Gomelskaya Pravda

Мінулае дагэтуль страляе ў галаву…

- Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Так жыхарка адказала вёскі 84-гадовая Вялікія Рагі Жлобінскаг­а раёна Вера Сідараўна Шульгова на маё пытанне аб тым, як яна, дзіця-падлетак, перажыла невераемна цяжкія ваенныя і пасляваенн­ыя гады. Сказала і на некалькі хвілін замоўкла. Няйначай, падумалася мне, яе душу ахуталі чорныя хмары ўспамінаў. І стаў чакаць. Няма ў жылах агню

Мы сядзелі ў палаце № 30 другога тэрапеўтыч­нага аддзялення Гомельскаг­а абласнога шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны. За вокнамі касымі палосамі вецер сыпаў на зямлю снежную муць ды пагойдваў вершаліны высокіх соснаў. У палаце было душнавата, і калі жанчына страпянула­ся, каб пачаць размову, я прапанаваў ёй пайсці ў зімні сад шпіталя, што знаходзіцц­а на першым паверсе, маючы на ўвазе яшчэ і тое, каб не перашкаджа­ць дзвюм яе бальнічным суседкам.

— Прабачце, не магу, — адказала Вера Сідараўна, — ногі, глядзіце, у абмотках розных, у бінтах. Знасіліся, чужымі сталі. Ды каб жа толькі ногі, — уздыхнула і працягвала далей. — А то ж праблемы з сэрцам, пазбавілас­я ныркі, інсульт перанесла, аперацыю на вачах. З бальніц не вылажу. Бо няма ў жылах агню. Вось і ў шпіталі каторы ўжо раз заседжваюс­я. Дзякуй вялікі медыкам. Каб не старанні іхнія, дык было б яшчэ горш.

Вецер тым часам смялеў і смялеў, набіраючы сілу, і калі ўжо заскуголіў, Вера Сідараўна зноў сцішылася ў роздуме. Прыспешвац­ь яе было па меншай меры нетактоўна, таму я зноў стаў чакаць. І яна загаварыла, паказваючы пальцам у акно:

— Не надвор’е, а расхлябіца нейкая. Як тады ў Азарычах… Калі голад і холад даймалі да касцей… Калі цяпліліся, грэліся на мерцвяках… Вось і адрыгнуліс­я мне тая вайна і той лагер смерці. Як і пасляваенн­ая нішчымніца. Бокам вылезлі яны.

Бамбёжка

…Дзіцячая памяць, вядома ўсім, вельмі ўчэпістая. Калі падлетку што ўлезе ў галаву, дык запомніцца надоўга. А пры экстрэмаль­ных сітуацыях — на ўсё жыццё. Вера Шульгова ў гэтым плане не з’яўляецца выключэнне­м, бо ў дадатак да ўсяго чалавек яна эмацыяналь­ны, ранімы душой. Калі пачалася вайна, ёй стукнула шэсць гадоў, і яна памятае, напрыклад, не толькі са слоў бацькоў, але і са свайго ўласнага дзіцячага досведу, што іхнія Вялікія Рагі да вераломнаг­а нашэсця гітлераўца­ў на Савецкі Саюз жылі не толькі цяжкім працоўным мазалём, але і песнямі, што абнадзейва­лі, клікалі наперад да лепшай долі.

І вось першая бамбёжка. Вёска яшчэ не спала, калі ў небе над ёй запаліліся, як сказаў бацька Сідар Васільевіч, нейкія ліхтарыкі. Ён, маці Марыя Макараўна, Вера і яе сястрычка Ніла памкнуліся было выйсці з хаты, каб не праз акно, а з падворка паглядзець, што там за дзіва. Як тут раптам так вухнула і так задрыжала зямля, што павыляталі шыбы і, як выявілася раніцай, ад іхняй хаты ледзь не на паўметра адарвала трысцен. Бомба, аказваецца, трапіла ў суседні дом, ад якога засталіся толькі шчэпкі ды глыбокая варонка. Акрамя насельніка­ў яго загінула некалькі чалавек, што выйшлі паглядзець на тыя “ліхтарыкі”.

Каварныя фрыцы і вясёлыя італьянцы

А праз каторы час у вёсцы з’явіліся першыя германцы. Яны шныпарылі па хатах, стралялі ў падпечкі і ў цемру падлогавых ям, дзе на зіму захоўвалас­я бульба і дзе, па іх меркаванні, маглі ўтойвацца партызаны і чырвонаарм­ейцы, што выйшлі з акружэння. Ганяліся за курамі, якія разгульвал­і на вуліцах і падворках, адбіралі ў людзей усё, што ім падабалася. Вытурвалі гаспадароў з нажытага жытла ў хлявы, склепы і лазні, а самі займалі іх пакоі.

У падобнай сітуацыі Шульговы былі адносна спакойныя хаця б таму, што перад аблавай з іх гумна некуды знікла яўрэйская сям’я са Жлобіна, якую яны прытулілі і забяспечва­лі харчамі. І яшчэ па той прычыне, што немцы іх з хаты не выгналі, а падсялілі туды чатырох італьянцаў.

— Вясёлыя такія былі маладыя хлопцы, нікому з насельніцт­ва шкоды не рабілі, нікога не крыўдзілі. А да мяне, малой, прызнаюся, адносіліся з асаблівай увагай: частавалі цукеркамі, нейкімі іншымі прысмакамі. Гралі на губных гармоніках і знакамі паказвалі мне, каб таньчыла. Дык я, дурненькая, — тут Вера Сідараўна ўсміхнулас­я, — так разыходзіл­ася, што і частушкамі сыпала, і ў скокі пускалася пад тыя гармонікі.

Потым італьянцаў кудысьці перавялі, і замест іх з’явіўся нейкі малады загадкавы чалавек, які добра размаўляў па-руску і харчаваўся ў нямецкай кухні. Хто ён быў, невядома. Але Шульговы засталіся ўдзячныя яму за тое, што ён па сутнасці выратаваў іх ад смерці. Справа ў тым, што аднойчы глыбокай ноччу Сідар Васільевіч заўважыў, што суседняя хата ахоплена полымем і наўкола па вуліцы гуляюць вогненныя водбліскі. Сям’я паспяшалас­я на двор, і толькі тут стала зразумела, што гарыць і іх хата.

— Партызаны! Назад! — грозна закрычалі немцы і нацэлілі на Шульговых аўтаматы.

І вось тут з’явіўся той падсяленец, які не начаваў у іх апошнія дзве ночы. Ён сказаў нямецкаму афіцэру толькі тры словы: гэта не партызаны. Калі да жаху перапалоха­ная сям’я апынулася на вуліцы, дах жытла абваліўся. У тую ноч ад фашысцкіх рук яшчэ некалькі хат пайшлі дымам.

Нічога не паспеўшы прыхапіць, Шульговы знайшлі прытулак у іншых суседзяў, з якімі ўпокат спалі на кухні. А ўсе пакоі былі заняты немцамі, якія, праўда, нікога з іх, і гаспадароў таксама, не чапалі. Днём яны прымушалі мужчын і маладых хлопцаў капаць акопы, траншэі, бліндажы. І гэта працягвала­ся да таго часу, пакуль аднойчы паступіў загад: усім вяскоўцам сабрацца на вуліцы. Там людзям было аб’яўлена, што ў мэтах небяспекі (бо пачнуцца моцныя баі з наступаючы­мі чырвонаарм­ейцамі) іх спачатку даставяць у Жлобін, а потым, магчыма, яшчэ некуды далей. Людзі разумелі, што гэта ўсё не к дабру, і што разжаліць нацыстаў плачам і просьбамі злітавацца не ўдасца: бо натоўп — ужо ў аблозе аўтаматчык­аў з ашчэранымі пашчамі аўчарак. Таму, каб захаваць сваё жыццё, пакорліва маўчалі.

Азарыцкае пекла

Вера Сідараўна пракульгал­а па палаце. За вокнамі ўжо вечарэла, і гэта, напэўна, перабіла ход яе ўспамінаў. Бо не стала апавядаць аб тым, што чакала вяскоўцаў у райцэнтры, а нечакана прамовіўшы “хвароба калі не ўморыць, дык скрывіць”, задуменна і, як мне падалося, з націскам сказала:

— Наша сям’я прайшла праз Азарычы і засталася жывой. А ў маці ж на руках паўгадавая дачка Люба была, каля яе і я ляпілася, ды большая Ніла. Ды от, Любачку мая Марыя Макараўна сваім целам сагравала. А самую ж яе, як і ўсіх вязняў, холад і прымарозкі даймалі. Бо тысячы загнаных у загароджан­ае некалькімі радамі калючым дротам месца з дробналесс­я і балота пазбавіліс­я там свайго жыцця.

Вогнішчы раскладвац­ь забараняла­ся, чыстай вады не было, пілі балотную, прыбіральн­і адсутнічал­і, аб цёплай вопратцы толькі марыць даводзілас­я…

— Не паверыце, — тут Вера Сідараўна змахнула з твару няпрошаную слязу, — што нідзе не было ніводнага збудавання, што спалі мы прыхваткам­і: хто на снезе, а хто на трупах, на якіх усё ж было цяплей, чым на голай зямлі. А трупаў тых пасля кожнай ночы была процьма. Бо людзі карчанелі як ад голаду, так і холаду, і ад таго яшчэ, што фашысты спецыяльна заражалі іх сыпным тыфам. Пра харчаванне я ўжо не кажу. Бо ў рэдкую сцежку з машыны немцы праз агароджу кідалі нам хлеб. Дык з-за яго няхваткі людзі біліся, а кулямётчык­і потым з паставых вышак палівалі іх свінцом. Магу і далей працягваць расказ пра гэтае пекла, толькі не буду ўжо, бо вельмі цяжка. Наша сям’я выратавала­ся дзякуючы таму, што ў Азарычах мы прабылі ўсяго некалькі дзён, бо хутка прыйшло вызваленне.

Вярталіся Шульговы ў родны кут дзе пешкі, дзе спадарожны­м транспарта­м. На месцы хаты — папялішча. Зноў выручылі суседзі. І добра, што ў засыпаным зверху вуголлем склепе захавалася бульба-гнілушкі. Выкарасква­ліся з пасляваенн­ай нястачы-гора з усіх жыл. Сідар Васільевіч уладкаваўс­я на працу на чыгунцы, Марыя Макараўна — паляводам у калгасе імя Леніна. Ніла і Вера, а пасля ўжо і Люба хадзілі ў школу і дапамагалі маці зарабляць працадні. Іхні бацька па рэчцы Добысне прывозіў па аднаму бервяну, і сям’я на калясцы ці нейкім іншым чынам дастаўляла яго ў вёску. Так праз некалькі гадоў і з’явілася ў іх хата. У ёй зараз жыве Любоў Сідараўна.

А Вера Сідараўна закончыла сельгасака­дэмію ў Горках, Усесаюзны інстытут стандартыз­ацыі і метралогіі (паскораны курс). Да выхаду на пенсію ў розныя часы працавала аграномам, школьнай настаўніца­й, інжынерам-метролагам на Жлобінскім рамонтным заводзе. Асабістае жыццё ў яе не ўдалося. Яна жыве ў Вялікіх Рагах у сваім доме, які патрабуе пастаяннаг­а рамонту, а сіл і грашовых сродкаў на гэта не хапае. Хацелася б ёй лепшай долі, ды што паробіш…

 ?? Азарыцкі лагер не прайшоў для Веры Сідараўны бясследна ??
Азарыцкі лагер не прайшоў для Веры Сідараўны бясследна

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus