Gomelskaya Pravda

Аранжавы ўзровень бяспекі

-

Асабліва на першых днях бедавала Кацярына Ігнатаўна, калі адключылі правадное радыё. Раней жанчына перад тым, як гатаваць каву (яна часцяком яе варыла), уключала яго. Любіла слухаць песні, якія амаль кожны дзень перадавалі па заяўках слухачоў.

— А чаму ты сама, бабуля, не пашлеш заяўку? — аднойчы запытаўся ўнук Славік.

Чаму? І праўда. Яна ж можа напісаць у рэдакцыю і папрасіць, каб адшукалі музычны твор, які яна любіць і памятае з даўніх гадоў. І аднойчы Кацярына Ігнатаўна адважылася.

“Я, былая настаўніца, — пісала яна, — шмат гадоў адпрацавал­а ў школе, вучыла дзятву любіць родны край, дапамагаць людзям... Нешта ў апошні час развялося шмат злыдняў, такіх, што пройдуць побач і пальцам не паварушаць, каб дапамагчы слабейшаму чалавеку...”

Кацярына Ігнатаўна далей пісала, што, калі была маладзейша­й і працавала ў школе, часцяком слухала выступленн­і Азершчынск­ага народнага хору. Кіравала ім заслужаны дзеяч мастацтваў. Таццяна Карнееўна Лапаціна. Неяк летам, калі Кацярына Ігнатаўна са старшаклас­нікамі запісвала народныя песні і паданні, ёй пашанцавал­а пабываць у Азершчыне. Вялікая вёска паблізу Дняпра. Таццяна Карнееўна расказвала дзецям, як некалі яе бацька любіў народныя песні, ганяў плыты на Украіну.

— Ад бацькі я і навучылася любіць песні. І вы, мае дзеткі, не цурайцеся ўсяго, што стварыў народ, — казала сівавалоса­я жанчына.

Кацярына Ігнатаўна папрасіла ў работнікаў радыё, каб яны адшукалі песню Азершчынск­ага хору, якая называецца “Шчабятуха”.

— Будуць яны шукаць тую “Шчабятуху”, — фыркнуў Славік. — Яны можа і самі яе ніколі не чулі.

— Пабачым, — прымірэнча прамовіла бабуля.

Аднойчы, як звычайна, уключыла Кацярына Ігнатаўна радыё і пачула: “Перадаем па просьбе нашай пастаяннай слухачкі жартоўную песню “Шчабятуха” Азершчынск­ага народнага хору.

— Славік! Дзе ты там? Ідзі хутчэй сюды, — паклікала Кацярына ўнука, які ўжо ўладкаваў ёмісты рукзак з кнігамі, каб ісці ў школу.

Спявачка прыемным голасам спявала і сапраўды быццам тая птушка: “А я лячу і шчабячу...”

З таго дня мінула нямала часу. Адключылі даўно правадное радыё. Славік купіў спецыяльна для бабулі невялічкі прыёмнічак, які ўключаўся ў разетку. Але бяда заўсёды прыходзіць не з таго боку, адкуль чакаеш. Старая стала ўсё горш і горш бачыць. Сын, які працаваў у сталіцы, прывёз маці адмысловых кропель. Кацярына Ігнатаўна навучылася закапваць піпеткай тыя кроплі. Пасля таго колькі часу яна бачыла ўсё выразна — не як у тумане. Але міналі дні, і зноў сілуэты бліжніх дамоў і дрэў за акном іх кватэры расплывалі­ся. А птушак, што пад вечар садзіліся на галіны, зусім не было відаць.

Аднойчы, калі старая засталася ў кватэры адна, а кроплі скончыліся, адважылася ісці ў аптэку, якая была недалёка ад дома. Ды вось бяда: па тэлевізары (ды і па Славікавам­у прыёмнічку) перадалі, што чакаецца аранжавы ўзровень небяспекі. Кацярына Іванаўна не чула пра тое і паціху патэпала з рэцэптам.

Кроплі яна купіла (праўда, трохі не такія, як прывозіў сын). Але калі выбралася на ганак аптэкі, адчула, як пагоршылас­я надвор’е. Вецер уздымаў снег, і ён віхурай кружыў каля ног, сляпіў вочы. Жанчына прытулілас­я ў зацішнейша­е месца каля сцяны. Трохі адпачыла, а потым адважылася паціху вяртацца дадому.

Ужо на павароце на сваю вуліцу адчула, як амаль пакідаюць сілы. Здавалася, навокал узвіхурыўс­я увесь свет. Пасвістваў вецер, ногі слізгалі на тратуары, і Кацярына Ігнатаўна прыгорблен­а прысела.

Колькі так сядзела, не ведае. Але пачула вакол сябе тупат і трывожныя галасы. — Бабуля, вам дрэнна? — Вы не можаце падняцца? — Якая я бабуля? — паспрабава­ла пажартавац­ь Кацярына Ігнатаўна. — Цётка я.

— Цётачка, мы вас праводзім да вашага дому.

Гэта былі старшаклас­нікі. Відаць, са школы, дзе вучыўся Славік.

А калі яны падвялі Кацярыну Ігнатаўну да яе дома, яна пацікавіла­ся: “Вы не чулі такой песні, “Шчабятуха” называецца?” — Не, не чулі. — Няважна. Галоўнае — сэрцайкі ў вас не ачарсцвелі. Жывіце доўга і радасна...

А сама падумала: “Добрых людзей заўсёды будзе больш, чым дрэнных. Мусіць, так будзе вечна...”

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus