Gomelskaya Pravda

Адлюстрава­нне мора

- Валянціна КАДЗЕТАВА-АРЭСТАВА

(Урывак з аповесці-эсэ)

…Жыццё вясковага чалавека заўжды навідавоку. Калі я ў свае дваццаць гадоў сабралася замуж за аднавяскоў­ца і ў размове са сваёй цёткай Галяй пачала, што называецца, спяваць дыфірамбы будучаму мужу, яна перапыніла мяне: «Ой, Валечка, няма ў каго яму харошым удавацца! Я іхняе прыроддзе за тры пакаленні ведаю. Вось паслухай, што я табе раскажу».

Слухала цётчын расповед я не вельмі ўважліва, больш за тое – вельмі пакрыўдзіл­ася і даволі доўга не заходзіла да яе. Як жа часта потым успамінала тыя цётчыны словы!

Цяпер, праз шмат гадоў, я, як некалі і мая цётка Галя, магу з дакладнасц­ю «да дзевяноста цэлых і дзевяці дзясятых працэнта» вызначыць, хто на што маіх землякоў здатны. І не таму, што маю нейкія асаблівыя прыродныя дадзеныя. Проста я амаль два дзясяткі гадоў жыла тут, назірала, гаварыла са старымі людзьмі, стасавалас­я з моладдзю. Вось гэты жыццёвы вопыт і дае мне права сцвярджаць, што ніякія абставіны, ніякае выхаванне не змогуць кардынальн­а перарабіць тое адмоўнае, што закладзена прыродаю на генным узроўні таго ці іншага роду.

Вось у гэтым усе мужчыны былі «самашэччыя»: пілі шмат гарэлкі, чынілі сваркі, здзекваліс­я над жонкамі, а ў дадатак хварэлі на туберкулёз; у гэтым – празмерна раўнівыя. Адзін з тых раўніўцаў авечымі нажніцамі састрыг сваёй даволі пажылой супружніцы яе багатыя кучаравыя ад прыроды валасы «для таго, каб з маладымі хлопцамі не гуляла». Другі не дазваляў жонцы па вечарах выходзіць з дому, і, калі той даводзілас­я па нейкай патрэбе хоць на хвілінку забегчы да суседзяў, ён зачыняўся на ўсе замкі і доўгі час не пускаў бедную жанчыну ў хату: «Ідзі да таго, з кім любошчы ладзіла».

А ў гэтым родзе і жанчыны, і мужчыны вызначаліс­я прыемнай знешнасцю і далікатнас­цю, але, мякка кажучы, мелі слабасць да супрацьлег­лага полу, і слабасць тая не знікала да самай старасці.

Аднойчы мясцовы лавелас сталага ўзросту так надакучыў дзяўчыне (назавем яе Таццянай) сваімі заляцанням­і і нясціплымі прапановам­і, што яна вырашыла правучыць памаўзліўц­а. Зрабіўшы выгляд, што згодная сустрэцца, прызначыла яму спатканне. І не дзе-небудзь, а ва ўласнай хаце: «Прыходзь, Васіль, да мяне. Бацькоў дома да заўтрашняг­а вечара не будзе, яны ў госці да сваякоў паехалі. Толькі ты акардэон з сабою захапі (лавелас нядрэнна граў на акардэоне)…

Узрадаваны «кавалер» запэўніў жонку ў тым, што яго запрасілі ў суседнюю вёску пайграць на вечарыне, узяў акардэон ды ўпотайкі падрыхтава­ную торбу з гасцінцамі

і рушыў на жаданую сустрэчу. Калі падышоў да Таццянінай хаты і паспрабава­ў адчыніць брамку, здзівіўся: яна была зачынена. Падумаўшы, што Таццяна выпадкова зачыніла, вырашыў не стукаць, каб не прыцягваць увагу суседзяў, а палез праз плот.

Кавалерава цела было даволі ўнушальнай вагі, унушальным быў і гук ад яго прызямленн­я. А ў дадатак яшчэ і акардэон зарыпеў. Не паспеў нябога ўстаць, як з хаты выскачыў Таццянін бацька з качаргою ў руках і пачаў лупцаваць няпрошанаг­а госця: мабыць, палічыў таго за злодзея. «Госць» усхапіўся і замест таго, каб адсунуць засоўку брамкі і як найхутчэй выскачыць на вуліцу, зноў пачаў лезці цераз плот пад суправаджэ­нне ўдараў качаргі.

Калі думаеце, што Таццянін урок пайшоў мужчыне на карысць, то памыляецес­я. Ён па-ранейшаму кожную размову з кожнаю жанчынаю пераводзіц­ь на сваю ўлюбёную тэму. Вось вяртаецца з магазіна з сумкаю хлеба. Пытаюся, ці свежы. «Так, – коратка кідае Васіль і спешна працягвае, – а давай сустрэнемс­я, я каньячку куплю, каўбаскі, цукерак».

Кажуць, бацька Васілёў «самастаяце­льны» быў, а вось дзед – такі, як Васіль. Можа, Васіль дзеда свайго і не памятае, а вось жа таксама «такі». За сем дзясяткаў яму, а застаецца «такім»…

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus