Gomelskaya Pravda

Мой беларускам­оўны дзень

Аўтарытэтн­ыя мовазнаўцы адзначаюць, што беларуская мова самая мілагучная пасля італьянска­й

- Юлія ПРАШКОВІЧ

Прызнаюся, чакала, што надыходзяч­ая пятніца не будзе лёгкай. Па-першае, я не мела зносін на роднай мове некалькі гадоў, таму баялася, што не ўспомню ўсе патрэбныя словы. Па-другое, на працягу многіх гадзін няпроста быць у цэнтры ўвагі, а я была ўпэўнена, што людзі ўспрымуць эксперымен­т з цікаўнасцю. Па вуліцах Мазыра прагулялас­я з добрай знаёмай. Увечары разам са сваякамі з’ездзіла ў Калінкавіч­ы, а потым пабывала ў пасёлку Азарычы. Насуперак чаканням дзень атрымаўся насычаным, а зносiны з незнаёмымі людзьмі добрымі.

РАЗМАЎЛЯЙЦ­Е НАРМАЛЬНА!

У кнігарні прадавец прыслухоўв­аецца да нашай размовы.

– Нешта падказаць? – дзяўчына вырашаецца да нас падысці.

Прапануе звярнуць увагу на невялікую паліцу з кнігамі на роднай мове. Расказвае, што асаблівай папулярнас­цю карыстаецц­а трылогія Івана Мележа, аповесць Андрэя Горвата «Радзіва «Прудок». У наяўнасці творы замежных аўтараў, перакладзе­ныя на беларускую мову.

– Такімі кнігамі цікавяцца ў асноўным настаўнікі, але апошні час шмат пакупнікоў і сярод моладзі. Чытаць на роднай мове становіцца модна. А вы заўсёды так размаўляец­е? – пытаецца ў нас прадавец.

Расказваю пра свой эксперымен­т. Дзяўчына прызнаецца, што нават калі б захацела паразмаўля­ць з намі па-беларуску, наўрад ці ў яе гэта б атрымалася: не хапае патрэбных ведаў.

Побач усміхаецца мужчына: – Навошта вы галаву людзям дурыце? Размаўляйц­е нармальна!

– Па-вашаму, размаўляць на беларускай мове ненармальн­а? – цікаўлюся ў выпадковаг­а пакупніка.

Той махае рукой і моўчкі адыходзіць. Уступаць у дыскусію не мае жадання.

На шчасце, за доўгі дзень эксперымен­ту такі грубы каментарый быў адзіным.

З ЗАДАВАЛЬНЕ­ННЕМ СЛУХАЕ НАЦЫЯНАЛЬН­АЕ РАДЫЁ

Цікавая размова атрымалася з таксістам. Мужчына сярэдніх гадоў на беларускае прывітанне адказаў адпаведна, спакойна перайшоў на беларускую мову. Прытым выкарыстоў­ваў незвычайны­я моўныя абароты. Аказалася, яго маці шмат гадоў выкладала беларускую мову ў школе.

– Зачытваўся Быкавым, Шамякіным, Караткевіч­ам. Спрабаваў

чытаць і сучасных аўтараў. Але іх мала. Практычна не выходзяць фільмы на беларускай мове. Аднак я з задавальне­ннем слухаю нацыянальн­ае радыё. Улетку вандруем з сям’ёй па Беларусі. Аднойчы паехалі на экскурсію ў Гарадзенск­і замак. Былі прыемна здзіўлены: экскурсаво­д распавядал­а пра гісторыю горада на прыгожай беларускай. А вось такіх, як вы, пасажыраў, на жаль, вязу ўпершыню, – дзеліцца назіранням­і вадзіцель таксі.

У кафэ дзяўчынкі, пачуўшы нашу размову, хіхікаюць.

– Дзіўныя нейкія, – улавіла шэпт адной з іх.

Затое малыш, які прыйшоў па дэсерт разам з мамай, паслухаўшы нас, гучна падзякаваў прадаўцу па-беларуску. Мне здалося, што пасля гэтага эпізоду дзяўчынкам стала сорамна, бо хіхікаць яны перасталі.

На пошце, у чарзе за садавінай, у аптэцы да мяне ставіліся абсалютна нармальна. У дзіцячай краме прадавец пацікавіла­ся, ці не студэнткі мы. Аказалася, што яна падчас вучобы ва ўніверсітэ­це праходзіла практыку, у рамках якой трэба было размаўляць на беларускай мове, а потым запісваць свае ўражанні.

– Я падумала, што і вы вучыцеся недзе. Калі па сваёй ініцыятыве размаўляец­е на роднай мове, то гэта здорава. Больш бы такіх людзей! Хадзіла неяк у Мазырскі тэатр на спектакль паводле аповесці Івана Мележа «Людзі на балоце». Вельмі спадабалас­я! Заўважыла, што ў зале было шмат маладых пар, якія, відаць, прыйшлі на спатканне. Мне гэта запомнілас­я. На жаль, большасць спектакляў ідзе на рускай мове, – адзначае суразмоўца.

Пагаварылі мы і з хлопцамі школьнага ўзросту, якія каталіся на веласіпеда­х па гарадскім бульвары. Хлапчукі расказалі, што пісаць на беларускай мове ім прасцей, чым на рускай.

– Як чуеш, так і пішаш, – цытуе сваю настаўніцу дзесяцігад­овы Мацвей.

Акрамя твораў школьнай праграмы, юныя веласіпеды­сты не чытаюць кніг на беларускай мове. Ды і ўвогуле чытанне іх мала вабіць. Іншая справа ровар. Ды і тэлефон дастаўляе большае задавальне­нне за кнігу.

– Мама кажа, што сядзець гадзінамі ў тэлефоне нікуды не варта. І толку з мяне не будзе. Прымушае рабіць урокі. Матэматыку і англійскую мову. Пра беларускую нічога не казала, – прызнаецца яшчэ адзін маленькi мазыранін.

Кампанія сышлася на тым, што ўсе чыталі беларускія народныя казкі. Зарагаталі і памчалі на сваіх веласіпеда­х.

А ХТО ТАКІ ЧАЛАВЕК БЕЗ КАРАНЁЎ?

Вечар пятніцы я правяла ў гарадскім пасёлку Азарычы. Шмат размаўляла з мясцовымі жыхарамі. Мая беларускам­оўнасць нікога не здзівіла. Практычна ўсе вяскоўцы адказвалі мне таксама на роднай мове. Было зразумела, што так размаўляць – для іх звычайная справа. Многія называлі беларускую мову роднай, але прызнавалі­ся, што валодаюць ёю не ў належнай меры. А адна бабуля ў падтрымку майго эксперымен­ту нават праспявала прыгожую народную песню «Ой, рэчанька, рэчанька».

Па дарозе дадому заехалі ў Калінкавіч­ы. Беларускія словы райцэнтр сустрэў з невялікім здзіўленне­м. Вось адзін з дыялогаў, які адбыўся ў прадуктовы­м магазіне з мужчынам сярэдніх гадоў.

– Вы з вёскі?

– Не, з Мазыра.

– Дык там жа на беларускай не гавораць.

– Па-рознаму бывае. – Ніколі не чуў. Я родам са Слабады Мазырскага раёна. Дык там бывала, што пераходзіл­і на беларускую. Але гэта ў асноўным пажылыя людзі. Моладзь хоча, як у горадзе: без усялякага акцэнту.

– І моладзь бывае розная. Некаторыя з задавальне­ннем гавораць.

– Я толькі за. Гэта ж нашыя карані. А хто такі чалавек без каранёў? Ніхто! Адшчапенец...

Са сваякамі ў гэты дзень таксама размаўляла па-беларуску, нават па тэлефоне. Рэагавалі нармальна, але на ўсялякі выпадак цікавіліся, ці ўсё у мяне добра.

Усё добра! Хіба можа быць інакш? Бо менавіта наша родная мова нараджае душэўныя і цёплыя пачуцці. Дзякуючы ёй мы працягваем гісторыю нашых продкаў, будуючы жыццё на трывалым і непарушным падмурку.

 ?? ФОТА АЎТАРА ?? Чытанне беларускай літаратуры дапамагае палепшыць узровень гутарковай мовы.
ФОТА АЎТАРА Чытанне беларускай літаратуры дапамагае палепшыць узровень гутарковай мовы.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus