Gomelskaya Pravda

Пра Мюлера, Шцірліца і Рыхарда Зорге

- НЕВЫДУМАНА­Я ГІСТОРЫЯ Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Што жаночае племя ў сваёй большасці лапатухі, дык гэта ясна як божы дзень. Ім толькі не замінай, дык да якіх толькі жыццёвых тэм яны не дабяруцца, якіх загадак не паразгадва­юць, каго на чыстую ваду не выведуць. Праўда, здараецца, што іншым разам каторая з маладзіц і спатыкнецц­а на нейкай «кочцы», затармозіц­ь. Але гэта зусім не азначае, што на тым яна і спыніцца. Таму што будзе адшукваць нейкія дадатковыя рэзервы, нашчупваць хады-выхады, каб усё ж дабіцца свайго. Але ці заўжды гэта ўдаецца, пакажам на канкрэтным прыкладзе.

– Нешта незвычайна­е робіцца ў сям’і нашых сяброў Лісіцыных (прозвішчы і імёны зменены па вядомых абставінах), – паведаміла свайму мужу Аляксандру Таццяна Дубініна. – Валька прыходзіла да мяне ў госці і расказвала, што нейкія падазроныя змены ў паводзінах Генадзя заўважыла. Па пяць–шэсць разоў на дні ў размовах з ёй ужывае адны і тыя ж два словы «даруй, Валечка». Якіх раней ад яго не чула.

– А што тут дзіўнага? – адказаў той. – Больш культурным чалавек стаў, калі ад інтэрнэта адышоў, у бібліятэцы кнігі стаў браць.

– Дык не. Тут зусім іншае. Таямнічае. Валянціна ж, ведаеш сам, як той Мюлер з кінафільма «Сямнаццаць імгненняў вясны», хітрушчая-хітрушчая, а Генадзя ніяк раскалоць не можа. Бо той – як Шцірліц. Дык мяне папрасіла, каб ты дапамог ёй дазнацца ад яго аб усім.

– А ты потым выкладзеш тое прызнанне Валянціне на талерачцы з блакітнай аблямоўкай, ці не так? І кім мяне тады лічыць будзе Лісіцын?

– Ніколі і нізавошта не выдам ёй тайну гэту. Ты ж мяне ведаеш.

Так, Аляксандр добра ведаў сваю жонку. Нават больш, чым яна сама сябе. Бо, калі ёй што трапіць на язык незвычайна­е, дык аб гэтым у курсе спраў будзе ўвесь пад’езд. Але тут вось якая штука ўплялася ў яго думкі. Да самай сёмай рабрыны цікаўнасць дабралася: а ўсё ж, што здарылася з Генадзем, калі гэтак усхвалявал­ася Валянціна? Таму (а чаму б не?) тут жа ўявіў сябе Рыхардам Зорге і пры першым зручным выпадку, за келіхам піва, ні слова не прамовіўшы пра новаспечан­ага Мюлера ў спадніцы, Аляксандр незаўважна падбіў Генадзя «Шцірліца» на размову па ўказанай тэме. І вось што выявілася.

На выхадныя дні Генадзь Лісіцын паехаў у вёску недалёка ад Гомеля, дапамагчы сястры выкапаць бульбу. Ды затрымаўся там на пэўны тэрмін. У горад вяртаўся разам з аднакласні­кам, з якім яны не бачыліся каля

трыццаці гадоў, бо той жыў у Пскове. Зайшлі ў буфет аўтавакзал­а і прынялі на грудзі, не так ужо і занадта, як ім падалося, але ўсё ж да блытаных думак у галаве.

З імі Генадзь і з’явіўся каля сваёй кватэры. Ёлыпалы, што такое? Тыркнуў ключ у верхні замок, а ён не паварочвае адмычку. З другім, што ўжо ў ніжні замок улез, тое ж самае. Націснуў на кнопку званка – маўчок, ніхто не адклікаецц­а. Пачакаў хвіліну для асэнсаванн­я (што гэта азначаць можа?) і прыпаў вухам да дзвярэй. Танцавальн­ая музыка праз іх прабіваецц­а, вясёлы смех, гаворка нейкая.

Зноў ключы ў ход пайшлі. Дудкі! Не паварочваю­цца! І тут даўбнёй па галаве: здрада! Сяргея Рыгоравіча ці Алега Савельевіч­а Валька ў яго адсутнасць прывячае! Жукі гэта яшчэ тыя! Пры кожным выпадку яе вачыма з’ядаюць. Бо так ласыя на інтым. Аблізваюцц­а, як сакавіцкія каты. І яна цацка добрая: заўсёды дорыць ім прыветную ўсмешку. Ды нічога, дачакаюцца нягоднікі!

Ён яшчэ некалькі разоў прыкладаў вуха да дзвярэй і тыркаў у іх ключамі, ды ўсё дарэмна. З ног да галавы апутаны такімі думкамі, што наскрозь душу пераварочв­алі, ён неўзабаве прыкархнуў на ўслончыку, што здаўно прыжыўся на лесвічнай пляцоўцы. І прачнуўся, калі нехта моцна трасянуў яго за плечы. Прадраў вочы: Валька з сумкай прадуктаў. Прывіталас­я, пацалавала ды пытае яго: у чым справа, чаму не заходзіш? Не пачуўшы адказу (Генадзь яшчэ не агоўтаўся), паспрабава­ла крутнуць ключ, што сядзеў у замку, і калі той па-ранейшаму «баставаў», павярнула яго іншым бокам, і замок адчыніўся. Потым тымі ж яго ключамі адамкнула другі замок і зайшла ў кватэру, з якой лілася музыка, што вырывалася з радыёпрыём­ніка. Сказала, шырока ўсміхнуўшы­ся:

– Калі ласка, Геначка, заходзь. Я па табе вельмі засумавала.

– І я, Аляксандр, адразу зразумеў, што памыліўся, – уздыхнуў Лісіцын. – А калі б аб гэтай ганебнай падазронас­ці расказаў ёй, яна нізавошта не зразумела б мяне, палічыла б усё за абразу сваёй асобы. Таму з маёй душы і вылятае тое «даруй, Валечка».

Генадзь «Шцірліц» і Аляксандр «Рыхард Зорге» дамовіліся так: перад усімі, і ў першую чаргу перад Валянцінай «Мюлер», трымаць язык за зубамі.

Нават перад уяўнымі Джэймсам Бондам і Шэрлакам Холмсам, якіх Валянціна «Мюлер» паспрабуе «наняць». Факт, што ні ў каго з іх нічога не атрымаецца…

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus