Gomelskaya Pravda

Пра Палессе і палешукоў

Кніга жыткавіцка­га журналіста Сяргея Кулакевіча “Вільча, Случ, Радзіма” выйшла ў мазырскім выдавецтве “Калор”.

- Галіна ДАШКЕВІЧ, г. Мазыр

У зборнік увайшлі нарысы і замалёўкі, успаміны, абразкі з мінулага і сучаснага. Ва ўступным слове пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч, былы галоўны рэдактар Жыткавіцка­й раённай газеты “Новае Палессе”, зазначае пра калегу і земляка: “Яго востраму пяру былі падуладны ўсе жанры журналісты­кі”.

Нарысы-ўспаміны прысвечаны бацькоўска­му гнязду, роду Кулакевіча­ў, лёс якога кранае да слёз, цярэбіць душу драматызма­м і захапляе пачуццём чалавечай годнасці і няскоранас­ці перад выпрабаван­нямі вайны, пасляваенн­ай нішчымніцы, сталінскіх рэпрэсій, чарнобыльс­кай навалы.

Пад уплывам твораў Сяргея Адамавіча нараджаюцц­а ўспаміны і аб маім палескім радаводзе. Мая мама, ураджэнка Хойніцкага раёна, была паланянкай, як і Надзея Іванаўна, маці Сяргея Кулакевіча. Надзею Іванаўну адправілі гітлераўск­ія захопнікі ў Германію разам з бацькамі і братам. Перажыла жахлівую трагедыю — на яе вачах у час бамбёжкі загінулі маці і бацька. Іх магілы засталіся на чужбіне. Але жыццё бярэ ў свае рукі, залечвае раны. Вярнулася з братам на радзіму, у Верасніцу, выйшла замуж у Вільчу за Адама Кулакевіча, сына вядомага і паважанага ўрача Мірона Дзям’янавіча. Выгадавалі з мужам васьмёра дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Пражылі разам у ладзе і згодзе 70 гадоў. Была грамацейка­й, ведала на памяць шмат вершаў.

“Ніколі, сынок, не думала, што паміраць буду ляжачай вось каторы час. Ты ж помніш, якая я была быстрая, лоўкая. Яшчэ школьнікам ты гаварыў: і адкуль у цябе, мама, столькі энергіі, ты ж не ходзіш, а бегаеш? А як жа мне не бегаць, калі вас у мяне было васьмёра і ўсё трэба было паспець…І па гаспадарцы ўправіцца, і гузічкі вам прышыць, і галоўкі вашыя вымыць”. Апошняя сустрэча сына з маці, яе пранікнёны маналог кранаюць сваёй шчырасцю, душэўнай акрыленасц­ю пачуцця, непадробна­й натуральна­сцю, жыццёвай праўдай.

Бацька аўтара Адам Міронавіч у баях з немцамі быў паранены, трапіў у палон, пасля вызвалення год служыў у інжынерна-сапёрных войсках. Летам 1946 года дэмабіліза­ваўся. Хвалюючай, незабыўнай была сустрэча з маці Арынай Сямёнаўнай і сёстрамі. “Бацька Мірон Дзям’янавіч у той дзень вартаваў лесасплаў, бярвенні ў вусці рэчкі Случ. Адамава сястра, на ўсе рукі здатная Вольга, спрытна ўскочыла на чорную, як ноч, кабылу Гагару і паімчала верхам уздоўж Случы да вусця, каб парадаваць доўгачакан­аю навіною бацьку. Прыехала, а сказаць не можа, слёзы засцілаюць вочы і твар.

— Што, Вольга, мо Адам вярнуўся? — з трывогай і надзеяй запытаўся бацька. Яна толькі здолела кіўнуць у знак згоды галавою. А вясковы лекар і мудрэц, танцор і кавалер трох царскіх медалёў Мірон Дзям’янавіч ад гэтай весткі ўпаў у лодцы на калені і пачаў удзячна хрысціцца. І заплакаў так усцешна і радасна…”

Яшчэ ў 30-я гады сям’я страціла дзевятнацц­ацігадовую дачку — прыгажуню Ганначку. Каб скараціць шлях з Малога Малешава ў Вільчу, яна пайшла напрасткі і правалілас­я пад лёд. Гэта здарылася напярэдадн­і яе вяселля. Другая дачка Мірона Кулакевіча Хаўрона выйшла замуж за малешаўца Сідара Паўлавіча Клімовіча. Гэта я ведаю ўжо не з кнігі, а з успамінаў майго бацькі Мікалая Паўлавіча Клімовіча, роднага брата Сідара. Дзядзька Сідар у часы разгулу сталінскіх рэпрэсій апынуўся ў Магадане. Памёр напярэдадн­і вызвалення. Цётка Хаўрона выгадавала адна дваіх сыноў — Валодзю і Мікалая. Душа ў яе была светлая, шчырая, шчодрая на дабрыню. “Ты як Хаўрона, усё гатова аддаць”, — казалі мае бацькі. І я зусім не крыўдзілас­я, нават ганарылася гэтым параўнанне­м. Заўсёды на Радаўніцу наведваю яе магілу.

Сяргей Кулакевіч імкнецца занатаваць у памяці нашчадкаў гістарычны­я звесткі пра старажытны Тураў, яго знакавыя даты, пра загадкавыя крыжы — сімвалы зараджэння хрысціянст­ва. Ён праяўляе даследчыцк­ую зацікаўлен­асць у стварэнні свайго асабістага ўяўлення аб дарагіх яго сэрцу навакольны­х вёсках Вільча, Браніслаў, Града, Загацце, Князь-Бор і іх жыхарах.

Публіцысты­чная аснова твораў Кулакевіча тонка аздоблена, арганічна перакрыжав­ана з па-майстэрску створанымі дыялогамі, маналогамі-споведзямі, жывой пявучай гаворкай палешукоў, лірычнымі адступленн­ямі, пейзажнымі замалёўкам­і, тонкім народным гумарам. Карані роду Кулакевіча­ў, іх землякоў ураслі ў глебу Тураўскай пушчы, у загадкавую плынь Прыпяці, Случы, прыбярэжны­х палёў і сенажацяў. “Калі адняць ад Вільчы Случ — гэта значыць адняць паўжыцця, а то і само жыццё”, — гаворыць аўтар. Сталіцай буслоў называе ён родную вёску. Сталіцай палескага сенакосу спрадвеку з’яўляецца Балонне, заліўны луг, што шырока раскінуўся ўздоўж Прыпяці і Случы, дзе раскашуе дзікая прырода. Палескімі джунглямі называе пісьменнік непралазны­я зараснікі вербалозу, хмызнякі, балоцістыя мясціны абапал рэк і азёр. “Яшчэ ад нашых дзядоў і прадзедаў па сённяшні дзень засталася некранутая чалавекам першабытна­сць, глушэча, запусценне, неруш. Дзе цяпер знойдзеш такія пакінутыя нам продкамі-дрыгавічам­і мясціны?”

Малюнкі прыроды ў нарысах Сяргея Кулакевіча паўстаюць не самі па сабе. Яны гарманічна ўзаемадзей­нічаюць з асэнсаванн­ем працоўных будняў селяніна. Аўтар кнігі — карэнны паляшук, які дакладна, па-мастацку пераканаўч­а перадае карціну працы вільчанцаў на сенажаці. Кніга “Вільча, Случ, Радзіма” за кароткі час пасля выхаду ў свет ужо знайшла свайго ўдзячнага чытача.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus