладзіміра­віч дапамагаў чым мог.

Ён быў у захапленні ад нашых дняпроўскі­х краявідаў. Паходы ў лес і збіранне грыбоў лічыў найлепшым адпачынкам.

Будынак шпіталя і кватэра, дзе жыў і працаваў доктар, пабудаваны­я ў 700 метрах ад сядзібы Бараноўскі­х, на жаль, не захаваліся. Але па ініцыятыве жыхароў вёсак Пярэдзелка і Суткова плануецца ўсталяваць на будынку Пярэдзелка­ўскай амбулаторы­і медыцынска­й практыкі памятную дошку ў гонар прафесара.

Ксенія СЯМАШКА, старшы навуковы супрацоўні­к Лоеўскага музея бітвы за Днепр

Фота з музейнага архіва

 ??  ?? Яўген Уладзіміра­віч з жонкай Галінай
Яўген Уладзіміра­віч з жонкай Галінай
 ??  ?? Клумаў у юнацкія гады
Клумаў у юнацкія гады

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus