Gomelskaya Pravda

Чужая вясна

-

Урывак з апавядання

…Уранні Антаніна падхапілас­я і саскочыла з ложку. Нехта шкрабаўся ў вітальні. Звыклым жэстам яна паправіла растрапаны­я валасы і хутчэй заспяшалас­я да дзвярэй.

— Хто там? — з трывогай прытулілас­я яна да абабітых шалёўкай дзвярэй. А пазнаўшы знаёмы голас, адамкнула клямку.

— Баішся, што ўкрадуць? — ступіў у хату малады шыракаплеч­ы хлопец у шэрай, з футравай аблямоўкаю куртцы.

— Ромка! — радасна заззялі яе вочы. — Сынок, а чаму ж не папярэдзіў? Патэлефана­ваў бы хоць!

— А-а, навошта, заняткаў сёння няма, ускочыў у першы аўтобус, — хлопец кінуў на палічку каля люстэрка ключы і зняў куртку.

— Чаму без шапкі? — яна паднялася на дыбачкі, абняла яго крэпкую шыю і патрапала густыя чорныя валасы.

— Капюшон цёплы. Ды і дажджу ўжо няма, — ён лёгка падхапіў з палавічка сваю торбу і накіраваўс­я ў залу.

— Вой, а ў нас снег усю ноч сыпаў! Я ў краму зараз збегаю, буцік пакуль зрабі, ці гэта, пельмені ў маразільні, — замітусіла­ся Антаніна ў кухні.

— Ма-ам, — праз хвіліну з’явіўся там і Рома. — А хто гэта ў нас там спіць, на канапе?

— Дык, — здрыганула­ся Антаніна і стукнула талеркай аб стол, — дык гэта Кірэйчыхі родзічка, захварэла яна… — А чаму менавіта ў нас хварэе? — Ну, папрасіла Кірэйчыха. Ці рамонт там у яе, ці яшчэ якая трасца, — яна старанна рэзала хлеб. — Не звяртай увагі, твой пакой свабодны. Начаваць застанешся?

— Ага, — Рома ўзяў з дошкі лустачку сыру. —Я ў краму збегаю, грошы давай. Што там набыць трэба?

Вярнуўся Рома скора. Ён усё рабіў скора, на хуткую руку, часам і не разважаў, сек з пляча. Увесь у бацьку пайшоў. Антаніна не адважылася будзіць Майку, таму снедалі без яе. Рома нешта распавядаў, смяяўся. Антаніна бегла ўсміхалася, ківала галавой і няспынна памешвала ўжо халодную каву.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus