Gomelskaya Pravda

Заступніца ад бяды і хваробы

У вёсцы Залатуха Калінкавіц­кага раёна на Прачыстую праводзяць абрад пераносу свячы.

- Таццяна КАПІТАН

Амаль штогод 28 жніўня на першую Прачыстую насельніцт­ва вёскі Залатуха павялічвае­цца ў некалькі разоў. З’язджаюцца дзеці, унукі, іншыя родзічы вяскоўцаў, каб прыняць асабісты ўдзел у старадаўні­м абрадзе “Перанос свячы”. Абрад жыве з незапамятн­ых часоў. Вялікая Прачыстая — Успенне Прасвятой Багародзіц­ы і Вечнадзевы Марыі — адно з галоўных святаў праваслаўн­ага календара. “Прачыстая прынясе хлеба чыстага” — як Спас славіцца асвячэннем яблыкаў, так Прачыстая асвячэннем хлеба. Адразу пасля яе пачыналася сяўба азіміны. “Успенне — ці гатова насенне?” — казалі ў народзе.

На Прачыстую асвячалі “бараду” — апошні снапок, зернем якога пачыналі на другі дзень азімыя засеўкі. “Дажыначны” сноп быў членам той сям’і, у чыю хату яго неслі. Яго ставілі ў чырвоным куце і захоўвалі ўсю зіму. Зерне з яго выкарыстоў­валі ў сямейных абрадах — на вяселлі, радзінах, пахаванні, частавалі ім хатнюю жывёлу, каб яна была здаровай і пладавітай. Дзяўчатам давалі такую параду: “На Прычыстую не нагледзіш — зіму дзеўкай і праседзіш”. З 28 жніўня паўсюдна пачыналіся карагоды і вясельныя абрады: агледзіны, сватаўство, заручыны, запоіны.

У гэты святочны дзень нашы продкі праводзілі абрад свечкі — з песнямі пераносілі з хаты ў хату ікону Прасвятой Багародзіц­ы і запаленую, уваткнутую ў новае зерне свечку, гасцявалі ў той хаце, дзе пакідалі іх да наступнага года. У Калінкавіц­кім раёне такая традыцыя захавалася толькі ў Залатусе. Старажылы вёскі клапоцяцца пра тое, каб не страціць свае карані, перадаць у спадчыну нашчадкам традыцыі, што перадалі ім бацькі. На жаль, такіх вяскоўцаў застаецца ўсё менш.

— Але ж прыняць свячу — не толькі вялікая пашана, але і пэўныя абавязкі, клопаты, — распавядае пра самабытны абрад дырэктар мясцовага сельскага Дома культуры Ганна Сохар. — Свяча стаіць у хаце цэлы год, і, калі да наступнай Прачыстай ніхто не выказаў жаданне прыняць яе, там і застаецца.

У апошняй гаспадыні Наталлі Жук свяча прастаяла два гады. Яе хата на гэты час стала своеасаблі­вай царквой, куды кожны вясковец мог прыйсці памаліцца, папрасіць у Маці Божай дапамогі. Сёлета ікону прыняла Валянціна Жук. Цяпер яе хата стане храмам, будзе асвечана святым агнём, у ёй не будзе хваробы і гора, а толькі радасць, добры ўраджай і багаты прыплод жывёлы.

У гэты раз на перанос свячы, нягледзячы на дрэннае надвор’е, сабраліся і старыя, і малыя. Пасля таго як айцец Георгій адслужыў малебен у хаце Наталлі Жук, па засланай тканым палатном дарозе свячу ўрачыста перанеслі да новай гаспадыні. Дарэчы, шлях быў няблізкім: Валянціна Мікалаеўна жыве на процілеглы­м канцы вёскі. Затое падскочыць пад ікону і папрасіць у Прачыстай Маці здароўя і дабрабыту паспеў кожны вернік. Перанос свячы па традыцыі суправаджа­ўся абрадавай песняй, якую склалі мясцовыя жыхары яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя: “Прачыстая Маці Божая, Кудою йшла дарогаю? Дарогаю шырокаю, Чэраз мора глыбокае. Ішла яна рыдаючы, Свайго сына шукаючы… Ангела, якому ў сэрца гвоздзі забівалі, Кроў святую пралівалі”. Гэту песню жыхары Залатухі спяваюць і сёння, нават захавалі яе аўтэнтычна­е гучанне. Старажылы расказалі, што свяча заўсёды абараняла вёску ад бяды і гора, нават у гады Вялікай Айчыннай вайны: “Немцы дайшлі да Залатухі, але потым павярнулі назад, не спалілі вёску дзякуючы нашай заступніцы”.

Мясцовыя жыхары вераць, што свечка ахоўвае ад бяды не тольку хату гаспадароў, але і беражэ ўсю вёску. А наконт таго, ці збываюцца жаданні, якія кожны загадвае, калі праходзіць пад свечкай, — кажуць, што так.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus