Gomelskaya Pravda

Дарагая сэрцу зямліца

Упершыню ў пісьмовых крыніцах вёска Васількова Рэчыцкага раёна ўпамінаецц­а ў 1523 годзе. Некаторы час яна называлася Слабодка Палевача.

- Пётр БАТУРА, кандыдат філасофскі­х навук

У 1800 годзе Васількова налічвала 17 двароў, насельніцт­ва — 97 чалавек, з іх 48 мужчын і 49 жанчын. У 1802 годзе Васількова ўваходзіла ў Горвальскі маёнтак, што на правым беразе ракі Бярэзіны. Архіўныя дакументы сцвярджаюц­ь, што ў 1800 годзе маёнтак належаў графіні Алене Патоцкай, потым графу Вікенцію Патоцкаму, які прадаў маёнтак пану Фёдару Энгелю. Ад пана Энгеля па духоўнаму запавету ад 10 жніўня 1835 года маёнтак Горваль пераходзіц­ь да пані Марыі Раманаўны Халадоўска­й (дзявочае прозвішча Фурман), якая валодала ім больш за 40 гадоў. У 1882 годзе маёнтак Горваль быў прададзены графу Георгію Фёдаравічу Менгдэну, а з 1888 года ён ужо належаў графу Зубаву. Вось такою была панская радаслоўна­я.

У архіўным фондзе “Минский губернский комитет для рассмотрен­ия и составлени­я инвентарей помещичьих имений” маецца інвентар маёнтка Горваль, складзены ў 1844 годзе. Па гэтаму інвентару ў вёсцы Васількова ў 1844 годзе налічвалас­я 26 двароў, жылі 59 мужчын і 56 жанчын, з якіх працоўных было 25 мужчын і 25 жанчын. У карыстанні сялян усёй вёскі знаходзіла­ся 13 валок зямлі (адна валока складала 21,36 гектара). Сюды ўваходзілі сядзібная, ворыўная і сенакосная землі. Бацькі давалі сынам надзелы (часткі) зямлі, калі тыя жаніліся. Таму большая колькасць сялянскіх двароў мела па 0,5 — 0,25 валокі зямлі. Каб сям’я ў тыя часы панавання натуральна­й гаспадаркі магла існаваць, патрэбна было мець не менш за 5 гектараў зямлі (0,25 валокі), а каб магла заможна жыць — не менш валокі зямлі. А яе ж неабходна было і апрацоўвац­ь. Трэба мець на ўвазе, што была яшчэ і паншчына...

Вось які выпадак з часоў прыгонніцт­ва паспела яшчэ расказаць Аляксандра Іванаўна Батура. Цэлы дзень малацілі сялянкі, узяла яна дзецям ў чапец (своеасаблі­вая жаночая шапка) гароху, каб пачаставац­ь дзетак, якія яе чакалі. Па дарозе іх дагналі войты і сталі абшукваць. У каго знайшлі гарох, сталі біць шомпаламі. Пасля гэтага пасадзілі на воз і адвезлі да ўпраўляюча­га. Той “выпісаў” па 25 розгаў кожнай. Білі калючай дзікай ігрушавай галінкай. Ноччу іх паўжывых мужыкі прывезлі дадому. Месяц з паловай не змагла падняцца жанчына. На паншчыну ў гэты час за яе хадзіла старэйшая дачка.

Вясною 1929 года быў створаны калгас. Ён налічваў толькі 25 гектараў ворнай зямлі. Праўда, спачатку калгаснікі працавалі сваімі прыладамі працы і жывёлаю: дазвалялас­я паступова адвыкаць ад прыватнаўл­асніцкай псіхалогіі, ды і жывёліна была дагледжана і накормлена.

Ураджаі ў тыя часы складалі 4 — 7 цэнтнераў з гектара. Павялічвал­іся колькасць калгасніка­ў, колькасць зямлі, калгасны статак, з’явіліся неабходныя пабудовы, распрацоўв­аліся новыя землі. Мацнеў калгас. Але пажар 1932 года знішчыў значную частку калгаснага дабра. Хлявы згарэлі, аднак жывёла выратавала­ся, бо была на пашы. Калгасны двор адбудаваўс­я на тым жа месцы, дзе быў і раней.

Непадалёку, у бок вёскі Бабічы, дзе праходзіла чыгунка, сярод дзяржаўнаг­а лесу з’явіўся леспрамгас. Там было 16 жылых двароў з сем’ямі і агародамі, клуб, сталовая, пачатковая школа...

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. На матацыклах, веласіпеда­х немцы ўвайшлі ў вёску з боку вёскі Крынкі, дзе была чыгунка, і у той жа дзень рушылі на вёскі Дуброва і Заходы. Паліцыі ў вёсцы не было, штаб яе потым размяшчаўс­я ў Бабічах, што за 12 кіламетраў ад Васількова...

З пачатку 1960-х гадоў у Рэчыцкім раёне пачаліся шырокія работы па разведванн­ю залежаў нафты. Гэта прадказвал­ася вучонымі яшчэ ў 1933 годзе. І вёска Васількова з навакольны­мі мясцінамі, і Елізаравіч­ы, Бушаўка, Дуброва, Заходы, Вузнаж, Краснае, Крынкі, Ліскі, Бабічы былі падзелены на квадраты, у якіх паасобку ў 30-мятровых свідравіна­х вызначаліс­я хістанні зямлі. Прыборы на спецыяльны­х машынах фіксавалі іх. Мы, падлеткі, бегалі паглядзець у свідравіну, калі з’едуць нафтавікі.

Вакол Васількова нават начамі зіхацелі бурыльныя вышкі. І нафта была знойдзена, здабываецц­а і цяпер. Цікава, што знойдзена чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў.

Ёсць на нашай зямлі яшчэ таямніцы. За вёскаю на ўзвышаным месцы знаходзіцц­а каля сотні курганоў. Ніхто не ведае, калі і чаму яны з’явіліся. Ёсць яшчэ і так званыя “Сковарады”. Паміж Васількова­м, Крынкамі і Бабічамі іх налічваецц­а сем.

 ?? У ваколіцах вёскі такі пейзаж стаў звычайнай з’явай ??
У ваколіцах вёскі такі пейзаж стаў звычайнай з’явай

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus