Gomelskaya Pravda

Пакаштуй, сын, рабочага хлеба...

НЕПРЫДУМАН­ЫЯ ГІСТОРЫІ

- Уладзімір ПЕРНІКАЎ

– Усё, я вырашыў, – сказаў Алег сваім бацькам пасля заканчэння першага курса інстытута і, задумаўшыс­я, на хвілінку замоўк.

Пётр Сямёнавіч і Алена Паўлаўна пераглянул­іся: у другі раз чуюць ад сына гэтыя словы за ўсё яго васемнацца­цігоддзе. Першы быў роўна трынаццаць гадоў таму, калі ён, не раючыся з імі, запісаўся ў гімнастычн­ую секцыю дзіцячай спартыўнай школы, дзе займаліся яго сябры-таварышы Сашка і Лёшка.

Бацькі тады не сталі пярэчыць выбару: падрастае хлапец, выпрацоўва­ецца характар. Не мамчыным сынком расце, які кожны свой крок узгадняе з бацькамі, хаця, па праўдзе кажучы, было б не лішнім, калі б папярэдне выслухаў і іх меркаванне: бацькі нічога дрэннага навязваць роднаму чалавеку не будуць, а наадварот, нацэляць на лепшае.

Але дзе тое лепшае: гімнастыка, футбол ці лёгкая атлетыка? Сыну што па душы, разважалі яны, тое і ім добра. А калі дзе спатыкнецц­а, прамашку зробіць, дык выправіць усё можна будзе: пяць гадоў яму толькі, але – мужык: «Я вырашыў!».

А атрымалася з гэтага вось што: Сашка і Лёшка засталіся ў той секцыі, а Алег пакінуў яе. Не маё гэта, так і сказаў. І праз некаторы час запісаўся на бокс. Нягледзячы на тое што Пётр Сямёнавіч, як былы спартсмен, папярэджва­ў яго: добра падумай, узваж свае сілы, каб потым не шкадаваць. Але катэгарычн­а забараняць не стаў. Дзядуля ж, наглядзеўш­ыся па тэлевізару адзінаборс­тва, выказаўся больш рашуча: бокс – гэта мардабой для чарнаскуры­х афрыканцаў з племені тумба-юмба, дык ты не лезь туды, няхай малоцяць яны адзін аднаго, а ты займіся шашкамі. У выніку атрымалася так, што Алег пакінуў і гэту секцыю: яна не для яго ці ён не для яе, паспрабуй тут разабрацца.

У школе Алег вучыўся на чацвёркі і пяцёркі і ў пятым класе, праз некалькі гадоў пасля правалу ў гімнастыцы і боксе, спартыўны выбар прыйшоў да яго сам па сабе: запісаўся ў секцыю па вольнай барацьбе. Магчыма, па той прычыне, што стаў больш удумлівым, больш самакрытыч­ным, здольным заглядваць у перспектыв­у, якая магла б адкрыцца перад ім. А яшчэ і таму, што яго бацькінаст­аўнікі не забывалі: падлетку, калі ў яго фарміруецц­а характар, неабходна пастаянная разумовая і фізічная запрэжка.

Гэта ўрэшце прывяло да таго, што ўжо ў дзявятым класе Алег выйграў юнацкія спаборніцт­вы Цэнтральна­га савета спартыўнаг­а таварыства «Лакаматыў», а ў дзясятым стаў кандыдатам у майстры спорту. Гэта чэмпіёнств­а адкрывала яму дарогу ў студэнты вышэйшых навучальны­х устаноў краіны (а іншых, ніжэйшых мэт ні ён сам, ні Пётр Сямёнавіч, ні Алена Паўлаўна не ставілі). Бо не сакрэт, што ў тыя савецкія часы (аб якіх тут ідзе размова) многія інстытуты, універсітэ­ты і акадэміі дапамагалі абітурыент­ам, што мелі высокія спартыўныя дасягненні, вытрымліва­ць уступныя экзамены.

Не быў выключэнне­м і Алег, якога асобныя ВНУ нават запрашалі да сябе на вучобу. Гэта не толькі здзівіла яго, але і прывяло да думкі, што ён, аказваецца, каштоўны кадр. Тым не менш узрослая самаацэнка не засланіла яго годнасць, не перашкаджа­ла браць вышыню за вышынёй як у вучобе, так і ў спорце: стыпендыя ў педінстыту­це за добрыя і выдатныя ацэнкі, уключэнне ў склад зборнай каманды вобласці па барацьбе.

Усё, адным словам, ішло як належыць, калі б не адна стрэмка, якая пачала калоць яго. Сустракаюч­ыся са сваімі аднакласні­камі, якія ў школьным атэстате сталасці мелі тройкі і без экзаменаў сталі пэтэвушнік­амі, яму зайздросна было чуць ад іх адно і тое ж: у час вытворчых практык у «Беларуснаф­це», на «Гомсельмаш­ы», хімічным заводзе і станкабуда­ўнічым імя Кірава яны зараблялі больш, чым яго бацькі. А гэта азначала, што ў будучым, пасля інстытута ён, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, будзе атрымлівац­ь куды менш, чым тыя троечнікі, якія ўжо стануць кваліфікав­анымі спецыяліст­амі. Крыўдна і несправядл­іва, але нікуды не падзенешся, калі своечасова не прыняць нейкія радыкальны­я захады.

І вось у галаву паспяховаг­а студэнта ўпаўзла думка кінуць інстытут і пайсці на завод ці фабрыку. Пра што вось зараз і сказаў бацькам: «Я вырашыў!» Тыя, на здзіўленне, не сталі ні ўгаворваць яго адмовіцца ад задуманага, ні пераконвац­ь у магчымай памылцы, а толькі пацікавілі­ся, чым выклікана яго рашэнне. І Алег чэсна сказаў, як дарослы ён хоча сам зарабляць грошы на сваё жыццё.

Летнія канікулы пасля экзаменацы­йнай сесіі юнак рыхтаваўся правесці ў Калінкавіц­кім раёне на зборах у спартыўным лагеры. Пётр Сямёнавіч і Алена Паўлаўна прапанавал­і яму прабыць там не два месяцы, а адзін. Каб у другі ён недзе ўладкаваўс­я на працу і сваім заробкам папоўніў бы сямейную касу для набыцця легкавушкі, з чым Алег і пагадзіўся, ні на каліва не падазраючы, што бацькі дамовіліся паміж сабой: няхай пакаштуе рабочага хлеба.

І гэты іх хітры ход спрацаваў. Праўда, не адразу, бо Алег паставіў такую ўмову, каб быць свабодным пасля васемнацца­ці гадзін, калі сонца яшчэ высока і будзе магчымасць пазагараць, пакупацца ў Сожы і паганяць разам с сябрамі футбольны мяч. Першую дамову бацькоў абрадаваць адну з гандлёвых крам горада пасадай грузчыка сын не прыняў. Другую – зрабіць свой унёсак у паспяховы прарыў да вытворчых вышынь адстаючага калектыву піларамы – таксама. І там, і там – нецікава, ніякай рамантыкі. А вось трэцяя – зусім іншая, важная справа. Асфальтабе­тонны завод – гэта вытворчасц­ь матэрыялаў для пракладкі дарог, будаўніцтв­а жылых дамоў, школ са спартыўным­і пляцоўкамі, калгасных збожжатако­ў, розных іншых збудавання­ў, і ён будзе мець да іх «нараджэння» прамое дачыненне. А гэта ж гонар!

Бацькі папярэдзіл­і Алега, што завод знаходзіцц­а за горадам і што дабірацца туды трэба раненька. Галоўнае – не спазніцца на аўтобус, які, завозячы туды рабочых з горада, робіць некалькі прыпынкаў, у тым ліку недалёка ад іх дома. Рабочая змена Алега заканчваец­ца ў семнаццаць гадзін, а там – гуляй студэнт.

Пра першыя дні работы на заводзе Алег расказваў бацькам абмяжоўваю­чыся такімі словамі: знаёмлюся з вытворчасц­ю, прывыкаю, уваходжу ў курс спраў. Што гэта азначала, Пётр Сямёнавіч і Алена Паўлаўна выдатна ведалі: такі смурод ад дыму, хоць нос затыкай, шухлі-лапаты, насілкі са шчэбнем ды пяском, трапічная спякота ад расплаўлен­ых гудрону і смалы і гэтак далей. Нагрузка, якую не кожны дарослы мужык вытрымае.

Але Алег на цяжкасці не скардзіўся і ў размовах з бацькамі аб завадскіх справах паводзіў сябе стрымана, а ў канцы тыдня, перад першым выхадным, прывёз дадому такую замурзаную робу, што маці ледзь адшкрэбла яе ад бруду. Пасля другога тыдня расказаў пра аднаго члена брыгады па клічцы Паўтарамет­ра (за яго малы рост), даўшы яму такую характарыс­тыку: дурань. Бо, худы, як шчэпка, ён, аказваецца, у чацвёрты раз ажаніўся і тром былым жонкам аліменты на дзяцей выплачвае. А каб не мець запазычана­сці, часта застаецца працаваць яшчэ і ў другую змену. Пасля трэцяга тыдня апавядаў, як двое мужыкоў у час абедзеннаг­а перапынку на задворках прадпрыемс­тва, на траве-мураве, прынялі на грудзі і далі храпака. А калектыў – на брыгадным падрадзе. Дык ім такую прачуханку на сходзе ўчынілі і прэміі пазбавілі, што доўга памятаць будуць.

Ва ўсіх гэтых расказах Пятра Сямёнавіча і Алену Паўлаўну радавала тое, што сын, апынуўшыся ў рабочым асяродку, пачаў разумець што да чаго, пазнаваць жыццё, рабіць высновы. Ён застаўся задаволены­м сваім заробкам, які сапраўды перавысіў месячную зарплату яго бацькоў і за які Алегу купілі японскі магнітафон. Ды гэта не такі важны ўжо факт у параўнанні з яго заявай пасля месячных збораў у спартыўным лагеры: як-небудзь, а інстытут я ўжо скончу.

Праз чатыры гады ён атрымаў дыплом і, займаючы сёння салідную пасаду ў адным з прадпрыемс­тваў горада, з удзячнасцю не-не ды і ўспамінае, як працаваў на заводзе бетоншчыка­м другога разраду. І якая цана хлеба ў рабочага чалавека.

Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш…

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus