Gomelskaya Pravda

Сямімужніц­а

- (Урывак з апавядання) Валянціна КАДЗЕТАВА-АРЭСТАВА

...Інстытут я скончыла завочна і замуж пайшла ў другі раз. Ад злосці. Даведалася, што Міша прывёз нейкую, ну я... Нават запісаліся мы з Максімам. Ён неблагі быў, з твару паглядны. Але пажылі мы з год, і зразумела я, што не кахаю яго. Усё мяне ў ім раздражняц­ь стала: і як ён ходзіць (бясшумна, бы кот), і як есць (сапе і сківіцамі, нібы жорнамі, варочае). Пайшла ад яго. Я тады ў Гомелі ў вучылішчы працавала. У шуры-муры не ўкідалася. Чакала. Не можа быць, думала, каб не сустрэўся мне чалавек, да якога сэрцам прыляпілас­я б. Існуе ж на свеце сапраўднае, высокае, чыстае. Інакш сам свет не існаваў бы.

Жылі мы з дачкой. Ранічкаю адвяду яе ў садок, а сама на працу. Абедала ў “Пеўніку” на праспекце. Тады ж яшчэ цэны не такія шалёныя былі, як цяпер. Вось сяджу аднойчы за столікам, салату ем фірменную і раптам адчуваю на сабе нечы пільны позірк. Узняла галаву — мужчына якраз насупраць мяне сядзіць. Малады, смуглявы, чорнавалос­ы. А побач з ім хлопчык гадоў пяці. Пірожнае есць. Загарэлы тварык белым крэмам выпацканы. Скаланулас­я нешта ў ва мне. Нейкія яны былі... нібы сіроты.

Бежан — так зваўся мужчына — неўзабаве расказаў мне вельмі невясёлую гісторыю. Жыў ён у Тбілісі. Жонка ягоная пад машыну трапіла, ды там на месцы і сканала. Пахаваў яе і вырашыў з’ехаць з гэтага горада назаўжды. У яго ў Гомелі брат жыве. Служыў некалі тут. Дзяўчыну сабе прыгледзеў і ажаніўся. Вось Бежан у брата пакуль і пасяліўся з Вахтангам, сынам сваім. Слухала, і плакаць хацелася — так шкада іх было: і дарослага, і малога.

Праз нейкі час Бежан з Вахтангам пераехалі да мяне. Вахтанг па-руску зусім гаварыць не ўмеў, ія з ім штовечар займалася. У садок той, дзе мая Вера была, яго ўладкавала. Глядзела за ім, як і за дачушкай сваёй. Хаця свая раднейшая была, што тут казаць. З Бежанам у нас усё ладзілася, і я ўжо ўявіла сабе, што знайшла я нарэшце сваё шчасце. Праўда, у пасёлку, на радзіме маёй, асуджалі мяне — з нярускім звязалася, быццам мужчын сваіх мала —і я старалася як мага радзей ездзіць туды.

А ад Бежана я толькі добрае бачыла: ласкавы быў, уважлівы. З-за стала ўстане, у шчаку пацалуе: “Дзякуй, любая!” Раніцай прачнецца: “Добры дзень, дарагая!” З працы сустрэне: “Стамілася, мілая?”

Аднойчы вечарам, калі мы ўжо спаць клаліся, пазваніў нехта ў дзверы. Адчыняць Бежан пайшоў. Я са спальні выглянула. Бачу — стаіць ля парога жанчына, на Бежана падобная, такая ж чорнавалос­ая і смуглявая. Відаць, сястра Бежанава ў госці надумалася. Я халат накінула, замітусіла­ся: “Праходзьце, калі ласка!” А жанчына на мяне не зважаючы, з Бежанам па-іхняму загаварыла, па-грузінску. А я, амаль два гады з Бежанам пажыўшы, крыху разумела ўжо іхнюю мову. Услухалася я ў іхнюю гаворку і ўтрупянела. Жонка! Гэта была Бежанава жонка! Хаця не, не Бежанава, бо імя яго, аказваецца, не Бежан, а Іраклій (а як жа тады пашпарт?). Жанчына сказала Бежану-Іраклію, што “там ужо ўсё ў парадку, і табе цяпер нічога не пагражае, таму можна ехаць дадому”. А яшчэ я даведалася, што ў яго, апроч Вахтанга, трое сыноў.

Думала, што розум страчу, так балюча было! Хадзіла па кватэры і не плакала, ваўчыцаю выла...

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus