Gomelskaya Pravda

Яблычны Спас 1941 года

- Галіна ГУЗЯНКОВА

У разгары жнівень. І жніво ў разгары. Увішна завіхаюцца жанкі. Чаму ж тады самотныя іх твары? Чаму глядзяць удалеч з-пад рукі? Чаму ў іх спяваць няма ахвоты? Не чутна жніўных песень у палях? Грымяць, грымяць каторы дзень грымоты — І сэрцы ў жанчын сціскае страх. — Казалі, што фашыст пад Магілёвам. Вунь бежанцы і дзень і ноч брыдуць… Казалі, што Дняпро сплывае кроўю, Бо там баі смяротныя ідуць. Старая Маня ўкленчыла на ржышчы, Худыя рукі цягне ў вышыню: — Ратуй нас, Святы Спасе, ад фашыстаў, Шлях перакрый варожаму агню! Рупліва жнуць, стараюцца жанчыны… Працоўных вельмі не хапае рук: Пайшлі на фронт дарослыя мужчыны, Адны старыя ды малыя тут. Усё бліжэй, грамчэй грымяць гарматы… Жанчыны жаць спяшаюцца хутчэй. Не бежанцы — змарнелыя салдаты Ідуць, не падымаючы вачэй… Дзявочы голас празвінеў самотна: — Навошта пакідаеце вы нас? А ў небе ўжо чужыя самалёты Над жніўным полем танчаць дзікі вальс. І па жытах, што выспелі на славу, Няўмольная, на танках едзе смерць. За танкамі чужынцаў прэ арава — Век бы таго не бачыць, не глядзець. — Ах, ірады! На танках — ды па жыце! — Трасе старая Маня кулаком. Каб ведала яна, што хутка жыцці Яе вяскоўцаў смерць сажне сярпом. Стаяць, глядзяць сяляне анямела, Як іх жыты гараць, іх кроў і пот, Як танк нямецкі, нібы ашалелы, Паркан зламаўшы, прэ праз агарод. А ў садзе дрэвы гнуцца пад цяжарам, Гатовыя Спас Яблычны страчаць, Ды чорныя сталёвыя пачвары Па яблыках бязлітасна імчаць. — Дык гэта ж нелюдзі! — старыя кажуць. — Бо хіба ж людзі будуць так рабіць?! Што ж, прыйдзе час — яны за ўсё адкажуць! Увесь народ не знішчыць, не скарыць!

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus