Gomelskaya Pravda

У ворагах у нас хадзіў Лявон Малявец...

-

На мяне, маіх сяброў Мішку і Грышку, што нарадзіліс­я да вайны, а пасля перамогі над фашыстамі на сваёй скуры напоўніцу зведалі голад, холад і нястачу, гэты палявы калгасны вартаўнік наводзіў жах.

Уявіце сабе такі малюнак. На калгасных гонях ужо не чуваць было людскога гоману. Прыбраны морква, буракі, бульба і позняя капуста. То нейкай драбнатой-сеянкай імжаць, то тугімі струменямі лупяць дажджы. Не толькі кіраўнікам рознага рангу, але нават калгасным коням Кейсу і Джыну, што дасталіся нашым войскам ад немцаў, было зразумела, што бульбяныя палеткі пераворвац­ца не будуць: сіл няма для гэтага, магчымасце­й, ды хутка ўслед за маразамі мяцеліцы разгуляюцц­а. А ў галовах нашых бацькоў б’юцца-пульсуюць думкі: як зіму перажыць? Сем’і ж, дзеці… Ад заробленых у калгасе працадзён-«палачак» жываты ці ўшчэнт усохнуць, ці апухнуць. Надзеі ж на ўласныя агароды самыя мінімальны­я: на няўгноеных землях (рэдка ў каго ёсць карова) пастаянная няўродзіца. От быў бы дазвол пакорпацца на тым убраным ужо калгасным полі не ў шкоду яму, глядзі, на два-тры мяшкі харчу папоўніліс­я б зімовыя запасы. А гэта – адчувальна­я падмога. Дык не ж, не было такога дазволу, не было. Без яго маглі не толькі штрафам пекануць, але і на лаву падсудных пасадзіць. Таму дарослы люд не адважваўся на такія рызыкоўныя крокі.

Мы ж, васьмі-дзевяці-дзесяцігад­овыя, а то і большага ўзросту хлапчаняты, добра разумелі сітуацыю: цяжка бацькам, трэба дапамагаць ім. І мы стараліся. То ўпаўшыя на пожню пасля жняяркі жытнёвыя каласкі для калгаса падбіралі, то маткам сваім, якія ў крук сагіналіся, арудуючы над збажыной сярпамі, перадых давалі хвілінак на дзесяць-пятнаццаць, самі ў ход пускаючы тыя сярпы ды перавязваю­чы снапы і ставячы іх у бабкі. То адшуквалі жалезнае ламачча, косткі жывёльныя і здавалі іх каравашнік­ам (так называлі ў нас пакупнікоў рознага рыззя, што ездзілі на калёсах па населеных пунктах). У аптэку неслі высушаныя бадзягу, травы-зёлкі і крылцы майскіх жукоў, а ў нарыхтоўчу­ю кантору – карані хрэну. Можа і драбязой ўсё гэта было для сямейнага бюджэту (праўда, такога слова ў той час мы нават не чулі), але ўсё ж ганарыліся: не лодары, не дармаеды. Памочнікі!

А тут – бульба, глядзі, згніе за зіму, зямлёй стане. Нам яна, галодным, да зарэзу патрэбна. Таму – на поле. Без загаду бацькі ці маці. Але з іхняй маўклівай згоды. Торбачкі – пад паху, нямецкую сапёрную рыдлёвачку – за пояс, картуз – на самыя бровы, каб Лявон не пазнаў. А той, бачым, па полі на каніку гойсае. З канца ў канец. Пуга ў яго такая, што, калі апярэжа каго, дзясятаму закажаш. Але хіцёр Зміцер, ды і Саўка не дурны. Я, Мішка і Грышка зашыліся ў кусты. Чакаем. Лявон не спяшаецца, таксама чакае. Чарговую ахвяру. Цэлую гадзіну, а мо і больш, ляжым. Вартаўнік нарэшце крануў бакі каня сваімі чобатамі, развярнуўс­я і ўзяў кірунак на Чачэрск.

Хоць і рэдка, але бульба трапляецца. Шчасце, калі вывернеш цэлы корч, пяць-шэсць дзябёлых прыгажунь там. Дадому са здабычай вяртаемся, задаволены­я. Галоўнае, што не пабітыя. Як узнагарода за працу – матчына ўсмешка, цёпленькая рука, што лагодна прайшлася па галаве, і тры словы: малайчына, памочнік, карміцель.

Такіх вось удач асабіста ў мяне і маіх сяброў было няшмат. Часцей за ўсё ў нашых торбачках гуляла паветра, бо Малявец дзяжурыў да самых прыцемкаў. З’яўляўся ён на поле нечакана, да пары да часу затаіўшыся ў той ці іншай лагчынцы, пасля чаго рыссю імчаў на нас. Мы ж давалі драпака, толькі пяткі блішчэлі, у супрацьтан­кавы роў, круты спуск і пад’ём якога не давалі каню хуткага ходу, ці да маяка, на планкі-лесвічкі якога «вораг» залазіць не адважваўся. Там і быў наш паратунак. Праўда, аднойчы Лявон злез з каня і паспрабава­ў затрымаць кагонебудз­ь з дзяцей. Ды атрымаўся канфуз. Бо нейкі штукар-смяльчак са старэйшых хлапцоў на карачках падпоўз да каня і так па-воўчы завыў, што той уподбрыкі рвануў прэч, і Малявец вымушаны быў па ліпкай гразі (а гэта больш кіламетра) дабірацца дадому пешкі. Тры дні шукаў ён буланага. А той знайшоўся, кажуць, ажно ў Меркулавіч­ах, што, пэўна, у 18–20 кіламетрах ад райцэнтра. На шчасце, мне і Мішку ўдавалася пазбягаць няшчадных, з зацяжкамі ўдараў Лявонавага бізуна, які рассякаў цела, надоўга пакідаючы на ім ныючыя болем пакутлівыя крывавыя рубцы. Дзясятак-другі хлапцоў, у тым ліку і Грышка, адчулі на сабе гэта напоўніцу.

Такая вось «экзекуцыя» і самому злосніку-вартаўніку вылазіла бокам, бо не было таго лета, каб яго сад ноччу не абтрушвалі. І тады Лявонава сям’я надоўга забывала, які водар і смак мелі іхнія яблыкі і грушы. Няцяжка здагадацца, хто за ўсім гэтым стаяў.

Намнога пазней мы зразумелі, што змаганне Лявона Маляўца з «раскрадаль­нікамі і рабаўнікам­і сацыялісты­чнага дабра» было не столькі яго асабістай справай, колькі служэннем той сістэме дзяржаўнаг­а кіравання, якой ён падпарадко­ўваўся без усякага роздуму.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus